Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аспрэчваньне анэксіі Крыму ў Эўрапейскім судзе зацягнецца на гады


Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры
Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры

Гэтую тэму дасьледаваў Аляксей Арунян, журналіст сайту нашага радыё «Крым. Реалии».

Эўрапейскі суд па правах чалавека прыступіў да разгляду скаргі Ўкраіны, якая тычыцца наступстваў анэксіі Крыму. У Міністэрстве юстыцыі разьлічваюць, перамогшы ў судзе, атрымаць ад Расеі больш за трыльён грыўняў (больш за 85 млрд. даляраў — РС) у якасьці кампэнсацыі шкоды. Экспэрты ў галіне міжнароднага права лічаць, што ва Ўкраіны ёсьць усе шанцы на выйгрыш. Але, на іх думку, разгляд скаргі зацягнецца на доўгія гады, а Расея ў выніку можа адмовіцца выконваць рашэньне суду і выплачваць кампэнсацыю.

Мінюст падаў пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ) у сувязі з анэксіяй Крыму яшчэ месяц таму. Украіна разьлічвае, што ЭСПЧ асудзіць дзеяньні Расеі і абавяжа гэтую краіну выплаціць кампэнсацыю за матэрыяльную шкоду. Па словах міністра юстыцыі Ўкраіны Паўла Пятрэнкі, у дадзены момант разгляд скаргі знаходзіцца на стадыі папярэдняга разгляду справы і камунікацыі з пазоўнікам.

«Усе факты, якія тычацца ваеннай агрэсіі Расейскай фэдэрацыі ў Крыме, зафіксаваныя. У прыватнасьці, ідзе гаворка пра факты выкраданьняў, забойстваў і катаваньняў. Такіх фактаў вельмі шмат. Заява Ўкраіны ў ЭСПЧ налічвае больш за 200 старонак і 914 пунктаў. Акрамя таго, гэты дакумэнт рэгулярна папаўняецца новымі фактамі злачынстваў», — прыводзіць словы Пятрэнкі прэсавая служба мінюсту.

Міністар таксама паведаміў, што нядаўна да пазову былі далучаныя дапаўненьні, якія тычацца эканамічнай часткі патрабаваньняў. У тэксьце скаргі паказана, што памер шкодаў, нанесеных Расеяй, складае 1 трыльён 180 мільярдаў грыўняў. Гэтая сума зьяўляецца папярэдняй, паколькі Ўкраіна перадала ў суд яшчэ ня ўсе прэтэнзіі да дзеяньняў Расеі. Па словах кіраўніка Мінюсту, розныя міністэрствы і ведамствы працягваюць падрыхтоўку матэрыялаў аб тым, што адбываецца ў Крыме, і гэтыя дадзеныя далучаюцца да скаргі. Прадметам разгляду ў Эўрапейскім судзе таксама стануць забароны на ўезд у Крым кіраўніку Мэджлісу Рэфату Чубараву і лідэру крымска-татарскага народу Мустафу Джамілёву.

Раней Эўрапейскі суд па правах чалавека ўжо выносіў рашэньне з нагоды дзеяньняў Расеі на тэрыторыі Крыму і абавязваў яе ўстрымацца ад ваенных дзеяньняў на паўвостраве. Паўло Пятрэнка спадзяецца, што гэтае рашэньне стане закладам перамогі ў новай справе «Ўкраіна супраць Расеі».

Не сумняваецца ў судовай перамозе Ўкраіны і выканаўчы дырэктар Украінскага Гэльсінскага Саюзу па правах чалавека Аркадзь Бушчанка.

«У пададзенай скарзе заяўлена аб парушэньні цэлага шэрагу артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека. Варта разьлічваць на тое, што суд прызнае гэтыя парушэньні і прысудзіць пэўную кампэнсацыю. На нешта большае, вядома, разьлічваць ня варта», — адзначыў праваабаронца.

Па словах экспэрта, няма гарантый, што ЭСПЧ абавяжа Расею выплачваць усю суму шкоды, пазначаную ў скарзе. Бушчанка лічыць, што вынік будзе залежаць ад таго, наколькі пераканаўча дзяржаўныя органы абгрунтуюць памер нанесенай шкоды

Пры гэтым ён выказаў сумнеў у тым, што Расея стане выконваць рашэньне суду і выплачваць Украіне кампэнсацыю.

«У прынцыпе, Расея выконвае рашэньні Эўрапейскага суду, ва ўсякім выпадку, у частцы выплаты грашовай кампэнсацыі. Але дадзены выпадак зьяўляецца выключным. Па-першае, пазоў прадугледжвае вялізную кампэнсацыю, а, па-другое, вялікую ролю адыгрываюць палітычныя амбіцыі абодвух бакоў. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі на момант прыняцьця рашэньня рашэньня Расея будзе палітычна і эканамічна гатовая праігнараваць рашэньне органу, кампэтэнцыю якога яна прызнала», — сказаў Бушчанка.

Экспэрт школы палітычнай аналітыкі Пятро Буркоўскі лічыць, што Ўкраіна можа разьлічваць на атрыманьне грашовай кампэнсацыі за прычыненую шкоду толькі ў тым выпадку, калі да моманту прыняцьця судовага рашэньня ў Расеі зьменіцца палітычны клімат.

«Калі ўнутры Расеі нічога ня зьменіцца, і пуцінскі рэжым будзе захоўвацца, то яна ня будзе выконваць ніякіх рашэньняў. Але калі сытуацыя зьменіцца, там паўстане іншая ўлада, то такое рашэньне па Крыме можа стаць элемэнтам наладжваньня адносінаў паміж дзьвюма краінамі», — адзначыў экспэрт.

Буркоўскі таксама лічыць, што ва Ўкраіны ёсьць усе шанцы на перамогу ў судзе, пра што сьведчыць сусьветны досьвед падобных разглядаў.

«У сямідзясятых гадах Кіпр падаў у Эўрапейскі суд па правах чалавека скаргу на Турэччыну за парушэньне правоў грэкаў-кіпрыётаў на акупаванай тэрыторыі. Зусім нядаўна, у траўні сёлета ЭСПЧ прыняў рашэньне па гэтай справе і абавязаў Турэччыну выплаціць 400 мільёнаў даляраў кампэнсацыі», — сказаў ён

На думку загадчыка катэдры міжнароднага права Інстытуту міжнародных адносінаў Кіеўскага нацыянальнага унівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі Аляксандра Задарожнага, пра тое, наколькі эфэктыўнай зьяўляецца падача скаргі Ўкраіны ў Эўрапейскі суд, можна меркаваць па прамежкавых выніках справы «Грузія супраць Расеі». Экспэрт нагадаў, што ў ліпені сёлета ЭСПЧ вынес рашэньне па гэтай справе, разгляд якой цягнуўся 8 гадоў. Суд пастанавіў, што восеньню 2006 года расейская ўлада ажыцьцявіла скаардынаваную палітыку арыштаў, затрыманьняў і высылкі грамадзянаў Грузіі, робячы гэта ў парушэньне Канвэнцыі.

«У сваім рашэньні ЭСПЧ не пазначыў суму кампэнсацыі. Бакі на працягу году павінны прад’явіць і аспрэчыць патрабаваньні на яе выплату і паведаміць аб магчымым міравым пагадненьні. Пра наступствы і перавагі такога рашэньня можна будзе казаць толькі тады, калі стануць вядомыя ўсе яго вынікі. Але прадстаўнікі Расеі ўжо заявілі аб накіраванасьці такога рашэньня на дэфармаваньне міжнароднага стану Расеі па інструкцыях Захаду», — адзначыў Задарожны.

Экспэрт лічыць, што адным з галоўных мінусаў звароту ў ЭСПЧ зьяўляецца тое, што справы там разглядаюць вельмі доўгі час. Паводле яго, красамоўным пацьвярджэньнем гэтага зьяўляецца выпадак са справай аб парушэньні Турэччынай правоў грэкаў-кіпрыётаў. Суд вынес па ім рашэньне праз 30 гадоў з моманту падачы скаргі.

Праваабаронца Аркадзь Бушчанка спрагназаваў, што суд будзе разглядаць скаргу Ўкраіны ня менш за восем гадоў.

«Рашэньне па Грузіі прымалася на працягу васьмі гадоў. Прыкладна такі самы тэрмін зойме і скарга Ўкраіны, тым больш, што яна больш складаная і аспэктаў у ёй значна больш», — лічыць ён.

На думку Аляксандра Задарожнага, у цяперашніх рэаліях зварот у ЭСПЧ мае ў першую чаргу палітычнае значэньне, а не практычнае.

«Хоць ня варта забываць, што Эўрапейскі суд па правах чалавека — гэта адна зь нешматлікіх судовых установаў, юрысдыкцыю якой прызнае Расея. Зварот у яго са скаргай важны яшчэ і тым, што ён кажа аб непрызнаньні цяперашняй сытуацыі і гатовасьці ёй супрацьстаяць. Гэта можа быць выкарыстана для абгрунтаваньня нашай прававой пазыцыі ў далейшым», — адзначыў экспэрт.

Задарожны лічыць, што нават калі Расея праігнаруе рашэньне ЭСПЧ, усё роўна Ўкраіна зможа атрымаць з гэтага дывідэнды, паколькі невыкананьне прадпісаньняў Эўрапейскага суду можа стаць падставай для ўзмацненьня жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі з боку краін Захаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG