Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пракамэнтаваў рашэньне Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Ўкраіны, якое ў адказ на беларускія дыскрымінацыяйныя захады ў гандлі з Украінай уводзіць мыта на тавары зь Беларусі.
«Мы ня можам пагадзіцца з матывацыяй гэтага рашэньня, бо Беларусь не рабіла якіх-колечы крокаў у дачыненьні менавіта да Ўкраіны. Тым больш нязгодныя з тым, што нашы крокі тлумачацца як непрыязныя».
МЗС Беларусі тлумачыць, што ліцэнзаваньне імпарту асобных тавараў у Беларусь, якое выклікала негатыўную рэакцыю ўкраінскага боку, распаўсюджана на нявызначанае кола краін, а не скіравана выключна супраць Украіны, і што гэта ўпісваецца ў фармат міжнароднага гандлю.
Ведамства нагадвае, што мэханізм ліцэнзаваньня вызначаны толькі на шасьцімесячны тэрмін, а ўкраінскія партнэры маюць намер абкладаць пошлінамі ў памеры 55–60 працэнтаў выключна беларускія тавары і на пэрыяд да 31 сьнежня 2016 году.
«Разьлічваем, што час, які ёсьць у бакоў да ўступленьня ў сілу рашэньня Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Ўкраіны, будзе выкарыстаны для ўрэгуляваньня рознагалосьсяў, якія ёсьць у бакоў, у рэжыме непасрэднага дыялёгу. Бліжэйшым часам у Менску чакаюцца адпаведныя кансультацыі з украінскімі экспэртамі», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Беларусі.
Мыта ўведзенае ў адказ на дыскрымінацыйныя і несяброўскія дзеяньні Беларусі ў адносінах да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчаваньня.
На беларускія аўтамабільныя, аўтобусныя пакрышкі, а таксама шыны для выкарыстаньня на сельскагаспадарчых або лесагаспадарчых транспартных сродках Украіна ўводзіць мыта ў памеры 60,05% ад мытнага кошту. Акрамя таго, на лядоўні беларускай вытворчасьці Ўкраіна ўводзіць спэцмыта ад 55,29% да 60,05% у залежнасьці ад аб’ёму халадзільных камэр.
На электрычныя лямпы, мінэральныя і хімічныя ўгнаеньні з утрыманьнем азоту, фосфару і калію, а таксама на малако, вяршкі, ёгурты, кефір, сьметанковае масла, кандытарскія вырабы з цукру, шакаляд і мучныя прысмакі, якія імпартуюцца зь Беларусі, уводзіцца мыта ў памеры 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі.
На беларускае соладавае піва Ўкраіна ўводзіць мыта ў памеры 60,05% ад мытнага кошту. Спэцыяльнае мыта да названых тавараў будзе прымяняцца да 31 сьнежня 2016 году. Рашэньне камісіі ўступае ў сілу праз 10 дзён з моманту апублікаваньня.
З 1 траўня Беларусь увяла ліцэнзаваньне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюзу. Украінскія вытворцы піва назвалі гэта дыскрымінацыйным і паведамілі, што ў Беларусі ад іх запатрабавалі падвысіць розьнічную цану на сваю прадукцыю больш як удвая, што аўтаматычна робіць украінскае піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Аналягічныя захады Беларусь ужыла і адносна ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў.
Паводле дадзеных Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны, у першым паўгодзьдзі 2014 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну малака і вяршкоў на 1,3 млн даляраў, што складае 46% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі.
Прафэсар эканомікі Барыс Жаліба лічыць, што гэта адказ украінскага боку на беларускую эканамічную палітыку, на ліцэнзаваньне піва, кандытарскіх вырабаў. Але страчваюць абодва бакі:
«Мне падаецца, нягледзячы на тое, што кіраўнік Беларусі заявіў, што расейска-ўкраінскі крызіс ня будзе ўплываць на нашы стасункі з Украінай, адбываецца нешта іншае — насамрэч, пачынаецца нейкая мытная вайна. Страчваюць у экспартна-імпартных апэрацыях і беларускі бок, і ўкраінскі. Я думаю, што Масква неяк уплывае на нашага прэзыдэнта, на наш урад, каб Беларусь усё ж такі далучылася да нейкіх абмежавальных захадаў адносна ўкраінскіх тавараў. А цяпер мы бачым, што разгортваецца гандлёвая вайна. І яна не на карысьць ні Ўкраіне, ні Беларусі. Яна на карысьць, скажам так, палітыцы Расеі адносна Ўкраіны».
Паводле дадзеных Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны, у першым паўгодзьдзі 2014 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну малака і вяршкоў на 1,3 млн даляраў, што складае 46% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі.
Паводле інфармацыі прэзыдэнта асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандра Балдынюка, летась Украіна паставіла на беларускі рынак кандытарскіх вырабаў на суму каля 70 мільёнаў даляраў.