Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: У нас рэзэрвы скараціліся да мінімуму


Банк ВТБ выдаў Беларусі кароткатэрміновы крэдыт на 2 млрд даляраў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на афіцыйным сайце расейскага банку.

Крэдытная дамова падпісаная зь беларускім урадам. Сродкі павінны паступіць да канца тыдня, паведаміў журналістам намесьнік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Раней жа сябра Рады Эўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас паведамляў, што з банкам ВТБ дасягнута дамоўленасьць пра выдзяленьне Беларусі брыдж-крэдыту на 1 млрд даляраў.

Раней кіраўнік ВТБ Андрэй Косьцін паведаміў, што банк плянуе прадставіць Беларусі брыдж-крэдыт на 1 млрд. даляраў, які будзе пагашаны пасьля выдзяленьня Расеяй міждзяржаўнага крэдыту. Акрамя гэтага, плянуецца пралянгаваць выдадзеныя ў сьнежні 2013 году 450 млн даляраў. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра даволі кароткатэрміновы крэдыт, прыкладна да верасьня.

Рашэньне аб выдзяленьні Расеяй Беларусі міждзяржаўнага крэдыту ў 2 млрд даляраў прынялі яшчэ напрыканцы 2013 году, а сёлета ў траўні гэтае пытаньне абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні. Было вырашана, што да падпісаньня адпаведнага міжурадавага пагадненьня будзе выкарыстана схема брыдж-крэдытаваньня.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пасьля травеньскай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным заявіў, што расейскі крэдыт у 2 млрд даляраў пойдзе на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў Беларусі, якія ад пачатку 2014 году зьнізіліся амаль на 20%.

Ці выгаднае Беларусі гэтае брыдж-крэдытаваньне? Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

Вячаслаў Багданкевіч
Вячаслаў Багданкевіч

«Гэта камэрцыйны крэдыт, выдадзены на кароткі тэрмін, і, відаць, ён будзе замешчаны потым крэдытам ад ураду Расеі ўраду Беларусі. То бок Пуцін абяцаў 2 мільярды, а ў расейскім бюджэце гэта не прадугледжана. Таму часова пад гарантыю — і ў гэтым сэнс назвы — даецца такі вось прамежкавы крэдыт. Трэба ведаць умовы, на якіх ён даецца, але працэнт невядомы. Звычайна ўрадавыя крэдыты найбольш ільготныя і выдаюцца пад 3–5%, а гэты можа быць вышэй. Але пра гэта можна толькі здагадвацца».

Карэспандэнт: «Схема даволі незвычайная».

Багданкевіч: "Бо Пуцін абяцаў, а ў бюджэце (а бюджэт — гэта закон) не прадугледжана такога крэдыту для Беларусі. Таму расейская Дзярждума перагледзіць бюджэт і прадугледзіць выдзяленьне крэдыту Беларусі«.

Карэспандэнт: «А Беларусі грошы вельмі патрэбныя зараз».

Багданкевіч: «Так, бо ў нас рэзэрвы скараціліся да мінімуму, у камэрцыйнай банкаўскай сфэры рэзэрваў няма, там зь мінусам крэдытная пазыцыя. Таму, каб падтрымаць стабільнасьць курсу і плаціць зьнешнія даўгі, рабіць разьлікі па зьнешнегандлёвых апэрацыях, нам патрэбныя грошы. Гэта ўсё вынікі дрэннай эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне».

Карэспандэнт: «У выніку даўгі растуць...»

Багданкевіч: " У нас ужо быў валавы доўг больш за 38 мільярдаў даляраў. Цяпер, відаць, будзе 40. Даўгі надзвычай высокія, яны перавысілі 50% валавога прадукту. А калісьці беларускі ўрад лічыў лімітам бясьпекі, бясьпечнага фінансавага функцыянаваньня 50%. А цяпер ужо 55%. Таму гэта дрэнна, і ўсё залежыць ад эканомікі, а эканоміка ў крызісе. Складзкія запасы растуць — сёлета, паводле афіцыйнай статыстыкі, яны вырасьлі амаль на 30%. Апроч таго, растуць дэбіторы. Банкі крэдытуюць неэфэктыўныя праекты. А вынік— дэвальвацыя і інфляцыя. Павялічваецца грашовая маса, не забясьпечаная таварнай масай".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG