Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей выступіць у Брусэлі


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Сёньня у Брусэлі пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць бягучы стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва.

Беларусь на ёй будзе прадстаўляць міністар Уладзімер Макей. Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Беларусі, мяркуецца «выступ кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства на пленарным пасяджэньні міністэрскай сустрэчы з выкладаньнем падыходаў Беларусі да далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства».

Паводле інфармацыі Свабоды, сустрэча міністраў пачнецца а 16-й гадзіне менскага часу. У ёй, дарэчы, удзельнічаюць ня толькі міністры шасьці краін «Усходняга партнэрства», але і іх калегі з краін Эўразьвязу.

Пасьля гэтага паседжаньня ў Макея заплянаваныя некалькі двухбаковых сустрэч з калегамі зь іншых краін, якіх дакладна пакуль невядома. Таксама ў праграму ўключана і прэсавая канфэрэнцыя беларускага міністра.

Для Ўладзімера Макея, які пэўны час быў неўязным у краіны Эўразьвязу, гэты візыт у Брусэль стане другім. Год таму, у ліпені 2013 году, ён удзельнічаў у аналягічным мерапрыемстве.

Эўразьвяз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнэрства» на саміце ў Празе ў траўні 2009 году, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў для шасьці краін: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Праграма прапануе шасьці краінам-удзельніцам цесную эканамічную інтэграцыю з Эўразьвязам, калі яны выканаюць пэўныя ўмовы. Зь цягам часу яны могуць падпісаць шырокія гандлёвыя пагадненьні, якія дадуць кампаніям краін-удзельніц лягчэйшы доступ да рынку ў Эўразьвязе.

Згаданыя гандлёвыя дамовы дазволяць зьнізіць мытныя і іншыя бар’еры на імпарт і экспарт, а таксама на фінансавыя паслугі і дзяржаўныя закупы.

Большая мабільнасьць людзей у Эўропе — таксама частка праекту «Ўсходняга партнэрства». Эўразьвяз хоча спрасьціць працэдуры падарожжаў па Эўропе і ў канчатковым выніку прапанаваць бязьвізавы рэжым перамяшчэньня.

У абмен на лягчэйшы доступ да Эўразьвязу дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўвесьці строгія правілы па барацьбе з карупцыяй, арганізаванай злачыннасьцю і гандлем людзьмі, наркотыкамі і зброяй. Гэта, у сваю чаргу, зьнізіць рызыку распаўсюджаньня такіх злачынстваў у ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG