Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ня сьпіць, бо ведае, хто зьбіў самалёт, — Бялкоўскі


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

«Пуцін моцна перажывае праз катастрофу. І як чалавек, і як палітык. Пуціну-палітыку нявыгаднае зьяднаньне Захаду вакол трагедыі. І ён моцна шкадуе, што беззваротна страчаная сытуацыя палітычнага расколу Эўропы і ЗША па пытаньні санкцыяў супраць Расеі».

Пра палітычныя наступствы катастрофы з малайзійскім «Боінгам» для Ўладзімера Пуціна ў інтэрвію Свабодзе разважае расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

— Спадар Станіслаў, якім чынам падаецца інфармацыя пра катастрофу з малайзійскім «Боінгам» у расейскіх крыніцах інфармацыі?

— На асноўных фэдэральных тэлеканалах расейцам даюць зразумець, што самалёт зьбілі ўкраінцы. Яшчэ да гэтага часу не памерла вэрсія, што была спроба зьбіць самалёт самога Ўладзімера Пуціна. Прапаганда эксплюатуе менавіта такія вэрсіі, і большасьць насельніцтва Расеі верыць і прымае ўжо за аксіёму, што самалёт зьбілі альбо ўкраінскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны, альбо ўкраінскія зьнішчальнікі. Іншая частка грамадзтва, якая ў якасьці крыніцы інфармацыі выкарыстоўвае незалежныя СМІ і сацыяльныя сеткі, лічыць, што самалёт зьбілі данецкія сэпаратысты пры дапамозе ўзбраеньня расейскага паходжаньня.

— З улікам гэтай трагедыі як будзе паводзіць сябе Расея далей адносна Ўкраіны?

— Пуцін яшчэ не прыняў рашэньня на гэты конт. Бачна, што ён моцна перажывае праз катастрофу з малайзійскім самалётам. Перажывае як чалавек. І перажывае як палітык, таму што трагедыя перамяшала ўсе ягоныя пляны і карты. Яшчэ некалькі дзён таму Пуцін быў перакананы, што ён амаль дасягнуў расколу паміж Амэрыкай і Эўропай што да санкцыяў супраць Расеі. Яму было б вельмі выгадна, каб гэтае непаразуменьне перарасло ў больш істотны палітычны раскол, што, безумоўна, прынесла б дывідэнды Расеі. Сёньня Пуцін практычна зьяднаў Захад падзеньнем малайзійскага «Боінга». Такі расклад яго катэгарычна не задавальняе. Бачна, што ён вельмі напружаны, на мяжы ярасьці. Яго начны зварот, запісаны ўчора практычна ў спартанскай абстаноўцы, без належнай для прэзыдэнцкіх зваротаў падрыхтоўкі, сьведчыць пра гэта. Па яго зьнешнім выглядзе здаецца, што ён кепска сьпіць ці ня сьпіць увогуле. Але пытаньне тут у тым, ці пойдзе Захад зь ім на перамовы, або перамоваў ня будзе, а будзе аднабаковая палітыка санкцыяў і жорсткага ціску. У выпадку перамоваў Пуцін можа зьмякчыцца і пайсьці на пошук кампрамісных варыянтаў, у выпадку санкцыяў ён здольны на яшчэ больш агрэсіўныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку праз павелічэньне ваеннай падтрымкі сэпаратыстаў і нават наўпрост праз выкарыстаньне Ўзброеных сілаў Расеі.

— Зварот Пуціна, пра які вы кажаце, носіць усё ж замірэнчы характар. А каго ён лічыць вінаватым у трагедыі з самалётам?

— Так, фармальна зварот носіць замірэнчы характар. Але ўсё роўна Пуцін вінаваціць ва ўсім Украіну. Прычым, мяркуючы па звароце, Пуцін ужо разумее, што насамрэч самалёт зьбіты сэпаратыстамі з дапамогай расейскай супрацьракетнай устаноўкі «Бук». І менавіта таму ў ніводным яго выступленьні пасьля катастрофы няма прамых абвінавачаньняў Украіны ў тым, што яна зьбіла самалёт. Такую вэрсію даюць толькі расейскія тэлеканалы, але прэзыдэнт так ніколі не казаў. Атрымліваецца, што большасьць насельніцтва перакананыя, што самалёт зьбілі ўкраінцы, але Пуцін асабіста такога не прамаўляў, ён прывык вельмі адказна ставіцца да падачы фактаў сваімі словамі. Разам з тым ён вінаваціць Украіну, што тая, разгортваючы антытэрарыстычную апэрацыю, стварыла ўмовы, пры якіх гэтая катастрофа стала магчымай. Таму палітычную і маральную адказнасьць ён перакладае ўсё ж на Ўкраіну.

— Ці вядома, дзе знаходзяцца «чорныя скрыні»? Хто будзе іх дасьледаваць?

— У сваім звароце Пуцін сказаў, што «чорныя скрыні» павінны быць перададзеныя ICAO, а расьсьледаваньне павінна адбывацца пад яе эгідай. Гэта ж самае сёньня паўтарылі лідэры данецкіх сэпаратыстаў, што яшчэ раз пацьвердзіла, што яны падкантрольныя Маскве ў такіх пытаньнях на 100%. Будзем чакаць: калі скрыні ў сэпаратыстаў, то яны будуць выдадзеныя толькі прадстаўнікам ICAO. Ці пагодзяцца з гэтым ЗША, Эўразьвяз і Ўкраіна, пакуль незразумела. Але ўжо бачна, што «чорныя скрыні» — новы камень спатыкненьня ў канфлікце.

— Калі міжнароднае расьсьледаваньне выявіць, што самалёт Малайзійскіх авіялініяў падбілі данецкія сэпаратысты, выкарыстоўваючы расейскую тэхніку, як гэта адаб’ецца на рэйтынгу Ўладзімера Пуціна? Ці будуць далей людзі падтрымліваць яго, як рабілі гэта апошнім часам на фоне канфлікту ва Ўкраіне?

— Калі гаварыць пра рэйтынг Пуціна ў Расеі, то ён толькі вырасьце. Таму што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пададуць такія вынікі расьсьледаваньня як чарговую спробу паклёпу з боку злоснага Захаду ў дачыненьні да нашага лідэра. Гэтыя ж СМІ прадэманструюць насельніцтву новыя сфальшаваныя доказы таго, што самалёт зьбіла Ўкраіна, і пачуцьцё крыўды за «бацьку нацыі» Ўладзімера Пуціна яшчэ больш згуртуе вакол яго вялікія масы расейскага насельніцтва. Таму ўнутраным рэйтынгам у гісторыі з самалётам Пуцін рызыкуе ня моцна. Але моцна рызыкуе што да ўсіх іншых пытаньняў, асабліва на міжнароднай арэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG