Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Садоўская: Лукашэнка не захоча агалоскі маёй справы


Кацярына Садоўская


Супроць вядомай праваабаронцы, былой палітычнай зьняволенай Кацярыны Садоўскай завялі крымінальную справу паводле артыкула аб зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі.

Кацярыне Садоўскай пагражае да 3 гадоў турмы. 26 чэрвеня праваабаронцу выклікалі ў Савецкі раённы аддзел Сьледчага камітэту і паведамілі пра завядзеньне справы. Падставай стаў зроблены ёю запіс у кнізе заўваг Савецкага раённага суду. «Да якога часу будуць выконваць злачынныя загады псыхічна хворага грамадзяніна Лукашэнкі?» — напісала Кацярына Садоўская, адбыўшы паўдня ў судзе, калі напярэдадні чэмпіянату па хакеі ў Менску прэвэнтыўна судзілі грамадзкіх актывістаў:

«Мы чакалі амаль да абеду. Ня толькі я зьвярталася па зьвесткі, але і сваякі, журналісты — але нічога не паведамлялі. І толькі калі я напісала заўвагу ў гэтую кнігу заўваг, нам вывесілі сьпіс, які судзьдзя і ў якім кабінэце каго будуць судзіць».

У 2006 годзе Кацярыну Садоўскую ўжо былі асудзілі за абразу Лукашэнкі і судзьдзі на 2 гады зьняволеньня. Амаль год праваабаронца адбыла ў сьледчым ізалятары, псыхіятрычнай лячэбніцы і ў гомельскай жаночай калёніі і вызвалілася датэрмінова. Праваабаронца згадала, што і пасьля адбыцьця першага пакараньня ёй даводзілася рабіць запісы ў кнігі заўваг судоў і дзяржаўных устаноў. Аднойчы зладзілі праверку, але сьледчыя спаслаліся на «неразборлівасьць» почырку і справу закрылі. «А тут мышы выслужваюцца перад сваім начальствам», — камэнтуе Кацярына Садоўская завядзеньне справы ў Савецкім райаддзеле Сьледчага камітэту.

Праваабаронца ўсё ж мяркуе, што да суду справа ня дойдзе — «Бо тады прыйдзецца агучваць усе дакумэнты пра псыхічны стан спадара Лукашэнкі, а яны гэтага ня хочуць», — кажа спадарыня Садоўская.

«Мяркую, Лукашэнка пабаіцца публічнага працэсу. Бо на ім будуць зачытаныя ўсе заключэньні лекараў, прагледжаны фільм „Хросны бацька“, бо ўсё гэта я запатрабую далучыць да матэрыялаў справы. Калі не захоча гэтакай агалоскі, то справу закрые, як закрываў неаднойчы. У мяне такое не ўпершыню — і ў Першамайскім раёне, і ў Фрунзенскім».

З 1988 году Кацярына Садоўская, былая працаўніца радыятарнага заводу, займаецца грамадзкай і праваабарончай дзейнасьцю. Сваю цяперашнюю актыўнасьць Садоўская тлумачыць гэтак:

«Я выклікала агонь, як кажуць, на сябе. Бо ў нас у Беларусі, на жаль, няма мужчын, якія могуць выклікаць агонь на сябе».

XS
SM
MD
LG