Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад дна мы ўжо адштурхнуліся», — Павал Севярынец


Павал Севярынец
Павал Севярынец

11 чэрвеня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі палітыка, публіцыста Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня», якую ён пісаў на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

Дарэчы, першая прэзэнтацыя выданьня адбылася менавіта ў Пружанах. Напярэдадні сталічнай прэзэнтацыі спадар Севярынец адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Як вы самі вызначаеце жанр кнігі?

— Кніга «Беларуская глыбіня» — гэта сэрыя эсэ.

— У адным зь першых вашых эсэ я прачытала такую фразу: «Пасьля правалаў і расчараваньняў 2011 году нам патрэбны «глыбокі ўдых». А калі будзе выдых?

— Добрае пытаньне. Зараз выдыхаем, як і ўдыхаем, усё больш асьцярожненька, павярхоўна. Але тая ж беларуская глыбіня — гэта спроба паглядзець больш пільна і больш далёка, чым мы звычайна бачым. Звычайна мы спыняемся на зьнешнім. Зьнешнія раздражняльнікі — такія, як Лукашэнка альбо Расея — у нашай сьвядомасьці дамінуюць. А ўгледзець у кожным беларусе вобраз і падабенства Божае, угледзець Бога ў тых абставінах і падзеях, якія атачаюць кожнага з нас, і зазірнуць у сваё ўласнае сэрца — на гэта пакуль беларусам нестае дыху. Беларусам як народу. Безумоўна, ёсьць цэрквы, безумоўна, ёсьць інтэлігенцыя, але беларусам як народу ў масе сваёй нестае гэтага глыбокага ўдыху, глыбокага позірку. Такога глыбокага, каб убачыць Бога ў глыбіні — у сваёй глыбіні, у глыбіні Беларусі, у глыбі жыцьця. «Беларуская глыбіня» — гэта спроба...

— У вас дзьве кнігі напісаныя на «хіміі» — «Лісты зь лесу» і «Беларуская глыбіня». Малое Сітна і Куплін — чым адрозьніваецца беларуская правінцыя? Людзі, мэнталітэт — ёсьць розьніца ў глыбінцы?

— Розьніца, безумоўна, ёсьць. Розьніца — на 600 кілямэтраў на паўднёвы захад. Розьніца ў шасьці гадах жыцьцёвага досьведу. Розьніца ў тым, што пад Расеяй людзі значна больш разгубленыя, абязбожаныя і больш безнадзейныя. А на захадзе краіны ўсё ж у вачох зьзяе цікавасьць да жыцьця, ёсьць вера. Усё выглядае сьвятлей — пачынаючы ад лесу, завяршаючы белымі галовамі ў царкве. Гэта аб’ектыўная рэальнасьць Купліна. Куплін — гэта больш надзей. Ну, а Малое Сітна пакуль яшчэ застаецца краем пустыні, выпаленай яшчэ пры Івану Жахлівым.

— Але ўсё ж такі ў Куплін з прэзэнтацыяй кнігі вы зьезьдзілі, а Малое Сітна так і не наведалі. Я чула, што вы далі зарок, што прыедзеце туды, толькі калі нешта зьменіцца ў краіне. Няўжо зусім туды ня цягне?

— Скажу больш дакладна. Я туды павінен вярнуцца толькі зь перамогай. Мы так
У Малое Сітна я павінен вярнуцца толькі зь перамогай. Мы так дамаўлялілся...
дамаўляліся зь сітненцамі. Дарэчы, я зь імі перазвоньваюся, заўсёды на сувязі. І некаторыя героі «Лістоў зь лесу» ўжо палеглі. Некалькі чалавек, пра якіх я пісаў, атруціліся «максімкай» за гэтыя некалькі гадоў. Але вярнуцца спадзяюся ў Сітна зь перамогай.

— «Хімія» — гэта пэўны кавалак жыцьця. Калі вас накіравалі «на хімію», некаторыя, таксама «пішучыя», палітыкі нават пазайздросьцілі — што, маўляў, вось новую кніжку напіша, будзе час. Не шкадуеце, што гэта страчаны час, бо жыцьцё было, так бы мовіць, з пэўнымі абмежаваньнямі?

— Не. Дзякую Богу за кожную адседку, якая была ў маім жыцьці. Як гэта ні парадаксальна, у турме ты бліжэй да Бога. Туды не імкнесься, але калі ты там, калі ты пасьля таго, то выразна разумееш, што ў турме, у трывозе да Бога заўжды бліжэй. А там, вядома, і глыбей, і мацней мяняецца ўласнае сэрца і ўласнае жыцьцё. Бог да нечага рыхтуе. Тады, у 2005–2007 гадах, калі я адбываў у Малым Сітне, Гасподзь рыхтаваў мяне да разьвітаньня з маладафронтаўскай эпохай у маім жыцьці і пачаткам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Стварыў БХД разам з братамі, сёстрамі — пасьля гэтага трэба рэабілітацыя духоўная, трэба глыбей зірнуць... І пасьля гэтага вось, калі ласка, жаніцьба, новыя далягляды. І так вось, па прыпынках і рыўках, жыцьцё ідзе. А Гасподзь ім кіруе. Так што спадзяюся, што ўсё гэта — часткі Божага пляну. І бяз гэтага майго жыцьця б не было. Дзякуй Богу за Сітна, дзякуй Богу і за Куплін.

— Дзевяць месяцаў вы на волі. Ці зьмяніўся народ за гэтыя два гады, што вы прабылі на хіміі?

— Народ зьмяніўся. Але гэтая зьмена — хутчэй зьмена настрою, чым зьмена
У турме ты бліжэй да Бога
самой сутнасьці. Цяпер народ больш дрымотны, крыху больш такі ўлежны, чым гэта было ў трывожным 2010 і 2011 годзе. Трошкі ўжо паснулі. Цікавасьць выклікаюць навіны, зьвязаныя з курсам валюты, спартовымі падзеямі, асабістым жыцьцём зорак расейскай эстрады. А тое, што тычыцца палітыкі — прапускаецца міма вушэй цалкам. Зрэшты, гэтыя пэрыяды і сну, і абуджэньня — яны для беларусаў характэрныя. А за кожным пэрыядам сьпячкі надыходзіць хваля абуджэньня. Я спадзяюся, што прэзэнтацыя кнігі і ў Менску, і ў рэгіёнах будзе трапляць у хвалю ўздыму, у хвалю такога прачынаньня, аб’ектыўнага прачынаньня. Гэта залежыць не ад саміх беларусаў і не ад прэзэнтацыі — залежыць яно ад волі Божай. Думаю, што зараз усё падымаецца. Ад дна мы адштурхнуліся.

— Павал, па жыцьці вы аптыміст. А ці знаёмае вам пачуцьцё расчараваньня ў палітыцы?

— Я палітыкай не зачароўваўся ніколі. З тае пары, як я прыйшоў у беларускі рух — а прыйшоў я па неабходнасьці, а не з-за любові да гэтай самай палітыкі, у Малады Фронт і Беларускі Народны Фронт, — зразумеў цану і чалавечаму слову, і чалавечаму дзеяньню. Таму цьвяроза гляджу на жыцьцё гадоў ужо, напэўна, 12. Галоўнае, што зьмяніла маё стаўленьне да ўсяго — і да палітыкі, і да культуры — гэта вера ў Бога. Гэтая сыстэма каардынатаў, якая ў мяне ёсьць, — яна для мяне абсалютная. Не заўсёды ўдаецца самому ўпісвацца ў гэтую сыстэму каардынатаў, таму што чалавечае жыцьцё — яно схільнае да граху ад самага пачатку, схільнае да забыцьця вывучаных урокаў, схільнае да збочваньня. Але ўсё ж такі, маючы Хрыстоў крыж пачаткам сыстэмы каардынатаў, стараюся ісьці. У палітыцы — тое самае. Як у любой сфэры дзейнасьці — культуры, мастацтве, творчасьці, будаўніцтве, сям’і — гаворка ідзе пра адно і тое ж. Калі верыць — гэта, канечне, не азначае заўсёднай усьмешкі «ўсё будзе ОК», але гэта азначае імкненьне падымацца пасьля кожнага падзеньня.

— Павал, мае калегі, калі я раілася, пра што запытацца ў Севярынца, прапанавалі даведацца ў «забранзавелага» палітыка і рэлігійнага дзеяча пра ягоныя чалавечыя інтарэсы, густы. Якую музыку любіце, якое кіно?

— Кіно з жонкай мы зараз глядзім хрысьціянскае, лепшыя клясычныя хрысьціянскія фільмы. Яно — і добры густ, бо ёсьць шмат якаснага хрысьціянскага кіно. І душы карысна. Такія фільмы, як «Айцец Паіо з П'етральчына», «Джузэпэ Маскаці», «Бэн Гур», той жа спрэчны «Ной». Усё гэта мы зараз глядзім разам з жонкай.

А слухаць... Цяпер я не магу слухаць тую музыку, якая падабаецца. Бо слухаю два дыскі, якія мы выпускаем, з сэрыі «Беларускі хрысьціянскі хіт». Першы дыск — «Пілігрымскі хіт», лепшыя беларускамоўныя пілігрымскія сьпевы, і ён выходзіць вось-вось з дапамогай «Будзьмы» перад штогадовай традыцыйнай пілігрымкай у Будслаў. А другі будзе прысьвечаны 500-годзьдзю бітвы пад Воршай, гэта лепшыя беларускамоўныя патрыятычныя сьпевы. Таму даводзіцца слухаць сотні сьпеваў. Так што слухаю хрысьціянскую музыку апошнія 9 месяцаў.

— Вы не прафэсійны літаратар, нават па адукацыі (у адрозьненьне ад таго ж Фядуты) не філёляг. Але, як адзначаюць крытыкі, у Севярынца ёсьць свой стыль, ён пазнавальны, трапны, эмацыйны. Дзе так натачылі пяро, так бы мовіць?

— Пісаў я зь дзяцінства. Таму гэта, магчыма, колькасьць перайшла ў якасьць. У мяне дома кубамэтар ляжыць сьпісаных школьных сшыткаў у клетачку. Мастацкую літаратуру, розныя «фэнтэзі» я пісаў ужо ў дзяцінстве. Таму ўсё астатняе для мяне — ужо другі пэрыяд, калі пісаць ужо даводзілася ня ў стол, і не для сябе, і не для сяброў. А для таго, каб патлумачыць, што ты адчуваеш і перажываеш. Да таго ж і матуля, і тата ў мяне зь філфаку, старэйшая сястра скончыла філфак, жонка — таксама філфак. Таму я — адзін геоляг у атачэньні многіх філёлягаў. Кнігі вакол былі з самога дзяцінства. І было каму ацаніць тое, што напісаў. Дзякуй Богу за такую сям’ю, за такую жонку, якая зараз можа ацаніць напісаныя фрагмэнты.

— А крытыкуе?

— Натуральна. На філялягічным факультэце літаратурных крытыкаў рыхтуюць прафэсійна.

— А над чым працуеце, ці ёсьць задумы новых кніг? Якія пляны на будучыню?

— Усё ж такі я мушу давесьці да ладу чарнавік раману «Сэрца сьвятла». Зараз ён на працоўным стале, гэта вялікая мастацкая рэч — больш за 700 старонак. Праўда, гэта не такі хуткі працэс. Хутка не атрымаецца. Хочацца зрабіць гэта галоўнай кнігай у жыцьці, таму буду шліфаваць. Для хрысьціяніна ад 30 да 33 гадоў — вызначальны час, ключавы. Чарнавік раману быў напісаны менавіта ў гэты пэрыяд — з 30 да 33-х. Трэба давесьці да ладу — у Купліне не было часу. Цяпер час зьявіўся.
Павал Севярынец — беларускі палітык і публіцыст. Аўтар кніг «Нацыянальная ідэя: Фенаменалогія Беларусі», (2005), «Лісты з лесу», (2007), «Брату» (2007), «Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі» (2008), «Беларуская глыбіня» (2014).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG