Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Расея працягвае падтрымліваць сэпаратыстаў ва Ўкраіне


ЗША абвінавачваюць Расею ў падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны вайсковай тэхнікай, улучна з танкамі.

Ва апублікаваным Дзярждэпартамэнтам ЗША аналітычным матэрыяле гаворыцца, што Вашынгтон «ня мае доказаў таго, што Расея спыніла падтрымку сэпаратыстаў».

«Насамрэч, паводле нашых ацэнак, Расея працягвае пастаўляць ім цяжкае ўзбраеньне, іншую вайсковую тэхніку і фінансаваньне, і, як і дагэтуль, дазваляе баевікам свабодна ўяжджаць ва Ўкраіну», — гаворыцца ў дакумэнце.

Таксама амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства сьцвярджае, што Масква на месцы разгортваньня на паўдзённым захадзе Расеі працягвае накопліваць вайсковую тэхніку, у тым ліку тую, якая больш не выкарыстоўваецца расейскімі вайскамі. Дзярждэпартамэнт таксама зьвяртае ўвагу на дамінаваньне грамадзянаў Расеі ў кіраўніцтве арганізацый «Данецкай Народнай Рэспублікі» і «Луганскай Народнай Рэспублікі».

«Шмат самаабвешчаных „лідараў“ сэпаратыстаў зьяўляюцца выхадцамі з Расеі і маюць сувязь з расейскім урадам. Усё гэта малюе выразную карціну працягваньня палітыкі Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны», — лічаць аналітыкі Дзярждэпартамэнта. ЗША і Эўрапэйскі Зьвяз маюць увесьці далейшыя санкцыі супраць Расеі з прычыны адсутнасьці зь яе боку намаганьняў па дээскаляцыі на ўсходзе Ўкраіны.

Пра гэта гаварылася ў панядзелак у тэлефоннай размове прэзыдэнта ЗША Барака Абамы і прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Дэвіда Кэмерана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG