Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка вайны ў Конга адправілі з Акрэсьціна ў Навінкі


ЦІП на завулку Акрэсьціна
ЦІП на завулку Акрэсьціна

Патрыка Мангалуа, грамадзяніна Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, які амаль год чакаў дэпартацыі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, верагодна, перавезьлі ў Навінкі.

Пра гэта паведаміў актывіст кампаніі «Ежа супраць бомбаў» Алесь Курэц, які правёў у адной камэры з Патрыкам 10 сутак. Алесь Курэц вызваліўся з Акрэсьціна 1 чэрвеня, адбыўшы пакараньне ў 15 сутак.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, Патрык Мангалуа зьяўляецца ўдзельнікам крывавай грамадзянскай вайны, якая цягнецца ў Конга ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў. У Беларусі ў яго выявіліся праблемы з дакумэнтамі.

Алесь Курэц: «Мне пра гэта стала вядома ўжо на Акрэсьціна. Па Патрыку ўжо было бачна, што ён на мяжы. У вачах апатыя — чалавек ня ведаў, што зь ім будзе.

Мяне 17-га завезьлі на Акрэсьціна каля сямі вечара і завялі ў 37-ю камэру. У нас быў „паўлюкс“ на два чалавекі. Я да яго зьвярнуўся па-руску, пасьля па-ангельску. Пасьля я ўжо зразумеў, што гэта той замежнік, пра якога распавядаў Максім Вінярскі. Яны таксама разам сядзелі. Я спрабаваў зь ім кантактаваць, але ён часам нават не рэагаваў на звароты.

Я калі пачаў крыху спортам займацца, пачынаў адціскацца, то ён, відаць, палохаўся. Забіваўся ў кут і адтуль на мяне глядзеў.

Я яму спрабаваў шкарпэткі аддаць, якія мне перадалі. У яго былі зусім драныя. Ён іх узяў, паклаў у тумбачку, а празь нейкі час паказаў мне „лайк“ — палец узьняў дагары, але шкарпэткі вярнуў.

Там казалі, што ён крыху ведаў расейскую і нават разумее. Але Вінярскі казаў, што яго міліцыянты зьбівалі, і ён „закрыўся“. А да таго ён хадзіў і ў лазьню, і на шпацыр. Мне падаецца, у яго рэальна пачаліся праблемы з галавой. І ён ні з кім не кантактаваў доўгі час, нічога не чытаў — гэта вельмі цяжка».

Радыё Свабода неаднаразова паведамляла пра гісторыю грамадзяніна Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрыка Мангалуа. Праваабаронцы зьвярталі ўвагу на неправавое і негуманнае стаўленьне да замежнага грамадзяніна і не спыняюць спробаў паўплываць на ягоны лёс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG