Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыжовы паход супраць «селесао»


Нават далёкая ад вялікага спорту грамадзкасьць абмяркоўвае ганебную паразу «чараўнікоў мяча», пяціразовых трыюмфатараў усясьветных першынстваў – бразыльцаў – ад вымуштраваных рулявых «нямецкай машыны».

Паўднёваамэрыканскія «жоўта-блакітныя» ставілі на хатні чэмпіянат максымальныя мэты – заваяваць шосты тытул. Але сыходзяць з дыстанцыі ўшчэнт разьбітыя нашчадкамі «крыжакоў» – 7:1.

Бразылія ўжо суткі ў жалобе і калі скончыцца народны смутак – не бярэцца прадказаць ніхто. Да свайго гонару, галоўны трэнэр зборнай Луіс Фэліпэ Скалары пасьля матчу зь немцамі заявіў, што ўсю адказнасьць за ўчорашнюю ганьбу бярэ на сябе.

«Зьвяртаюся да ўсіх людзей у Бразыліі: прабачце нас за гэтую вялікую памылку. Я нясу адказнасьць за тое, што каманда дэманструе на полі. Мне вельмі шкада, што мы не змаглі дасягнуць той мэты, да якой імкнуліся. А заўзятары падтрымлівалі нас нават тады, калі немцы забілі нам пяць, шэсьць, сем галоў», – канстатаваў галоўны трэнэр зборнай Луіс Фэліпэ Скалары на пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі. Скалары прызнаў, што 8 ліпеня 2014 году стала найгоршым днём у яго жыцьці.

Параза зь лікам, які можа дазволіць сабе хіба што заштатны аўтсайдэр, стала тэмай № 1 як для спартовых, так і для грамадзка-палітычных выданьняў. І тыя, і другія сыходзяцца ў думцы, што наўрад ці ў такі падарунак з боку супернікаў магла паверыць у тым ліку і «Бундэсманшафт» – забіць пяць мячоў за паўгадзіны не ўдаецца нават у супрацьстаяньні футбольных цяжкавагавікоў і карлікаў.

Разборам палётаў у небе Бразыліі займаюцца і беларускія экспэрты. Аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Новікаў у матэрыяле «Адгаворкі па Фрэду» (прозьвішча аднаго з бразыльскіх футбалістаў – РС) аналізуе прычыны гучнай паразы каманды Бразыліі ў паўфінале чэмпіянату сьвенту-2014:

«Скалары празяваў паварот, які запрашаў яго на іншы маршрут. Ён толькі падражніў публіку яскравай гульнёй на леташнім Кубку канфэдэрацыяў, а затым надзейна замкнуў тыя напрацоўкі ў далёкай шафцы распранальні. Ён, здаецца, не заўважыў, як пераўтварыў зборную краіны ў падабенства сэкты, пападаньне куды дазвалялася людзям выключна правераным, але не абавязкова лепшым. Апатэозам такой замкнёнасьці сталі пастаянныя трэнэрскія «адгаворкі па Фрэду» – Скалары давяраў ключавую пазыцыю ўдарнага нападніка пасрэднаму выканаўцу, які страціў спрыт і форму, прымусіўшы пры гэтым публіку паверыць у абсурд: маўляў, у Бразыліі няма форвардаў лепшых. Ды іх можна лыжкай чэрпаць у любой з эўрапейскіх топ-лігаў! Справа – у тым, каб даць шанец, і ў трэнэрскім даверы».

У аналягічнай танальнасьці на старонках таго ж «Прессбола» выказваецца старэйшына беларускага судзейскага корпусу Вадзім Жук. Паводле яго, на сёлетнім мундыялі за гаспадарамі замацавалася рэпутацыя адной з самых грубых і жорсткіх камандаў. Аднак у паўфінале бразыльцы выглядалі... «бяскрыўднымі манэкенамі»: «Па руху немцы татальна пераўзыходзілі паўднёваамэрыканцаў, апярэджваючы іх на кожным кавалку поля, за кошт чаго лёгка сыходзілі ад сутыкненьняў і шчыльных адзінаборстваў... Галоўны арбітар Радрыгес цудоўна адчуваў атмасфэру сустрэчы, у якой вялізная перавага эўрапейцаў не дыктавала ўжываньня ў нячастых гарачых сытуацыях сур’ёзных мераў узьдзеяньня».

А вось кіраўнік спартовага парталу Tribuna.com Максім Беразінскі спрабуе паставіць сябе на месца бразыльскіх футбалістаў, якія не апраўдалі даверу шматмільённай тарсыды: «Цалкам немагчыма ўявіць, што адчуваюць гульцы, якія яшчэ ўчора былі надзеяй 200-мільённай краіны. Яны маглі знайсьці тысячу спосабаў прайграць хатні чэмпіянат сьвету, але ім дастаўся самы агідны. Калі ў гэты дзень Бразылія разьлічвалася з абавязаньнямі, то разьлік аказаўся поўным. Цяпер ніхто ня мае права ўспомніць Нэймару сымуляцыю, ніхто ня можа папракнуць судзьдзю, які паставіў пэнальці ў матчы з Харватыяй. Бразылія змыла ўсе свае грахі крывёю. Надзеі, мары, жаданьні бурыліся на нашых з вамі вачах...».

Паспачуваў бразыльскаму народу вядомы футбольны спэцыяліст Анатоль Байдачны:

«Немцы згулялі, як немцы – розум перамог эмоцыі. Хоць мы памятаем, як у 1/8 фіналу яны зь цяжкасьцю пераадолелі супраціў зборнай Альжыру. У «бундэстым» вельмі роўны склад, у якім ніхто асабліва не вылучаецца. Усе футбалісты дзейнічаюць рацыянальна, прадумана. Трэнэру працаваць з такой камандай адно задавальненьне. Тым ня менш, я заўзеў за «селесао».

Літаральна за дзьве гадзіны да татальнага разносу Бразылія прадэманстравала сьвету традыцыйна прыгожа-карнавальнае яднаньне нацыі: футбалісты і трэнэры, наведнікі арэны і заўзятары каля тэлевізараў літаральна зьліліся ў экстазе, выконваючы дзяржаўны гімн. Але неўзабаве сьлёзы шчасьця зьмяніліся паўнаводнымі рэкамі адчаю.

Такі футбол...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG