Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы пасьля анэксіі Крыму сталі менш купляць на лётнішчах


«Украінскі крызіс і ўмацаваньне эўра, фунта і швэйцарскага франка ды валют краінаў з разьвіванай эканомікай ударылі па розьнічным продажу ў буйных лётнішчах ад Лёндана да Франкфурту», – піша Bloomberg.

Адбылося гэта, паводле агенцтва, з-за таго, што менш сталі траціць «расейцы, у якіх бюджэт на пакупкі ў чатыры разы большы, чым у сярэднестатыстычнага пасажыра».

14 сакавіка, праз два дні пасьля крымскага рэфэрэндуму аб далучэньні да Расеі, курс расейскага рубля апусьціўся да рэкордна нізкай адзнакі 51 рубель за 1 эўра, нагадваюць аўтары артыкулу, а грыўна адносна адзінай валюты патаньнела за гэты год на 30%.

Мацней за ўсё перамены адбіліся на гандлі ў Расеі і ва Ўкраіне, распавёў П'ер Віарно, кіраўнік расейскага аддзелу гамбурскай фірмы Gebr. Heinemann SE & Co., якая мае 230 гандлёвых кропак на 61 лётнішчы: «У Маскве ў нас істотна зьнізілася сума чэка на аднаго пасажыра. У Кіеве спад яшчэ мацнейшы, амаль на 50% у параўнаньні зь мінулым годам».

У іх «ненаедны апэтыт да эўрапейскіх прадметаў раскошы» – так ахарактарызаваў падарожнікаў з Расеі аналітык банка HSBC Эндру Лабэнбэрг. Анке Гізэн, член праўленьня Fraport, кампаніі-апэратара лётнішча ў Франкфурце-на-Майне, які зьяўляецца трэцім па велічыні перасадачны вузлом Эўропы, распавяла, што звычайна «расейцы аддаюць грошай на шопінг амаль у чатыры разы вышэй за сярэдні ўзровень».

Апошнім часам расейцы сталі расставацца з грашыма «вельмі неахвотна», прызнала прэсавы сакратар Цюрыхскага лётнішча Соня Цехлінг. На «моцную дэвальвацыю» рубля скардзяцца і на венскім лётнішчы, «чыя бізнэс-мадэль пабудаваная на паветраных зносінах з Расіяй і былымі савецкімі рэспублікамі».

На парыскім лётнішчы «Шарль дэ Голь» выручка крамаў бяспошліннага гандлю ў першым квартале зьнізілася, нават нягледзячы на тое, што колькасьць рэйсаў з Кітая і Расеі павялічылася. Пры гэтым нямецкая Lufthansa AG, напрыклад, прыняла рашэньне зрабіць палёты на закранутыя канфліктам тэрыторыі больш рэдкімі, а то і зусім адмяніць іх.

Страты лётнішчаў павялічваюцца яшчэ і таму, што абралі продажы ў крамах «ключавым элемэнтам мэханізму фарміраваньня прыбытку», адзначае Bloomberg. Зараз жа над імі навісла новая пагроза: 8 траўня да самай нізкай адзнакі за апошнія два з паловай гады ўпаў курс юаня. Між тым пасажыры з Кітая па пакупках у д'юці-фры «апярэджваюць нават расейцаў», пакідаючы там у 5,4 раза больш сярэдняй сумы, заключае Bloomberg.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG