Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску адзначалі гадавіну Янкі Купалы


Адзначэньне гадавіны Янкі Купалы ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00
Наўпроставы лінк

Адзначэньне гадавіны Янкі Купалы ў Менску

У Менску адзначылі 132-ю гадавіну нараджэньня народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Каля помніка ў купалаўскім парку адбылася творчая імпрэза, арганізаваная літаратурным музэем Янкі Купалы. Ніхто з чыноўнікаў удзелу ў сьвяткаваньні ня браў.

Школьнікі малодшых клясаў на чале з супрацоўнікамі музэю і некалькімі літаратарамі на пачатку імпрэзы ўсклалі да помніка Янку Купалу букеты і белыя ды чырвоныя ружы. Перад гэтым дзеці наведалі музэй, а таму з пашанай вымаўлялі імя паэта і прымушалі адзін аднаго скінуць перад помнікам галаўныя ўборы, не зважаючы на сьпякоту. З творчасьцю паэта і нават беларускай мовай малыя былі знаёмыя горш:

Карэспандэнтка: «Каму прынесьлі кветкі, ведаеце?»

Дзеці разам: «Янку Купале».

Карэспандэнтка: «А хто такі Янка Купала?»

Дзеці: «Паэт, беларускі пісьменьнік, пісьменьнік і паэт».

Карэспанднтка: «А што напісаў, ведаеце?»

Дзеці: «Так, „Хлопчык“, „Хлопчык і лётчык“»

Карэспандэнтка: «А па-беларуску што-небудзь можаце сказаць?»

Дзеці: «Так, м-м-м, „дзякуй“».

Карэспандэнтка: «А што-небудзь з „Хлопчыка і лётчыка“?»

Дзеці: «Хлопчык... мой хлопчык... не магу падабраць словы».

Супрацоўнікі літаратурнага музэю Янкі Купалы, якія арганізавалі імпрэзу, павіншавалі з днём нараджэньня песьняра таксама іншых прысутных — некалькіх чалавек, у тым ліку з праўладнага пісьменьніцкага саюзу. Адзін зь іх, старшыня гарадзкой арганізацыі Міхась Пазьнякоў, заклікаў і дзяцей, і дарослых чытаць Янку Купалу менавіта на беларускай мове. Паэт Навум Гальпяровіч прачытаў верш і зьвярнуўся да гасьцей з прамовай:

«У кожнага народа ёсьць свае героі. Той, кім ганарыцца Беларусь, — гэта Янка Купала. Гэта герой таму, што ён марыў пра незалежнасьць Беларусі, калі яна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі. І вось сёньня, у незалежнай Беларусі, у нашай краіне трэба людзьмі звацца па-сапраўднаму, выконваючы наказ Янкі Купалы — „людзьмі звацца“. Не забывайце родную мову, бо гэтаму вучыў Янка Купала, за гэта загінуў Янка Купала».

Прадстаўнікі дзяржаўных уладаў — ні з гарадзкой ці раённай адміністрацыі, ні зь Міністэрства культуры — у сьвяткаваньні ўгодкаў народнага паэта ўдзелу ня бралі. Імпрэза доўжылася каля трыццаці хвілін. Супрацоўнікі музэю кажуць, што хацелі б, каб гадавіну нараджэньня песьняра ў Беларусі адзначалі шырэй.

Загадчыца аддзелу Марыя Барткова: «Хацелася б, вядома, асабліва нам — супрацоўнікам музэю, бо мы жывем творчасьцю Янкі Купалы, каб беларусы крыху больш ведалі пра сваіх паэтаў. Бо, канечне, могуць сказаць, што Янка Купала — вялікі паэт, але што за гэтымі словамі стаіць? А трэба, каб такія асобы, як Янка Купала, жылі ў сэрцах людзей. Тады, пэўна, у нас будзе як у Польшчы: там у гадавіну Шапэна цырульнікі выраблялі прычоскі як у Шапэна, кандытары выпякалі тарты і рабілі шакаляд з партрэтамі і бюстамі Шапэна. У нас гэтага пакуль што няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG