Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык калі адзначаць Дзень Незалежнасьці?


«Я не лічу 27 ліпеня 1990 году Днём Незалежнасьці», — піша Сяргей Навумчык

Тэкст быў упершыню надрукаваны на сайце Свабоды ў 2013 годзе.

Я не лічу 27 ліпеня 1990 году Днём Незалежнасьці.

Хаця ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце ёсьць колькі маіх словаў, хаця я некалькі разоў выступаў пры яе прыняцьці і ўносіў папраўкі, таксама быў адным зь некалькіх дэпутатаў БНФ, якія засталіся ў залі і галасавалі за гэтую Дэклярацыю – словам, маю поўнае права, нароўні зь іншымі дэпутатамі, лічыць сябе суаўтарам Дэклярацыі. І тым ня менш – Днём Незалежнасьці дзень яе прыняцьця я не лічу.

Камуністы, якія ў ВС-12 складалі большасьць, яшчэ ў чэрвені 1990-га адкінулі падрыхтаваны намі тэкст Дэклярацыі. Але ў ліпені 1990-га пра сувэрэнітэт заявіў Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, і Гарбачоў, каб зьменшыць значнасьць гэтай заявы і вагу свайго галоўнага апанэнта, даў каманду кіраўнікам рэспублік зрабіць тое самае – з абавязковай канстатацыяй існаваньня СССР і падпісаньня новай “саюзнай дамовы”.

І старшыня ВС Мікалай Дземянцей кінуўся гэтае заданьне выконваць.

Гэта быў шанец.

І хаця наш тэкст быў прэпарыраваны да таго, што яго нельга было пазнаць – але пры абмеркаваньні на сэсіі нам усё ж удалося адстаяць некаторыя палажэньні. Але камуністы касьцьмі клаліся, каб захаваць апошні разьдзел – пра СССР, які цалкам дэвальваваў сэнс Дэклярацыі.

І ўсё ж цягам абмеркаваньня, па меры таго, як Дэклярацыя, у выніку нашых паправак, насычалася зьместам, многія камуністы пачыналі “адумвацца”. І ўжо гучалі галасы – а ці трэба нам гэтая Дэклярацыя? Тады, як вядома. Пазьняк прапанаваў скарыстаць прыём з выхадам з залі – ведаючы, што камуністы заўсёды зробяць насуперак “фронтаўцам”. Так і атрымалася. Днямі Станіслаў Шушкевіч назваў гэта “жартам”. Ды не, Станіслаў Станіслававіч: я быў у ліку трох (ці чатырох, дакладна ня памятаю) дэпутатаў БНФ, якіх пакінулі ў розных сэктарах, з пэўнымі мэтамі. І бачыў і Вашую, і Дземянцея, і таварышаў камуністаў разгубленасьць – вам усім было не да жартаў.

Дэклярацыя была прынятая. І ў той самы дзень, 27 ліпеня, было абвешчана пра стварэньне Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце (да гэтага існавала “група дэпутатаў БНФ”).

У Дэклярацыі прысутнічаў разьдзел пра СССР і нічога не гаварылася пра яе канстытуцыйны статус – гэта значыць, як і раней, Канстытуцыя і законы СССР былі над Канстытуцый і законамі БССР. І ўсе наступныя месяцы мы, Апазыцыя БНФ, патрабавалі надаць Дэклярацыі канстытуцыйнасьць – г.зн, абвясьціць Незалежнасьць.

Празь некалькі дзён на просьбу штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” я гутарыў пра Дэклярацыю з Васілём Быкавым. Я заўважыў, што народ неяк спакойна паставіўся да прыняцьця гэтага дакумэнту (і сапраўды – людзей на плошчы не было. Тыя фота- і кіназдымкі натоўпу пад нацыянальнымі сьцягамі, як і дэпутатаў ў Авальнай залі, якімі часам ілюструюць прысьвечаныя прыняцьцю Дэклярацыі тэлеперадачы і артыкулы – гэта ўсё жнівень 91-га).

Быкаў сказаў, што гэты дакумэнт наўрад ці мог каго ўзрушыць - “Дзеля таго, каб дакумэнты такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай сьвядомасьці, выразная дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А якая тут воля, калі ў гэтай залі Вярхоўнага Савету, які прымаў Дэклярацыю, выразна панаваў хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці”.

Тады ж камуністычная парлямэнцкая большасьць адкінула нашую прапанову абвясьціць Днём Незалежнасьці 25 сакавіка і прыняла дату 27 ліпеня – маўляў, хопіць з вас і такой “незалежнасьці”, у складзе СССР, і – кропка.

Аднак кропку камуністам паставіць не ўдалося – праз год народ вырашыў інакш.

На скліканай пасьля правалу праімпэрскага путчу на патрабаваньне дэпутатаў БНФ надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету, пад ціскам дзясяткаў тысяч людзей, што па нашым закліку сабраліся на плошчы перад Домам ураду – камуністычная большасьць была вымушаная спыніць дзейнасьць уласнай жа партыі (!) і прыняць шэраг дакумэнтаў, якія абвяшчалі незалежнасьць Беларусі (звычайна прыгадваюць пастанову аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону – але былі і іншыя дакумэнты).

Якраз з гэтага моманту Беларусь дэ-юрэ зрабілася незалежнай дзяржавай.

Але дзень 25 жніўня так і ня быў замацаваны ў якасьці дзяржаўнага сьвята. У той час як ва Ўкраіне Дзень незалежнасьці быў перанесены з 16 чэрвеня – дня прыняцьця Дэклярацыі ў 1990 годзе – на 24 жніўня – дату абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991-м. І гэта было цалкам слушна.

Тое самае павінен быў бы зрабіць і Вярхоўны Савет Беларусі. Але ўкраінскія камуністы адрозьніваліся ад беларускіх непараўнальна большым узроўнем нацыянальнай сьвядомасьці. Да таго ж, нашыя камуністы пачалі адыходзіць ад пасьляпутчаўскага шоку (нам яшчэ ўдалося ў верасьні 91-га надаць статус дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня”, але праводзіць такога кшталту рашэньні было ўсё цяжэй).

Дзень 27 ліпеня заставаўся дзяржаўным сьвятам, і БНФ выкарыстоўваў гэтую магчымасьць, каб яшчэ раз нагадаць грамадзтву пра каштоўнасьць дзяржаўнай незалежнасьці.

І усё ж, менавіта дзень 25 жніўня 1991 году – гэта сапраўдны дзень народнай перамогі, надзвычайнага народнага ўздыму, дзень паразы імпэрскіх сілаў, дзень рэальнага ажыцьцяўленьня мары пакаленьняў беларусаў. Гэта быў апагей нацыянальнага Адраджэньня.

Менавіта таму рабілася ўсё (і робіцца цяпер), каб сьцерці гэты дзень народнай перамогі з памяці. Стэрэатып замацоўваюць некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, калі пытаюцца ў наведнікаў пра “галоўны” для іх “Дзень незалежнасьці”, прапаноўваючы і 27 ліпеня, і нават 3 ліпеня – але не называюць 25 жніўня.

Між тым на сайце Радыё Свабода ў дні, калі грамадзкасьць адзначала 20-годзьдзе беларускай незалежнасьці, у жніўні 2011-га, найбольшая колькасьць апытаных менавіта 25 жніўня 1991 году назвала днём, калі Беларусь стала незалежнай (далей ідзе 25 сакавіка 1918 г., затым – 27 ліпеня 1990 г.).

Тут, аднак, варта сказаць, што дзень 25 сакавіка 1918 году сымбалічны і важны незалежна ад практычнага выніку намаганьняў ініцыятараў стварэньня БНР – бо ўпершыню было абвешчана пра існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы ў яе этнічных межах. І гэты дзень, верыцца, у дэмакратычнай Беларусі будзе адзначацца як дзяржаўнае сьвята – магчыма, з традыцыйна замацаванай за ім назвай “Дзень Волі”.

Дзень 27 ліпеня 1990 году, канешне, застанецца ў беларускай гісторыі як важкі крок на шляху да незалежнасьці.

Але ў лёсе сучаснай Беларусі, якая (нягледзячы ні на што) замацавалася як незалежная дзяржава – бясспрэчна, найбольш важны і вызначальны дзень 25 жніўня 1991.

25 жніўня, перакананы, і будзе дзяржаўным Днём Незалежнасьці ў дэмакратычнай Беларусі.

XS
SM
MD
LG