Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей выказаўся пра Ўкраіну, Эўразьвяз, Эўразійскі саюз


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію агенцтву БелаПАН выказаў незадаволенасьць Эўразійскім эканамічным саюзам і адносінамі з Эўразьвязам, а таксама ацаніў прычыны вайны на Ўкраіне.

Прыводзім некаторыя цытаты інтэрвію.

Аб расейска-украінскім канфлікце


«Думаю, мы ўсе разумеем, што такія рэчы выпадкова не адбываюцца. За гэтым стаіць, я перакананы, выразна сплянаваная кампанія. Але мы не маем намеру дапусьціць гэтага. Мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб захаваць тут мір, стабільнасьць і спакой. І беларускі бок, прадпрымаючы тыя ці іншыя крокі або робячы заявы, зыходзіць не з таго, каб кагосьці асудзіць ці каму-небудзь спадабацца, а зыходзячы з сваіх нацыянальных інтарэсаў.

Мы зацікаўлены ў тым, каб гандлёва-эканамічныя, палітычныя і іншыя адносіны з Украінай разьвіваліся і надалей. Мы выбудоўваем нашу пазыцыю, зыходзячы з таго, што мы маем намер захаваць і разьвіваць вельмі цесныя стасункі ў трохкутніку Беларусь-Расея-Украіна.

Мы выступаем за тое, каб сытуацыя ў гэтым рэгіёне супакоілася як мага хутчэй. Мы заявілі ў свой час, што з улікам таго, што Менск зьяўляецца штаб-кватэрай СНД, мы былі б гатовыя даць пляцоўку для прамога дыялёгу паміж бакамі, залучанымі ў гэты канфлікт, каб знайсьці рашэньне. Але мы ніколі не казалі пра тое, што зьбіраемся быць пасярэднікамі ў гэтым пытаньні».

Пра дамову аб стварэньні Эўзразійскага эканамічнага саюза


«Эўфарыі з гэтай нагоды мы не адчуваем, таму што дамова ў той форме і ў тым выглядзе, у якім яна была падпісаная, не адпавядае той дамове, якая была прадэкляраваная ўсімі бакамі раней. Меркавалася, што гэта будзе дамова без усялякіх выключэньняў і абмежаваньняў у шэрагу адчувальных сфэраў — гэта нафта, газ, мэдыцынскія і лекавыя сродкі, аўтаперавозкі, паслугі, шэраг іншых важных сфэр, дзе пакуль захаваліся выключэньні і абмежаваньні. Беларусь была гатовая пайсьці на адпаведныя крокі на сустрэчу нашым партнэрам. Але, на жаль, нашы партнэры выявіліся негатовымі да таго, каб пайсьці на ліквідацыю ўсіх выключэньняў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі».


Пра пагрозу расейскіх алігархаў


«Мы не маем намеру аддаваць на водкуп ніякім алігархам — ці то расейскім, эўрапейскім ці амэрыканскім — тое дабро, якое было нажытае многімі пакаленьнямі беларускага народа. Гэта — прынцыповая пазыцыя кіраўніка дзяржавы. Думаць, што сюды ў адзін момант прыйдзе расейскі капітал і павыкупляе ўсё на пні, абсалютна няправільна».


Пра «дэманізацыю» ўладаў Беларусі на Захадзе


«Тое, што вобраз Беларусі дэманізуюць у заходняй грамадзкай думцы, гэта адназначна. Мы ўважліва адсочваем публікацыі ў эўрапейскіх і амэрыканскіх сродках масавай інфармацыі, заявы адпаведных палітычных дзеячаў. У мяне выклікае зьдзіўленьне шэраг публікацый, скажам так, якія тычацца дыфэрэнцыяванага выкладу адной і той жа сытуацыі, якая адбывалася б у Беларусі і ў нейкай эўрапейскай краіне».

Аб «званьні» апошняй дыктатуры Эўропы


«Я гляджу досыць нэўтральна на гэтыя заявы. Многія мае калегі, многія палітычныя і эканамічныя дзеячы, якія прыяжджаюць у Беларусь, бачаць нашы посьпехі, дасягнутыя за апошнія гады, і ацэньваюць гэта адэкватна. Хачу сказаць, што, напэўна, мы самі збольшага вінаватыя ў тым, што пра Беларусь часьцяком складаецца такое меркаваньне, кажуць, што ў Беларусі ўсё дрэнна, што гэта „куток таталітарызму“ і іншае. Мы ня ўмеем прапагандаваць тое, што мы рэальна дасягнулі».


Аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам


«Мы імкнёмся выбудоўваць абсалютна нармальныя, роўныя, раўнапраўныя і палітычныя, і гандлёва-эканамічныя, і іншыя адносіны з усімі краінамі ЭЗ. Гэта наша прынцыповая пазыцыя. І ня толькі ў дачыненьні да Эўразьвязу».



Пра рознагалосьсі з Эўразьвязам


«Для Беларусі — гэта санкцыі, абсалютна неабгрунтаваныя санкцыі з боку ЭЗ, а для ЭЗ — гэта прэтэнзіі з нагоды таго, што ў нас нібыта прысутнічае пэўная колькасьць палітвязьняў. Мы разумеем, што гэтыя праблемы прысутнічаюць у нашых адносіны, мы павінны гэтыя праблемы вырашаць. Але паралельна мы павінны рухацца актыўна ў тых сфэрах, дзе ў нас прысутнічае ўзаемная зацікаўленасьць у разьвіцьці супрацоўніцтва. І такіх сфэр дастаткова».

Пра «Ўсходняе партнэрства»


«Пакуль гэтая ініцыятыва адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, мы будзем удзельнічаць у гэтым праекце, нягледзячы на тое, падабаецца гэта камусьці ці не.

Стратэгічным пунктам гледжаньня павінен быць захаваньне тэрытарыяльнай незалежнасьці і сувэрэнітэт краін-удзельніц гэтай ініцыятывы, набліжанасьць гэтых дзяржаў да Эўропы, Эўрапейскага зьвязу»

Аб палітвязьнях


«Спачатку была лічба 11, потым восем, дзевяць, пяць ... Цяпер мы так і не ведаем, аб якой колькасьці ідзе гаворка. Апошняя лічба, літаральна ўчора пачуў падчас мерапрыемстваў у Трасьцянцы. Што нібыта пяць чалавек... Тыя асобы, якія на ўсходзе, напрыклад, Украіны праводзяць баявыя дзеяньні, змагаюцца з уладамі, — гэта тэрарысты. Тут жа, у нас, асобы, якія кідаюць кактэйлі Молатава ў будынак замежнай амбасады, — гэта ўжо палітвязьні.

Будуць выкананы адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, якія дазволілі б гэтым асобам выйсьці на свабоду, — калі ласка. Але гэта залежыць ад саміх гэтых асоб. Дзяржава, я лічу, абсалютна правільна ў гэтай сытуацыі не мае намеру ладзіць таргі і разьмен з ЭЗ з нагоды дадзенай катэгорыі асоб. Гэта выключна прававая праблема. Больш за тое, я лічу, што нават калі б мы заўтра выпусьцілі гэтых асоб на свабоду, то да нас зьявіўся б новы пералік або новы каталёг прэтэнзій. І мы б зноў думалі, што нам далей распачаць, каб нармалізаваць нашыя адносіны з ЭЗ».

Аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ



«Я не хацеў бы зараз ставіць канкрэтныя тэрміны. Мы будзем спакойна працаваць над тым, каб дасягнуць ўзаемапрымальнага па зьмесьце і па форме адпаведных пагадненьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG