З 18 баевікоў, якія пасьля аднаго з апошніх баёў трапілі ў палон апэратыўнага камандаваньня «Поўнач», асноўную масу складаюць грамадзяне Расеі — паводле нацыянальнасьці расейцы, чачэнцы і адзін асэтын. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» Анатоль Прошын.
Акрамя таго, сярод затрыманых — азэрбайджанцы і грамадзянін Сэрбіі, і толькі некалькі сэпаратыстаў-жыхароў Луганшчыны, сказаў ён.
Паводле слоў прадстаўніка вайскоўцаў, захопленыя баевікі лічылі, што армейцы іх зьнішчаць, і былі зьдзіўленыя паведамленьнем, што пасьля допыту і расьсьледаваньня іх даставяць у суд.
Пасьля вызваленьня гарадоў найважнейшай задачай украінскіх вайскоўцаў і байцоў Нацгвардыі зьяўляецца псыхалягічная праца з насельніцтвам, зазначыў Анатоль Прошын.
У панядзелак, калі ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі ад сэпаратыстаў горад Шчасьце, на вуліцах не было відаць людзей. Пасьля яны расказвалі, што баевікі запалохалі іх зьверствамі, якія нібыта чыняць украінскія вайскоўцы. «Людзі, якія з намі маюць зносіны, мяняюць сваё меркаваньне, але важна іх прыцягнуць да камунікаваньня», — сказаў Анатоль Прошын.
Таму ў гэтыя гарады зараз рыхтуюць групы псыхолягаў, а вайскоўцы дапамагаюць раздаваць дапамогу і забесьпячваюць жыцьцядзейнасьць гарадоў.
У сераду вайскоўцы апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» бралі ўдзел у вызваленьні Рубежнага, цяпер вядуць напружаныя баі за Лісічанск.