Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН сёньня можа прыняць рэзалюцыю пра катастрофу MH17


Аўстралія, якая ў выніку катастрофы страціла 28 сваіх грамадзянаў, падала на разгляд Рады Бясьпекі ААН праект рэзалюцыі з асуджэньнем зьбіцьця самалёта «Малайзійскіх авіяліній» у небе над Данецкай вобласьцю.

21 ліпеня Рада бясьпекі ААН можа прыняць рэзалюцыю, у якой асудзіць «зьбіцьцё» малазійскага пасажырскага самалёта на ўсходзе Ўкраіны, — піша інфармагенцтва Reuters, спасылаючыся на ўласныя крыніцы. Дакумэнт таксама зьмяшчае патрабаваньне да ўзброеных сэпаратыстаў даць экспэртам доступ да месца падзеньня авіялайнера і заклік да ўсіх бакоў супрацоўнічаць зь міжнароднымі сьледчымі.

Праект рэзалюцыі распрацаваны Аўстраліяй. На борце зьбітага самалёта знаходзіліся 28 грамадзян гэтай дзяржавы. Дакумэнт патрабуе прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у трагедыі і «самым рашучым чынам асуджае зьбіцьцё самалёта малазійскіх авіяліній MH17, вынiкам якога стала страта 298 жыцьцяў», і «патрабуе ад краін і іншых гульцоў у рэгіёне ўстрымацца ад актаў гвалту, накіраваных супраць грамадзянскай авіяцыі». Акрамя таго, у праекце рэзалюцыі ёсьць патрабаваньне годнага стаўленьня і павагі да парэшткаў ахвяр.

Як вядома, ЗША і іншыя краіны мяркуюць, што авіялайнер, які ўпаў 17 ліпеня на Данбасе, быў зьбіты зэнітнай ракетай з падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыі. Прадстаўніца ЗША пры ААН Саманта Паўэр у пятніцу, 19 ліпеня, паведаміла, што Вашынгтон ня можа выключаць дачыненьне Расеі да запуску ракеты. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікае сэпаратыстаў на Данбасе пайсьці на супрацоўніцтва зь іншымі бакамі канфлікту і патрабуе не рабіць пасьпешлівых высноў. Масква адмаўляе датычнасьць да трагедыі і ўскладае віну на Кіеў.

Назіральнікі АБСЭ, прыбыўшы на месца падзення самалёта, былі абмежаваныя баевікамі ў перамяшчэньні. На месцы знаходзяцца каля 20 прадстаўнікоў АБСЭ. Яны ня маюць магчымасьці паўнавартасна працаваць, хоць прадстаўнікі сэпаратыстаў ім раней давалі такое абяцаньне. Адзін зь лідэраў сэпаратыстаў Андрэй Пургін у нядзелю, 20 ліпеня, заявіў, што баевікі гатовыя даць гарантыі бясьпекі міжнародным экспэртам пры ўмове, што Кіеў пагодзіцца абвясьціць перамір’е.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG