Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін гатовы сустрэцца з Парашэнкам у Нармандыі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў у інтэрвію францускаму тэлебачаньню TF-1, што гатовы сустрэцца з новаабраным украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам на ўрачыстасьцях, прысьвечаных 70-годзьдзю высадкі саюзных войскаў у Нармандыі падчас Другой сусьветнай вайны.

Паводле словаў Пуціна, у Парашэнкі «пакуль рукі не акрываўленыя», што дае яму ўнікальную магчымасьць наладзіць дыялёг з сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.

Раней новаабраны прэзыдэнт Украіны заявіў, што прадставіць плян мірнага ўрэгуляваньня ў краіне пасьля інаўгурацыі 7 чэрвеня. Ён мяркуе шырокую амністыю і дэцэнтралізацыю ўлады. Парашэнка адзначыў, што яго сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным у Францыі не плянуецца, але ня выключыў, што перамовы могуць адбыцца.

Ініцыятарам магчымай сустрэчы расейскага і ўкраінскага лідэраў стаў прэзыдэнт Францыі Франсуа Аланд. Паводле яго словаў, пасьля запрашэньня Парашэнкі на ўрачыстасьці ў Нармандыю, ён патэлефанаваў Пуціну, каб папярэдзіць яго пра гэта.

У чацьвер, 5 чэрвеня, Пуцін накіроўваецца ў Парыж, дзе ўпершыню з пачатку ўкраінскага крызысу сустрэнецца з заходнімі лідэрамі, у прыватнасьці з прэзыдэнтам Францыі і прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі.

У пятніцу, 6 чэрвеня, у Нармандыі чакаюцца сустрэчы Пуціна зь лідэрамі краін, якія бяруць удзел у сьвяточных мерапрыемствах. Да пачатку афіцыйнай часткі ён пагутарыць з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркэль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG