Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зноў малююць Малевіча


Да 1040-х ўгодкаў Віцебска вырашана аддаць даніну павагі віцебскім мастакам са славутай групоўкі «УНОВІС» («Сьцьвярджальнікі новага мастацтва»). А больш канкрэтна — увасобіць на сьцяне дома № 18 эскіз лідэра супрэматызму Казіміра Малевіча пад назовам «Сьмерць шпалерам!»

26 чэрвеня дапамагчы ў гэтай справе зможа кожны ахвотны — проста на месцы можна атрымаць пэндзаль і фарбы.

Ініцыятары ўвасабленьня на сьцяне віцебскага будынка эскіза пад назовам «Сьмерць шпалерам» — гэта творчая суполка мастакоў «Квадрат». Ідэя была прэзэнтаваная на чарговым «Кірмашы праектаў», які праводзіць кампанія «Будзьма беларусамі». І гарадзкія ўлады яе падтрымалі — выдаткавалі фарбы, пэндзлі і рыштаваньні, што немалаважна, бо роспіс будзе займаць усю сьцяну будынка на рагу вуліц Леніна і газэты «Праўда».

23 чэрвеня маладыя мастакі — студэнты Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту — загрунтавалі сьцяну, а цяпер пачалі наносіць малюнак. 29-га чэрвеня мае адбыцца прэзэнтацыя, але замінаюць дажджы, скардзіцца адзін са спадкаемцаў мастацкай спадчыны Казіміра Малевіча:
«Ён намаляваў эскіз, які мусіў быць потым на нейкім будынку ў Віцебску. На якім канкрэтна — невядома. Але мастакі з творчай суполкі „Квадрат“ дасьледавалі і вырашылі, што на гэтым самым будынку, падобна. І тут паблізу была Віцебская мастацкая вучэльня, дзе былі і Малевіч разам з Шагалам. Увогуле ён шмат праектаў прыдумаў тут, у Віцебску. Ён сьцьвярджаў новае мастацтва, і тут пісаў сваю навуковую працу пра супрэматызм».

Казімір Малевіч так і не пасьпеў увасобіць эскіз на сьцяне будынку, бо зьехаў зь Віцебска. Таму гэта вырашылі зрабіць ягоныя наступнікі, віцебскія мастакі. У 1980-я гады эскіз «Сьмерць шпалерам» ужо быў намаляваны на сьцяне таго самага дома, дзе ён аднаўляецца цяпер. Дарэчы, «малевічамі» штогод «падпрацоўвалі» віцебскія дворнікі: яны падфарбоўвалі працу вядомага мастака, зыходзячы з уласнага разуменьня мастацтва і наяўнасьці фарбаў пэўнага колеру. Але потым супрэматычны малюнак зафарбавалі.

У 2010 годзе — падчас сьвяткаваньня Дня горада, эскіз вярнулі да жыцьця віцебскія мастакі Алена Чуйкова, Андрэй Духоўнікаў і Аляксандар Вышка. Але праз тры гады карціну зноў зьнішчылі — разам з кавалкам гістарычнага будынка, помні ка архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў.

Цяпер малюнак ствараецца наноў, гаворыць адзін з мастакоў:

«Быў „Кірмаш праектаў“, мы прадставілі гэты праект па захаваньні нашай культурнай спадчыны. Гарвыканкам, аддзел культуры нас падтрымалі — далі фарбы, пэндзлі... Вось тут чырвонае кола, а будзе яшчэ чорны квадрат, такая паласа чырвона-шэра-фіялетавага колеру... А разам усе называецца „Сьмерць шпалерам“. Напэўна, таму, што непрыгожа фарбаваць дамы адной фарбай, лепей іх узяць і размаляваць!»
Дарэчы, фарбы на ўзор колераў, прапанаваных Малевічам, студэнтам дапамагаюць разьмешваць віцебскія мастакі. Бо імкнуцца дакладна захаваць ідэю аўтара. А дапамагчы ўвасобіць яе можа кожны: а 10 раніцы ахвотных чакаюць на вуліцы Леніна, 18, дзе ўсе віцебскія мінакі змогуць ператварыцца ў мастакоў-супрэматыстаў.

Такая акцыя праводзіцца ў Віцебску ўпершыню, і прымеркавана яна да 1040-х угодкаў Віцебска. Дзень народзінаў горад рыхтуецца адзначыць 27 чэрвеня, і на гэты дзень заплянавана яшчэ шмат незвычайных цікавостак: прыкладам, пасажыраў на чыгуначным вакзале будзе вітаць духавы аркестар, па гораду будуць курсаваць экскурсійныя трамваі і тралейбусы, а ў 15 гадзін адбудзецца адкрыцьцё помніка віцебскаму князю Альгерду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG