Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здольная Беларусь вырабляць уласныя комплексы «С-300»


Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць вырабляць у Беларусі зэнітна-ракетныя комплексы, якія па сваіх магчымасьцях ня будуць саступаць расейскім комплексам «С-300». Ці здольная Беларусь самастойна выканаць такую задачу, і ці ёсьць гэтаму альтэрнатыва? Меркаваньні беларускіх экспэртаў на гэты конт падзяліліся.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, спасылаючыся на досьвед у мадэрнізацыі вайсковага ўзбраеньня, якое засталося з савецкіх часоў, лічыыць, што Беларусь такую прадукцыю вырабляць здольная. Дзе можа разгарнуцца вытворчасьць беларускага комплексу «С-300»?

«Хутчэй за ўсё — на гэтым самым барысаўскім заводзе па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня. Цалкам магчыма. Бо там ужо выконваліся падобныя працы, па рамонце, па мадэрнізацыі. Галоўнае — мець абсталяваньне для наладкі, для праверкі, настройкі, якога не патрэбна набываць. Плюс у іх ёсьць вялікі досьвед, які дазваляе знайсьці вытворчыя і канструктыўныя недапрацоўкі. Хто рамантуе, той вельмі добра ведае недахопы прадукцыі і яе зборкі. А пастаўшчыкамі камплектуючых могуць быць „Інтэграл“, калі гэта будуць мабільныя сыстэмы — то Менскі завод колавых цягачоў, МАЗ, завод у Гомелі, які выпускае антэны для РЛС. Мяркую, усе камплектуючыя можна „закрыць“ беларускімі прадпрыемствамі, а канчатковая зборка — у Барысаве».

Слабым месцам у схеме вытворчасьці беларускіх «С-300» Аляксандар Алесін лічыць ракеты. На думку аглядальніка, наладжваць вытворчасьць ракетаў для ЗРК у Беларусі ня мае сэнсу, бо тут напрацовак няма, і таму лепш набыць ужо гатовыя ў Расеі ці ў Кітаі.

Колькі будзе каштаваць для бюджэту пераход на вытворчасьць айчынных «С-300»? Аляксандар Алесін ня ўзяўся падлічыць агульныя страты. Падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Барысаў прадстаўнікі ваенна-прамысловага комплексу казалі, што на старце ім патрэбныя ўсяго 4 мільёны даляраў, пры гэтым заказаў на беларускі комплекс нібыта ўжо ёсьць на 10 мільёнаў даляраў. На думку аглядальніка, нават вялікія ўкладаньні ў праект акупяцца хутка:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Цяпер багата краін ня хочуць зьвязвацца з ЗША ці з Расеяй — з прычыны, па-першае, гэтак званых „закладак“ — гэта „сакрэты“ ў праграме, якія ў пэўны момант могуць вывесьці ўзбраеньне зь ліку дзейных. Па-другое, пастаўкі ўзбраеньня заўсёды абстаўляюцца палітычнымі патрабаваньнямі. Маўляў, калі ты за нас, як у дзяцінстве кажуць, то мы табе прададзім, а калі не за нас, то ідзі і купі ў іншым месцы. Таму трэція краіны шукаюць незалежнага пастаўшчыка, які ня будзе ім рабіць перадумоваў, і ў гэтым пляне Беларусь таксама выглядае прывабна».

На думку Аляксандра Алесіна, задзейнічаньне беларускіх прадпрыемстваў, такіх як «Інтэграл», «МАЗ» ды іншыя, у праграме вытворчасьці айчынных «С-300» стане для іх дадатковым лякаматывам у разьвіцьці і нават застрахуе ад занадта вялікага ўплыву Расеі ў выпадку акцыянаваньня.

Незалежны эканаміст, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, наадварот, не падзяляе аптымізму адносна плянаў вытворчасьці айчынных зэнітна-ракетных комплексаў:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Ніякага лякаматыву я тут ня бачу, бо ўзровень таго, што ў нас вырабляюць на тым жа „Інтэграле“ ды іншых прадпрыемствах, сьведчыць, што ніякіх тэхналягічных прарываў у нас няма. Дзеля таго каб стварыць нешта новае, трэба быць у прамысловай эліце, дзе канкурэнцыя вельмі жорсткая. Тая ж Расея мае ад экспарту зброі амаль 15 мільярдаў даляраў штогод. Ня думаю, што Беларусь зробіць нешта лепшае за расейскія „С-300“, „С-400“, бо ў нас база слабая. Магчыма, мы і зробім устаноўку, якая зможа страляць недзе ў Афрыцы, але, мяркую, канкурэнцыя з той жа Расеяй будзе надта жорсткая. Ня думаю, што нам удасца „адчапіцца“ ад Расеі ў гэтым сэнсе, бо прыйдзецца канкураваць і з расейскім МЗС, і з расейскім ВПК. Наўрад ці Лукашэнка гэтага не разумее. Таму, мяркую, гэтая гісторыя — з разраду тых, што вось прыехаў на завод, сфатаграфаваўся на тле стабільнасьці, нешта сказаў, каб падтрымаць — і кропка».

Паводле Яраслава Раманчука, праграма вытворчасьці беларускіх «С-300» можа абысьціся бюджэту ў паўмільярда даляраў, якія, на думку экспэрта, лепш патраціць на іншыя мэты:

«Самае галоўнае — не забіраць гэтыя паўмільярда даляраў у людзей, якія іх сплацілі, а лепш зьнізіць падаткі на малы і сярэдні бізнэс, зьменшыць кошт крэдытаў і гэтак далей. Мэнтальнасьць, што прыйдзе лепшы чыноўнік і прызначыць кропкі росту, — гэта тупік. Па сутнасьці, адзін марксізм замяняецца на другі, а эканамічная палітыка не мяняецца. А краіны, якія зьяўляюцца эканамічнымі лідэрамі ў сьвеце, сталі такімі не таму, што там працуюць вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта тыя краіны, дзе цягам дзесяцігодзьдзяў стваралі прыдатныя ўмовы для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG