Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Вайсковая тэхніка пад Гомелем не скіраваная супраць Украіны


«Эшалён мінамётаў пад Гомелем — гэта зброя пазаўчорашняга дня... А тэрыторыя Беларусі ва ўмовах украінскіх падзеяў знаходзіцца пад няспынным кантролем амэрыканскіх выведных спадарожнікаў. Калі б было жаданьне нейкі падкоп падрыхтаваць супраць Украіны ці падрыхтаваць вайсковую групоўку, мяркую, што тэхніка транспартавалася б схавана, у начны час», — вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін камэнтуе фатаздымкі эшалёнаў вайсковай тэхнікі пад Гомелем.

Раней сьпікер Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру РНБА Андрэй Лысенка заявіў: «У Рэспубліку Беларусь, горад Гомель, на чыгуначную станцыю „Паўночны“ ўчора прыбыў расейскі ваенны эшалён у складзе 65 плятформаў з самаходнымі мінамётнымі ўстаноўкамі».

Аляксандар Алесін лічыць, што асьцярогі ўкраінскага боку наконт гэтай канкрэтнай тэхнікі — беспадстаўныя.

Аляксандар Алесін: «Малаверагодна, каб гэтая тэхніка была прызначаная для арганізацыі наступальных апэрацыяў супраць Украіны. Гэта вельмі старыя мінамёты. Я б нават сказаў, што гэта мадыфікацыя мінамёта, які быў распрацаваны падчас Другой сусьветнай вайны. У асноўным яны знаходзяцца на базах захоўваньня. 120-мілімэтровыя мінамёты не самаходныя, іх буксіруе ГАЗ-66, цягач, які таксама ёсьць на фатаздымку. Гэта зброя пазаўчорашняга дня. Яе цяжка лічыць сур’ёзным узбраеньнем.

Апроч таго, зьвярніце ўвагу на сам спосаб транспартаваньня. Зразумела, што тэрыторыя Беларусі ва ўмовах украінскіх падзеяў знаходзіцца пад няспынным кантролем выведных спадарожнікаў, асабліва чыгуначныя станцыі, якія прымыкаюць да таго рэгіёну.

Адпаведныя здымкі ёсьць у распараджэньні і выведкі ЗША і НАТО. Калі б было жаданьне нейкі падкоп падрыхтаваць супраць Украіны ці падрыхтаваць вайсковую групоўку, мяркую, што тэхніка транспартавалася б схавана, у начны час. Пагрузка-выгрузка была б у начны час. Тэхніка была б замаскаваная, нават проста на чыгуначных плятформах — скрынямі, карабамі, брызэнтам.

Відавочна, пры транспартаваньні, якое мы бачым на здымках, не апасаліся, што тэхніка будзе заўважаная. Думаю, што наўрад ці гэтае транспартаваньне мае антыўкраінскі характар і прызначанае для падрыхтоўкі нейкай апэрацыі.

Калі меркаваць, для чаго тэхніка прызначаная, то мэта можа быць разнастайная: ад утылізацыі да продажу нейкай дзяржаве. Калі ўзяць зараз мапу збройных канфліктаў, то патэнцыйным атрымальнікам можа стаць і Ірак, які вядзе перамовы і з Расеяй, і зь Беларусьсю пра атрыманьне ўзбраеньняў. Апроч таго, гэта можа быць Сырыя. Ці Азэрбайджан, Армэнія і іншыя раёны, дзе можа быць прымененая састарэлая савецкая зброя. Там нізкая кваліфікацыя пэрсаналу, паўпартызанскія фармаваньні, і такая простая зброя ім была б у самы раз.

Думаю, што выказаныя Ўкраінай асьцярогі абсалютна беспадстаўныя».

Фатаздымкі з эшалёнамі вайсковай тэхнікі пад Гомелем зьявіліся ў інтэрнэце 2 жніўня.

Міністэрства абароны РБ пакуль не дае камэнтароў, спасылаючыся на тое, што супрацоўнікаў прэс-службы няма на працоўным месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG