Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вушачах будзе вуліца і школа імя Барадуліна


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыяжджаў зь Менска, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. У Вушацкім музэі пашыраць частку экспазыцыі пра Рыгора Барадуліна.

Зь ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявіўся адказ ініцыятарам.

У рубрыцы, прысьвечанай зваротам грамадзян, зьявіўся адказ на пытаньне «Аб ушанаваньні памяці Рыгора Барадуліна». Віцебскі аблвыканкам паведамляе, што разгледзеў адпаведныя звароты, накіраваныя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, і «ў межах кампэтэнцыі паведамляе»: «Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыцьцяўляецца работа па перайменаваньні вуліцы Школьная ў гарадзкім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна». І што ўжо «накіраваны ліст у Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасьці ўжываньня транслітэрацыі пры перакладзе плянуемай назвы на расейскую мову».

Апрача таго, у Вушацкай школе праведзены сход працоўнага калектыву, які ўхваліў прысваеньне гэтай ўстанове імя Рыгора Барадуліна. А ў Вушацкім музэі народнай славы «плянуецца значна пашырыць гісторыка-біяграфічную частку экспазыцыі, прысьвечаную Рыгору Барадуліну».

Паведамленьне на афіцыйным сайце аблвыканкаму, дзе апавядаецца пра ўшанаваньне памяці літаратара, напісана па-беларуску, але з артаграфічнымі памылкамі. Тым ня менш, яно вельмі ўсьцешыла прыхільнікаў паэзіі Рыгора Барадуліна і ягоных ідэйных аднадумцаў.

Вуліца Школьная, якую мяркуюць перайменаваць, якраз вядзе да школы, што будзе насіць імя славутага паэта. На гэтай вуліцы стаіць і хата дзядзькі Рыгора — цагляны дамок, які быў для сям’і Барадуліных ня проста лецішчам, а прытулкам душы паэта, які вельмі любіў Вушачы — сваю малую радзіму.

Зьяўленьне вуліцы імя Рыгора Барадуліна ў Вушачах, а таксама наданьне ягонага імя мясцовай школе — гэта толькі частка пляну, прапанаванага ўладам дзеля ўшанаваньня памяці паэта. На ўзроўні прапановаў пакуль засталіся і прысваеньне імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц у Менску, і ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе ў Менску жыў Рыгор Барадулін, і адкрыцьцё літаратурнага музэю або філіі музэю Рыгора Барадуліна.

На пачатку ліпеня Віцебская абласная рада ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» зьвярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць яшчэ аднаго выбітнага літаратара зь Віцебшчыны — Генадзя Бураўкіна, які пайшоў з жыцьця 30 траўня гэтага году. Адказу на ліст з прапановамі выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годзьдзя паэта выбраныя яго творы, усталяваць у Менску на доме, дзе ён жыў, мэмарыяльную дошку; назваць у гонар Генадзя Бураўкіна вуліцы ў Менску, Полацку, Расонах, прысвоіць імя Бураўкіна адной з бібліятэк на Віцебшчыне аўтары пакуль не атрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG