Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчадроў шукаў у Ватыкане падтрымкі прытулку для бяздомных


Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў

Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў наведаў Ватыкан.

Як распавёў Свабодзе сам спадар Шчадроў, па прыезьдзе ў Рым яго сустрэлі браты Ордэна Місіянэраў Міласэрнасьці маці Тэрэзы з Калькуты. У іх грамадзе спадар Шчадроў патлумачыў сытуацыю місіянэрам, паказаў дакумэнты. На наступны дзень разам з айцом генэралам Сэбасьцьянам яны пайшлі да сакратара папы рымскага. Аляксей Шчадроў спадзяецца на дапамогу Ватыкана ў ягоных спробах зарэгістраваць у Беларусі прытулак як суполку братоў-місіянэраў.

Сакратар папы, паводле словаў Шчадрова, задаваў шмат пытаньняў, цікавіўся праблемамі, цяжкасьцямі, між іншым ён выказаў зьдзіўленьне, чаму ўлады баяцца зарэгістраваць сацыяльную ўстанову, нават кінуў рэпліку, што, маўляў, у Беларусі дагэтуль усё, як у часы Сталіна. Спадар Шчадроў перадаў дакумэнты і статут прытулка сакратару папы рымскага, той абяцаў узяць гэтую справу на кантроль.

У чэрвені 2013 года УУС Шчучынскага раёна завяло крымінальную справу ў дачыненьні Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у выкупленых вясковых хатах у вёсцы Аляксандраўка прытулак для бяздомных і нямоглых. Яго абвінавацілі па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу ў тым, што ён арганізаваў дзейнасьць «незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забясьпечыў ўмовы яе функцыянаваньня без рэгістрацыі». У мясцовых мэдыях Шчадрова і тых, хто жыве ў ягоным прытулку, абвясьцілі сэктантамі. Праз некалькі месяцаў заснавальнік прытулку з дапамогай праваабарончых арганізацыяў зарэгістраваў прыватную сацыяльную ўстанову «Павер у сябе». Крымінальную справу супраць яго спынілі.

Зараз у прытулку жыве 10 чалавек. Пяцёра зь іх хворыя, «ляжачыя». Астатнія пяцёра дапамагаюць рамантаваць касьцёл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG