Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта Лукашэнку баяцца беларускага сэпаратызму?


Крэмль усур’ёз занепакоіўся ідэяй стварэньня «сыбірскай рэспублікі» і старанна вынішчае са СМІ ўсе згадкі пра падрыхтоўку так званага «Маршу за фэдэралізацыю Сыбіры». Між тым у Беларусі на схіле савецкага часу былі і свае сэпаратысты. Ці варта іх баяцца Аляксандру Лукашэнку?

17 жніўня ў Новасыбірску пройдзе «Марш за фэдэралізацыю Сыбіры». Яго галоўны лёзунг: «Хопіць карміць Маскву!». Арганізатары заклікаюць да стварэньня аўтаномнай Сыбірскай рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі.

Генэральная пракуратура Расеі перасьледуе распаўсюд інфармацыі пра правядзеньне маршу і стварэньне аўтаноміі. Выданьням, якія разьмясьцілі інфармацыю пра марш і «Сыбірскую рэспубліку», вынесеныя папярэджаньні.

На сёньня Беларусь да канца ня выканала сваю задачу па распаўсюду ідэяў рускага патрыятызму на тэрыторыі Расеі
Мікола Шаляговіч

Генэральная пракуратура РФ сьцьвярджае, што інфармацыя, разьмешчаная ў выданьнях, утрымлівае «заклікі да масавых беспарадкаў, ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэньнем вызначанага парадку».

На пачатку 90-х у Беларусі таксама існаваў сэпаратысцкі рух. Узначальваў яго лінгвіст Мікола Шаляговіч, які заклікаў да адасабленьня палешукоў на тэрыторыі часткі Берасьцейскай вобласьці, Валыні і Паўднёвага Падляшша. Народ меўся звацца «яцьвягамі». У 1988 годзе ўтварылася Грамадзка-культурнае згуртаваньне «Полісьсе», якое мела за мэту аўтаномнае нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Арганізацыя выдавала газэту «Збудінне».

Мікола Шаляговіч цяпер жыве ў Калінінградзе, дзе ўзначальвае Калінінградзкае рэгіянальнае грамадзкае аб’яднаньне «Етвызь». Яно аб’ядноўвае людзей, зьвязаных з Калінінградзкай вобласьцю і Заходнім Палесьсем.

У адным з інтэрвію на сайце newsbalt.ru Мікола Шаляговіч сказаў, што Беларусь мусіць увайсьці ў склад Расеі.

«На сёньня Беларусь да канца ня выканала сваю задачу па распаўсюду ідэяў рускага патрыятызму на тэрыторыі Расеі. Калі і расейцы, і беларусы павераць, што Расея — гэта руская краіна, а ня філія Заходняй Эўропы і ЗША, тады беларускія вобласьці ўвойдуць у склад Расейскай Фэдэрацыі. Напрыклад, як новая фэдэральная акруга».

Лідэр Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, на пачатку 90-х гадоў выступаў катэгарычна супраць ідэі Міколы Шаляговіча.

Так званы «яцьвяскі сэпаратызм», паводле Алега Трусава, быў задумай КДБ СССР.

«Калі развальваўся СССР, КДБ папулярызаваў ідэю стварэньня Польскай савецкай рэспублікі з цэнтрам у Вільні і Яцьвяскай рэспублікі з цэнтрам у Пінску. Гэта былі зьнешнія ініцыятывы, якія згасьлі адразу пасьля распаду СССР. А мэтай было раздуваньне нацыянальных канфліктаў, каб адцягнуць увагу людзей ад „партыйнага золата“, ад разьдзелу мільярдаў рублёў паміж будучымі алігархамі», — кажа гісторык.

Алег Трусаў лічыць, што на Беларусі ня могуць нарадзіцца сэпаратысцкія рухі — няма згуртаваных пасяленьняў этнічных меншасьцяў.

«Беларусь знаходзіцца ўнутры вялікага беларускага этнасу. Этнаграфічныя межы Беларусі, вызначаныя перапісам 1891 году, значна большыя, чым тэрыторыя сучаснай Беларусі. У гэтыя межы тады ўваходзіў Смаленск, Дзьвінск, Вільня, Бранск і іншыя гарады. Невыпадкова, што жыхары Смаленшчыны, Браншчыны і паўднёвай Пскоўшчыны пэрыядычна просяцца ў Беларусь. Асабліва цяпер, калі пачаліся ўкраінскія падзеі. Цэлы раён Смаленшчыны афіцыйна прасіўся ў Беларусь, Пуціну нават давялося прыняць закон, паводле якога тых, хто будзе прасіцца, арыштуюць і пакараюць. У нас жа ўнутраных сэпаратысцкіх рухаў ня можа быць. Мы монадзяржава, і, паводле апошняга перапісу, у нас больш за 80 працэнтаў насельніцтва — беларусы. Іншыя нацыянальнасьці раўнамерна раскіданыя і нідзе не канцэнтруюцца», — дадаў Алег Трусаў.

Жыхары Смаленшчыны, Браншчыны і паўднёвай Пскоўшчыны пэрыядычна просяцца ў Беларусь. Асабліва цяпер, калі пачаліся ўкраінскія падзеі
Алег Трусаў

На пачатку красавіка на сайце change.org зьявілася пэтыцыя за правядзеньне рэфэрэндуму за вяртаньне Смаленску ў Беларусь. Пэтыцыя сабрала 3180 электронных подпісаў.

Яе ініцыятар, мянчук Алесь «Лайдак», тады заявіў Радыё Свабода, што і не разьлічвае на тое, што рэфэрэндум сапраўды адбудзецца, аднак сам факт збору подпісаў павінен быць паказальны для расейскага кіраўніцтва.

«Канешне, рэальна рэфэрэндум ніякі правесьці не атрымаецца, але сам па сабе факт збору подпісаў і тое, што падпісалася даволі шмат расейскіх грамадзянаў, паказальны».

Нягледзячы на тое, што сярод падпісантаў толькі кожны пяты быў расейцам, Алесь атрымліваў асабістыя папярэджаньні пра візыт ФСБ, а таксама паведамленьні ад смаленчукоў, якія не падпісалі пэтыцыю толькі таму, што баяліся перасьледу з боку расейскіх праваахоўных органаў.

Дасьледчык Смаленшчыны Пётра Раманенка кажа, што ідэя смаленскага сэпаратызму адпачатку ня мела шанцаў на посьпех — беларускай нацыянальнай сьвядомасьці на гэтай тэрыторыі няма:

«Сур’ёзна ставіцца ня трэба да такіх ініцыятываў. Гэта адназначна носіць характар тролінгу супраць дзеяньняў Расеі датычна Ўкраіны. А сэпаратысцкіх настрояў на Смаленшчыне няма і быць ня можа. Горад Смаленск населены этнічнымі расейцамі, а вобласьць маланаселеная. Беларускай нацыянальнай сьвядомасьці на Смаленшчыне ніколі і не было, нягледзячы на гістарычныя і эканамічныя сувязі зь Беларусьсю. Нават жыхары памежных тэрыторый лічаць сябе расейцамі. Таму зразумела, што шырокага водгуку ў такой ініцыятывы сярод мясцовага насельніцтва быць ня можа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG