Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Галко пра свае 90 дзён ва Ўкраіне: «Гештальт не завершаны»


Зьміцер Галко, архіўнае фота
Зьміцер Галко, архіўнае фота

Карэспандэнт менскага выданьня «Новы час» Зьміцер Галко езьдзіў па гарачых кропках Украіны роўна 90 сутак. За гэты час журналіст наведаў Данецк, Днепрапятроўск, Адэсу, Хэрсон, Жытомір, Наваград-Валынскі, Кіеў, Харкаў, Луганск, Марыюпаль, а таксама шматлікія малыя гарадкі на Данеччыне. Сёньня раніцай Зьміцер прыехаў з Кіева ў Менск, дзе і распавёў пра вынікі сваёй трохмесячнай камандзіроўкі Радыё Свабода.

— Зьміцер, як сустрэла радзіма?

— Радзіма пабудзіла ўжо ў цягніку пасярод ночы. Хоць нібыта не павінна была. Калісьці СМІ шырока рэклямавалі, што ў фірмовым цягніку Кіеў — Менск больш ня будзе начных праверак. Але праверку на вакзале выканалі толькі ўкраінцы, а нашы памежнікі пачалі будзіць пасажыраў пасярод ночы. Добра, што хоць падчас кантролю ніякіх праблемаў ня ўзьнікла. Але гэта было нечакана, таму што я адмыслова паехаў гэтым дарагім цягніком, каб мець магчымасьць выспацца ў дарозе.

— Якім падаўся Менск пасьля вандроўкі, цягам якой вы пабывалі ў некалькіх дзясятках украінскіх гарадоў?

— Проста сонны горад.

— Нядаўна вы пісалі ў Фэйсбуку, што за гэтую вандроўку адчулі сябе ня столькі журналістам, колькі ўкраінцам і што ўжо ня хочацца пісаць, проста душа баліць за Ўкраіну. Як можаце пракамэнтаваць гэтыя словы?

— Гэта праўда. Апошнімі тыднямі я ўжо і пісаць ня мог, бо занадта быў душэўна ўцягнуты ў працэс, які мусіў толькі назіраць і апісваць. Так моцна перажываў, што калі б нешта пісаў, то, хутчэй за ўсё, гэта б скончылася праўкраінскімі
Апошнімі тыднямі я ўжо і пісаць ня мог, бо занадта быў душэўна ўцягнуты ў працэс, які мусіў толькі назіраць і апісваць. Так моцна перажываў
прапагандысцкімі выпадамі, а не аб’ектыўнымі журналісцкімі матэрыяламі. Я лічу, што гэта насамрэч праблема для журналіста. Але ўсё ж я знайшоў у сабе сілы не пісаць апошнім часам, калі ўсьвядоміў ступень сваёй заангажаванасьці ў сытуацыю. Вырашыў, што тут лепш трохі памаўчаць, бо іначай я стаў бы часткай вайсковых дзеяньняў.

— І ўсё ж, калі гаварыць пра журналісцкі бок вашага знаходжаньня ва Ўкраіне, якія вынікі можна зрабіць?

— Напісаў 23 уласныя матэрыялы для «Новага часу». Але таксама была вялікая колькасьць інтэрвію, якія я нават не лічыў. Даваў іх Радыё Свабода, «Украінскай праўдзе», «Гардону», іншым выданьням.

— Вы абрасьлі новымі знаёмымі і сябрамі падчас паездкі. Зь якімі асноўнымі катэгорыямі людзей вы пасябравалі?

— У Хэрсоне — з праваслаўнымі сьвятарамі, праграмістам і журналістам. У Наваградзе-Валынскім — з прадстаўнікамі мясцовай самаабароны. У Адэсе — з актывістамі Майдану. У Харкаве — з унівэрсытэцкім прафэсарам. Таксама пазнаёміўся з вайскоўцамі і пасябраваў з камандзірам роты снайпэраў. У Кіеве
Засталося адчуваньне прафэсійнай няскончанасьці, як бы не да канца карціна завершаная
вельмі шмат людзей, зь якімі я пасябраваў. Увогуле, магу сказаць, што столькі знаёмстваў у мяне не зьяўлялася за ўсё жыцьцё, як за гэтыя тры месяцы. А зь дзьвюма журналістамі — італьянцам і французам — мы правялі разам паўтара месяца. Сталі адной сям’ёй. Яны запрасілі мяне ў госьці ў Італію і Францыю. Вельмі цёпла разьвітваліся зь імі. Ледзь не са сьлязьмі. Італьянскі журналіст называў мяне «мой малодшы вялікі брат», бо ён трохі старэйшы за мяне, але ніжэйшы ростам.

— Ці радуецеся, што ўдалося вярнуцца жывым і здаровым?

— Не, больш засталося жалю, што давялося вяртацца. Гештальт не завершаны ў некалькіх сэнсах. Па-першае, ва Ўкраіне ўсё яшчэ працягваецца. Па-другое, засталося адчуваньне прафэсійнай няскончанасьці, як бы не да канца карціна завершаная. Таму ня радасьць, а хутчэй жаль. Калі гаварыць пра адчуваньне бясьпекі, то яно зьяўляецца адразу, як толькі выяжджаеш з Данбасу, туды, дзе ўжо лунаюць украінскія сьцягі. Таму ў гэтым сэнсе пераезд з Кіева ў Менск нічога не зьмяняе.

— Ваша вандроўка пачалася 8 сакавіка. Адпаведна, прайшло 90 дзён, на працягу якіх беларусы могуць знаходзіцца ва Ўкраіне. Ці гэта адзіная прычына, чаму вы вярнуліся?

— Не. Можна было фармальна выехаць і зноў вярнуцца, тады б пачаўся адлік новых 90 дзён. Але тут ужо і іншыя чыньнікі ёсьць. Напрыклад, у фінансавым пляне мне дапамагалі сябры-праграмісты, але ўжо не хацелася іх больш напружваць. Плюс гэтае адчуваньне немагчымасьці аб’ектыўна пісаць. Стаў занадта заангажаваны.

— Гэта значыць, што бліжэйшым часам не плянуеце ехаць ва Ўкраіну зноў?

— Чаму ж? Можа і запляную. Праўда, ёсьць іншая ідэя, якая заключаецца ў наведваньні расейцаў у краінах Балтыі, напрыклад, у Эстоніі і Латвіі. Мне
Калі ёсьць сумневы, ехаць ці ня ехаць у Данбас, то лепш ня ехаць. Справа ў тым, што часам там можа здавацца, што ўсё вакол даволі бясьпечна, але гэта ілюзія і падман
такую ідэю падказаў сябра ў Кіеве — што было б цікава даведацца, ці не зьбіраюцца яны там свае народныя рэспублікі паўтвараць, ці не чакаюць яны там расейскіх танкаў. Таму альбо Балтыя, альбо вяртаньне ва Ўкраіну.

— Улічваючы атрыманы досьвед, што б вы маглі параіць іншым журналістам, якія б вырашылі паехаць у Данбас? Ці, можа, увогуле б адгаварылі ехаць?

— Калі ёсьць сумневы, ехаць ці ня ехаць у Данбас, то лепш ня ехаць. Справа ў тым, што часам там можа здавацца, што ўсё вакол даволі бясьпечна, але гэта ілюзія і падман. Насамрэч небясьпека чакае на кожным кроку. Асабліва гэта тычыцца тых журналістаў, якія не працуюць у такіх міжнародных карпарацыях, як BBC ці CNN і, адпаведна, не праходзяць вайсковай падрыхтоўкі і ня маюць амуніцыі. Напрыклад, італьянскі журналіст Андрэа Рачэлі загінуў пад Славянскам менавіта праз адсутнасьць амуніцыі. Таксама трэба быць гатовым, што трэба будзе хаваць тое, што ты журналіст. Мне даводзілася пакідаць пасьведчаньне і, ня маючы акрэдытацыі ні ДНР, ці ЛНР, маскавацца пад перакладчыка. Карацей, даводзілася працаваць, будучы практычна шпіёнам. Такім чынам, гэта не традыцыйная журналісцкая праца. Таксама трэба быць гатовым да таго, што калі ты там працуеш доўга і пішаш на мове, якую сэпаратысты могуць зразумець, яны будуць цябе адсочваць, пагражаць. Таму чалавек, які хоча ехаць у Данбас, мусіць цалкам усьведамляць небясьпеку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG