Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар „Барысаўдрэва“ ня браў пад казырок, вось зь ім і паквіталіся, — Анатоль Букас


Будынак «Барысаўдрэва»
Будынак «Барысаўдрэва»

Справу былога дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава перадалі ў пракуратуру. Між тым былыя працаўнікі прадпрыемства сумняваюцца ў ягонай віне.

Справу былога дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава перадалі ў пракуратуру, адкуль яна можа пайсьці ў суд. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч:

«Так, па заканчэньні папярэдняга расьсьледаваньня мы перадаём справу ў наглядны орган, у пракуратуру, адкуль яна перадаецца ў суд. Гэта ўжо зроблена».

Уладзімер Мальцаў, паводле сьледзтва, абвінавачваецца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, што нібыта нанесла прадпрыемству страты ў 18 мільярдаў рублёў. Сьледчы камітэт таксама заяўляе, што былы гендырэктар «нанёс істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам», паколькі былі сарваныя тэрміны мадэрнізацыі прадпрыемства.

Аляксандар Лукашэнка загадаў звольніць Уладзімера Мальцава з пасады гендырэктара «Барысаўдрэва» яшчэ на пачатку лістапада 2013 году, калі наведаў «Барысаўдрэў» і быў абураны тым, як марудна ідзе мадэрнізацыя прадпрыемства, якое ён трымаў на кантролі. Лукашэнка тады загадаў прызначыць на пасаду гендырэктара тагачаснага старшыню Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, але той выконваць абавязкі гендырэктара так і не пачаў. Праз 3 дні Батура пайшоў на пэнсію, а Ўладзімер Мальцаў працягваў кіраваць «Барысаўдрэвам» да сакавіка, калі яго ўзялі пад варту. З таго часу цягнулася сьледзтва, якое ўрэшце прыйшло да высновы, што былы гендырэктар нанёс свайму прадпрыемству шкоды на 18 мільярдаў рублёў. Ці рэальныя такія памеры шкоды?

Рэдактар незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас у гэтым сумняваецца і не выключае, што Мальцаў аказаўся скрайнім, бо Лукашэнка вельмі эмацыйна ўспрыняў відавочны зрыў мадэрнізацыі «Барысаўдрэва». Журналіст спасылаецца на гутарку на гэтую тэму з адмыслоўцамі, якія працавалі на «Барысаўдрэве»:

Анатоль Букас
Анатоль Букас

«Ніхто ніколі ня бачыў, каб Мальцаў выносіў праз прахадную запалкі ў кішэні або цягаў з заводу фанэру. Гэта выглядае сьмешным, але што яшчэ можна адтуль узяць? Але калі гэтага няма, што можна паставіць у віну дырэктару? Дрэнную працу? Ну дык звольніце. Але быў жа загад зь ім разабрацца. Вось і згадалі, што на прадпрыемстве шмат закупленага абсталяваньня, якое так і не ўсталяванае. Сьледчыя, відаць, падлічылі, колькі б завод зарабіў, калі б працаваў на новым абсталяваньні, і адсюль вывелі лічбу — 18 мільярдаў стратаў».

Паводле зьвестак Анатоля Букаса, Уладзімер Мальцаў і пасьля фармальнай адстаўкі працягваў працаваць у сваім стылі, не асабліва «беручы пад казырок» перад шматлікімі начальнікамі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. «Вось зь ім і паквіталіся», — мяркуе незалежны журналіст.

Сьледчы Камітэт паведамляе, што арыштавалі маёмасьць былога гендырэктара коштам 400 мільёнаў рублёў.

У Сьледчым камітэце не пацьвердзілі зьвестак, што праверка справы былога гендырэктара «Белнафтахіма» Ігара Жыліна нібыта завершаная і яго неўзабаве могуць вызваліць з-пад варты. «Ніякай інфармацыі па гэтай справе няма», — сказаў Свабодзе Сяргей Кабаковіч са Сьледчага камітэту. Раней крыніцы ў амбасадзе Расеі паведамілі, што Ігар Жылін быў затрыманы, але гэтыя зьвесткі дагэтуль не пракамэнтаваныя ў праваахоўных органах Беларусі.

Паводле выданьня «Беларусы і рынак», якое спасылаецца на крыніцу ў нафтавых колах, прэтэнзіі да Ігара Жыліна ўзьніклі пасьля таго, як новы чалавек заступіў на пасаду кіраўніка буйнога прадпрыемства гэтай галіны. Ці маецца на ўвазе Белнафтахім, не ўдакладняецца. Сам Ігар Жылін быў звольнены з пасады гендырэктара «Белнафтахіма» 30 чэрвеня. «Беларусы і рынак» не выключае, што Ігара Жыліна вызваляць «з дня на дзень», бо абвінавачаньня яму так і ня выставілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG