Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірацкія забурэньні і спрэчкі ў Вашынгтоне


Праўрадавыя ваяўнікі ў Іраку
Праўрадавыя ваяўнікі ў Іраку

Наступ ісламскіх баевікоў у Іраку выклікаў шэраг узаемных абвінавачваньняў у Вашынгтоне паміж чыноўнікамі цяперашняга і былога ўрадаў. Пра гэта піша аналітык радыё Свабода Карл Шрэк.

Атака ісламскіх ваяўнікоў у Іраку спарадзіла міжпартыйны канфлікт у ЗША. Цяперашнія і былыя чыноўнікі перакладаюць адно на аднаго віну за гэтыя падзеі.

Палітыкі-рэспубліканцы абвінавацілі прэзыдэнта Барака Абаму ў тым, што ён сваімі нерашучымі дзеяньнямі ў Сырыі і поўным вывадам амэрыканскіх войскаў з Іраку ў 2011 годзе стварыў магчымасьць для крывавага нападу з боку ісламісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава Іраку і Леванту».

У сваю чаргу высокапастаўленыя дэмакраты абвінавачваюць папярэдніка Абамы, былога прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага ў тым, што ўварваньне ў Ірак дзесяць гадоў таму стварыла перадумовы для цяперашніх беспарадкаў.

15 чэрвеня ў сваім выступе на тэлеканале CNN сэнатар-рэспубліканец ад штата Паўднёвая Караліна Ліндсі Грэм назваў Абаму «тым, хто трызьніць» і «адарваным ад рэальнасьці».

«Наш ўпарты прэзыдэнт лічыць, што ён усё ведае лепш за ўсіх. Ён вывеў войскі, зрабіўшы гэтую краіну ўразьлівай перад непазьбежным. Яму неабходна хутка зьмяніць сваю палітыку. І калі ён на гэта пойдзе, то мы яшчэ зможам яе выратаваць» — сказаў Грэм.

Адміністрацыя Абамы сьцьвярджае, што прычынай поўнага вываду войскаў стала адмова Багдаду ў прадастаўленьні амэрыканскім вайскоўцам імунітэту ад крымінальнага перасьледу ў ірацкіх судах.

Згодны з Грэмам і былы рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта Міт Ромні. На выбарах 2012 года ён пацярпеў паразу ад Абамы.

«Мы маем дастатковы ўплыў, каб схіліць ірацкага прэм’ер-міністра Нуры аль-Малікі да падпісаньня Дамовы аб статусе сілаў — заявіў Ромні ў інтэрвію тэлеканалу NBC. — Прэзыдэнт заявіў аб сваім намеры так зрабіць, але не зрабіў гэтага. І адной з прычынаў сёньняшняга крызісу зьяўляецца яго няздольнасьць гэтага дамагчыся».

Контранаступ Дэмакратаў


На мінулым тыдні сэнатар-дэмакрат ад штату Мічыган Карл Левін выступіў у абарону адміністрацыі Абамы. Пасьля закрытага брыфінгу з прадстаўнікамі арміі і выведкі ЗША Левін заявіў: «Некалькі гадоў таму, калі ў іракскага ўраду была магчымасьць падпісаць пагадненьне, якое забясьпечвае нашу частковую прысутнасьць, ён адмовіўся гэта зрабіць. Таму, перш чым што-небудзь зрабіць, нам неабходна праявіць вялікую асьцярожнасьць і добра падумаць».

Тым часам рэспубліканец, старшыня камісіі кангрэсу ЗША ў пытаньнях разьведкі Майк Роджэрс заявіў, што магчымасьці «Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту» — арганізацыі, якая захапіла некалькі гарадоў на поўначы Іраку і кантралюе частку тэрыторый суседняй Сырыі — ўзрасьлі дзякуючы таму, што адміністрацыя Абамы «не надавала Сырыі належнай увагі на працягу трох гадоў».

Адміністрацыя Абамы не згаджаецца з крытыкай сваёй палітыкі ў адносінах да Сырыі, спасылаючыся на тое, што пагроза амэрыканскага ваеннага ўдару па Сырыі прывяла да расейска-амэрыканскага пагадненьня, якое прымусіла сірыйскага прэзыдэнта Башара Асада здаць свае запасы хімічнай зброі.

Спрабуючы выбіць глебу з-пад ног рэспубліканцаў, адна з прадстаўніц дэмакратычнай партыі заявіла, што прычынай цяперашняга крызісу зьяўляецца амэрыканскае ўварваньне ў Ірак у 2003 годзе пад правадырствам прэзыдэнта Буша.

«Я лічу гэта узорам няўдалай палітыкі, якая павяла нас па гэтай сьцежцы 11 гадоў таму», — заявіла некалькі дзён таму на сваім штотыднёвым брыфінгу лідэр дэмакратычнай меншасьці ў кангрэсе Нэнсі Пэласі.

Пэласі абвінаваціла папярэдніка Абамы ў тым, што пры дапамозе «ілжывых цьверджаньняў», што ірацкі дыктатар Садам Хусейн нібыта валодае зброяй масавага зьнішчэньня, ён ўцягнуў ЗША ў вайну з Іракам.

«Адміністрацыя Буша ўвяла ў зман амэрыканскі народ, уцягнула нас у вайну на ілжывым падставах, пра што ім было вядома^; пераканала амэрыканскі народ, што вайна акупіцца, хутка завершыцца, што нас будуць сустракаць з кветкамі, — сказала Пэласі. — Вось што яны расказалі амэрыканскаму народу. Гэта, зразумела, было няпраўдай, і яны ведалі, што гэта няпраўда».

Брытанцы далучаюцца да спрэчкі



Палітычныя дзеячы часоў Буша ў сваёй большасьці не выказваюцца з нагоды дзейнасьці групоўкі «Ісламская дзяржава Іраку і Леванту», задача якой — стварэньне ісламісцкага халіфату на тэрыторыях, адваяваных у Іраку і Сырыі.

Аднак намесьнік міністра абароны ЗША ў палітычных пытаньнях з 2001 па 2005 гады Дуглас Фэйт заявіў вашынгтонскаму выданьню «Politico», што адміністрацыя Абамы павяла сябе «даволі неабдумана» з вывадам амэрыканскіх войскаў з Іраку.

Іншым саюзьнікам Буша, які ўступіў у дэбаты, стаў былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр. У гэтыя выходныя ён апублікаваў на сваім вэб-сайце эсэ, у якім зьвязвае ірацкі крызіс пераважна з грамадзянскай вайной у Сырыі.

Блэр не згодны з пунктам гледжання, што калі б не было амэрыканскага ўварваньня ў Ірак, не было б і цяперашняга крызісу.

«Замест таго, каб працягваць спрэчкі 11-гадовай даўніны, зразумейце, што, незалежна ад таго, што мы зрабілі ці не зрабілі, сёньня мы б усё роўна апынуліся б перад вялікай праблемай,» — напісаў Блэр.

У адказ на гэта мэр Лёндану Барыс Джонсан напісаў у брытанскай «The Telegraph,» зьедлівы артыкул. «Хто-небудзь павінен зьвярнуцца да Тоні Блэра і папрасіць яго заткнуцца. Ці, па крайняй меры, прызнаць, што ён паспрыяў узьнікненьню катастрофы» — напісаў Джонсан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG