Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках «блакітнага» эшалёна


Двое апошніх сутак у байнэте цыркулюе інфармацыя пра расейскі ваенны эшалён з самаходнымі мінамётнымі ўстаноўкамі, які нібыта спыніўся на грузавой станцыі «Гомель-Паўночны».

Зьвестку пра расейскі ваенны эшалён з 65 плятформаў, на якіх стаяць мінамётныя ўстаноўкі, падаў 3 жніўня прэсавы сакратар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Андрэй Лысенка.

Учора ўвечары журналісты шукалі цягнік на станцыі «Гомель-Паўночны», але не знайшлі. Пошукі працягваліся й сёньня. На згаданай станцыі стаяў толькі грузавы эшалён з цыстэрнамі.

Ня выяўлена вайсковай тэхнікі й на іншых паўночных шляхах абласнога цэнтру. Нерэалізаваных камбайнаў «Гомсельмаш» — багата, а мінамётных установак, тым больш пазначаных блакітнай міратворчай сымболікай, ня бачна.

Нерэалізаваных камбайнаў «Гомсельмаш» — багата, а мінамётных установак, тым больш пазначаных блакітнай міратворчай сымболікай, ня бачна

Прадстаўнік станцыі «Гомель-Паўночны» гэтак адказвае на пытаньне пра расейскі ваенны эшалён:

«Да нас нічога не прыбывала — ніякіх міратворчых цягнікоў. І чаго гэта з Расеі прыйшоў эшалён? Ні ўчора, ні сёньня — нічога такога не было. Гэта хтосьці пусьціў такую «кулю». Словам, «качку».

Цягнік з вайсковай тэхнікай, аднак, сапраўды быў заўважаны ў Гомелі 1 жніўня, але не на паўночнай станцыі, а ў Навабеліцы, на чыгуначных шляхах ад пешаходнага моста да тлушчавага камбінату. Здымкі яго й фігуруюць у інтэрнэце. Хутчэй за ўсё, адсюль было зьнята й караценькае відэа, якое таксама абляцела шмат якія сайты.

Жыхар Навабеліцы, які назваўся Валерам, жыве побач са станцыяй «Навабеліца». Кажа, што бачыў вайсковы эшалён на свае вочы:

«Машыны якіясьці вайсковыя стаялі. Здаецца, у пятніцу. Але ўжо прыбралі, ня бачна іх. Нейкае абсталяваньне ў кузаве стаяла. Зь дзесятак машын стаялі на плятформах. Плятформы з машынамі стаялі. Ня ведаю, з чым яны былі — трубкі нейкія стаялі. Можа, гэта тыя мінамёты. Ніхто ж асабліва не прыглядаецца — стаяць і стаяць».

Яшчэ адзін відавочца выклаў у інтэрнэце з фатаграфіяй такую інфармацыю: «Штук 15 ГАЗ-66 зь мінамётамі і штук 10 Птшак».

Плятформы з машынамі стаялі. Ня ведаю, з чым яны былі — трубкі нейкія стаялі. Можа, гэта тыя мінамёты. Ніхто ж асабліва не прыглядаецца — стаяць і стаяць

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін так пракамэнтаваў Свабодзе фатаздымкі эшалёнаў ваеннай тэхнікі ў Гомелі:

«Эшалён мінамётаў пад Гомелем — гэта зброя пазаўчорашняга дня... А тэрыторыя Беларусі ва ўмовах украінскіх падзеяў знаходзіцца пад няспынным кантролем амэрыканскіх выведных спадарожнікаў. Калі б было жаданьне нейкі падкоп падрыхтаваць супраць Украіны ці падрыхтаваць вайсковую групоўку, мяркую, што тэхніка транспартавалася б схавана, у начны час».

Экспэрт лічыць, што сфатаграфаваны эшалён наўрад ці мае антыўкраінскі характар і наўрад ці прызначаны для падрыхтоўкі нейкай апэрацыі. Тэхніка, на яго думку, можа быць прызначана для ўтылізацыі альбо для продажу нейкай дзяржаве. Патэнцыйным атрымальнікам можа стаць і Ірак, які вядзе перамовы і з Расеяй, і зь Беларусьсю пра закупы ўзбраеньняў. Апроч таго, гэта можа быць Сырыя. Ці Азэрбайджан, Армэнія й іншыя раёны, дзе можа быць прымененая састарэлая савецкая зброя з-за нізкай кваліфікацыі пэрсаналу.

Вядома, можна лічыць асьцярогі Ўкраіны ў дадзеным канкрэтным выпадку беспадстаўнымі. Але гэта толькі на першы погляд, бо ўжо нават у Чарнігаўскай вобласьці, у Ноўгагарад-Северскім раёне, украінскі бок мае даволі небясьпечныя інцыдэнты на мяжы з Расеяй.

Вось што, прынамсі, апавяла карэспандэнту «Свабоды» жыхарка Чарнігава Надзея:

«А што рабіць, калі ў Ноўгарад-Северскім раёне — там, дзе стаіць расейскі пост, — там жа была цішыня, а цяпер страляюць. Людзі на гародах працуюць, а яны страляюць. Проста страляюць. Людзі баяцца. Ужо ёсьць двое параненых — дзьве жанчыны. Проста на гародзе».

Апрача таго, Расея зноў распачынае шырокамаштабныя вайсковыя вучэньні пры ўкраінскай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG