Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: Эўразьвяз мог бы выкрасьліць нейкую асобу са сьпісу неўязных


Ці сьведчыць вызваленьне Алеся Бяляцкага пра нейкія намеры ўладаў Беларусі да аднаўленьня дыялёгу з Эўразьвязам? Ці гэтак моцна на сёньняшні момант патрэбна і афіцыйнаму Менску і Брусэлю кардынальнае паляпшэньне адносінаў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Алесь Лагвінец і Ўладзімер Мацкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Ці можна назваць вызваленьне Бяляцкага нейкім знакам, сыгналам для Захаду пра гатоўнасьць афіцыйнага Менску да нейкага паляпшэньня адносінаў з Захадам?

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Лагвінец: Гэта адназначна крок пазытыўны, і зразумела, што гэты крок разглядаўся як сыгнал для Эўразьвязу, як спроба наладзіць дыялёг. Натуральна, што ў Беларусі рашэньні такога кшталту прымаюцца на самым высокім палітычным узроўні.

Сам Алесь Бяляцкі казаў, што ня ведае, чаму яго вызвалілі, бо падстаў не было. Але ўлады вельмі хутка стварылі падставы для вызваленьня, не чакаючы ягонай просьбы.

Мацкевіч: Тут можна сказаць так: які дыялёг, такія і крокі. Калі б вызваленьне Бяляцкага сьведчыла пра тое, што Менск робіць крокі насустрач Захаду, то гэта павінна было б так і падавацца. А вызваленьне Бяляцкага падаецца як па амністыі і ніяк не зьвязанае з пазыцыяй Эўропы. Больш за тое, паколькі патрабаваньне Эўразьвязу тычыцца вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў, то вызваленьне аднаго ніяк не зьяўляецца рашучым крокам насустрач дыялёгу.

Але самае прыкрае тое, што Захад, здаецца, гатовы задаволіцца такімі крокамі з боку Менску, і не імкнецца на сапраўды сур’ёзны дыялёг з удзелам усёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Цыганкоў: А чаму гэтак адбываецца? Можа, проста зараз Брусэль адчувае, што афіцыйнаму Менску сёньня не настолькі моцна і патрэбны дыялёг з Захадам? Ня так, як у 2010 годзе...

Мацкевіч: Менавіта так. Сёньня Захад зразумеў, што вялікай прагі да дыялёгу з боку беларускага рэжыму ён не дачакаецца. Таму і гатовы задаволіцца бачнасьцю гэтага дыялёгу.

Зь іншага боку, Захаду важна схіліць беларускі рэжым на тое, каб ён не далучыўся да Расеі ў стаўленьні да ўкраінскага крызісу. Бо ў такім выпадку пазыцыя Расеі будзе значна больш моцная, чым зараз, і больш складаная для ўсіх удзельнікаў.

Цыганкоў: Алесь Лагвінец, дык наколькі патрэбнае стратэгічнае паляпшэньне адносінаў з Захадам афіцыйнаму Менску?

Лагвінец: Кожны бок паказаў, што гатовы аднавіць дыялёг. Эўразьвязу дыялёг патрэбны, бо толькі ў рамках дыялёгу ён можа уплываць на ўрады суседніх дзяржаў. Для Эўразьвязу таксама важна, каб тыя прынцыпы, на якіх ён будуецца, выконваліся і ў суседніх краінах.

Уладам Беларусі сёньня дыялёг з Эўропай, магчыма, патрэбны больш, чым раней

Уладам Беларусі сёньня дыялёг з Эўропай, магчыма, патрэбны больш, чым раней, бо яны перасьцерагаюцца агрэсіўнай палітыкі Расеі, баяцца застацца цалкам безабароннымі перад Расеяй. Таму на ўзроўні жэстаў гэта даволі важная падзея — вызваленьне Алеся Бяляцкага. І натуральна, што Менск чакае нейкіх крокаў у адказ ад Брусэлю. Бо на сёньня Беларусь мае нават лепшыя адносіны з краінамі Эўразьвязу, чым Расея. І Лукашэнка хацеў бы на гэтым зарабіць.

Цыганкоў: Тым ня менш, адназначнай умовай Эўразьвязу для вяртаньня да дыялёгу застаецца вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Ці можа Менск ужо цяпер пачаць патрабаваць нейкіх крокаў у адказ на вызваленьне Бяляцкага?

Лагвінец: Улады Беларусі моцна не спадзяюцца на нейкія істотныя крокі ў адказ з боку Эўразьвязу. Як, напрыклад, нядаўна заявіў Уладзімер Макей, што Эўропа будзе выстаўляць усё новыя ўмовы. І гэта даказвае, што Менск на шмат не спадзяецца.

Але відавочна, Менск хацеў бы, каб Эўразьвяз зьмякчыў сваю пазыцыю, каб размова пра палітычныя правы стала б менш важнай у парадку дня. І тут мне падаецца, што Эўразьвяз, не адмаўляючыся ад патрабаваньня вызваленьня ўсіх палітвязьняў (яно павінна быць у парадку дня, і гэта, дарэчы, пацьвердзіў Эўракамісар Штэфан Фюле падчас сустрэчы з Алесем Бяляцкім), мог бы праявіць пэўную апэратыўнасьць і выкрасьліць нейкую асобу са сьпісу неўязных. Але, зважаючы на тое, як павольна прымаюцца рашэньні ў Брусэлі, магчыма, трэба чакаць восені, каб такое рашэньне было прынятае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG