Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: Гэта палітычны кампраміс Лукашэнкі і Пуціна


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

У Астане дамовіліся, што ў 2015 годзе ў бюджэт Беларусі будзе залічана 1,5 млрд даляраў вывазнога мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Хоць афіцыйны Менск дамагаўся, каб усё гэтае мыта паступала ў беларускі бюджэт.

Камэнтуючы гэтыя дамоўленасьці эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак адзначыла, што гэтае пытаньне не такое простае:

«Краіны «тройкі» меркавалі адмяніць мыта на нафту і нафтапрадукты. Гэтая праблема больш вызначальная для Беларусі, бо казахстанская і расейская эканомікі — сыравінныя, і ніякай дывэрсыфікацыі ў межах «тройкі» цягам апошніх гадоў не адбылося. Казахстанская і расейская эканомікі атрымліваюць у свой бюджэт мыта ад нафтапрадуктаў. І гэта вельмі істотная доля іх даходу. І адмяніць хутка гэта немагчыма.

Хоць расейскія чыноўнікі насамрэч падрыхтавалі некалькі сцэнараў адмены гэтага мыта. Але меркавалася, што гэта будзе паступова і ня вельмі хутка, бо гэта даволі балюча і для саміх НПЗ, і для нафтавага рынку, перш за ўсё рынку паліва, і для ўнутраных спажыўцоў Расеі. Калі хутка адмяніць мыта — што гэта азначае? Трэба павысіць падатак на здабычу карысных выкапняў у Расеі. А гэта азначае, што вытворцы, здабыўцы нафты, унясуць гэты падатак у кошт нафты і яе кошт падвысіцца на ўнутраным расейскім рынку. І таму падвысіцца кошт нафтапрадуктаў. Гэта балюча. Сёньня расейскі спажывец да гэтага не падрыхтаваны.

Таму расейскія чыноўнікі меркавалі, што ўсё ж удасца неяк улагодзіць беларускі бок і аднесьці гэты тэрмін адмены мыта да 2025 году. Але беларускі бок прынцыпова патрабаваў адмены гэтага мыта і меркаваў, што гэта адбудзецца з наступнага году. Ён разумеў, што Расея не падрыхтаваная адмяніць гэтае мыта на ўнутраным рынку. Калі б гэтае мыта было адменена ў межах «тройкі», то Беларусь не атрымала б дадаткова нейкіх бонусаў, яна б атрымала вельмі высокі кошт нафты, нафтапрадуктаў. І было б больш праблемаў.

Але ў гэтай сытуацыі Расея ня можа адмяніць гэтае мыта на ўнутраным рынку. Калі ствараць такі эканамічны зьвяз, то відавочна, што нейкія бар’еры ў выглядзе гэтага мыта не павінны прымяняцца. І таму абсалютна лягічна, што беларускі бок патрабаваў 100% гэтага мыта пакінуць у сваім бюджэце з 2015 году. Мы бачым, што пакуль ствараецца непаўнавартасны эканамічны саюз, і таму гэта палітычныя дамовы Лукашэнкі і Пуціна. Дасягнуты кампраміс палітычны. І што атрымае Беларусь у 2016 годзе, пакуль невядома.
Дасягнуты кампраміс палітычны. І што атрымае Беларусь у 2016 годзе, пакуль невядома


Апошнім часам расейскія чыноўнікі вельмі настойліва распрацоўваюць падатковыя манэўры, каб зьнізіць датацыі беларускай эканоміцы. Але ж радыкальна Расея не гатовая, не падрыхтаваная мяняць гэтую падатковую палітыку, і пакуль Беларусь выкарыстоўвае гэтую магчымасьць. Але гэтыя 1,5 мільярда даляраў — гэта кампраміс з расейскага боку, бо было відавочна, што Расея плаціць зноў за стварэньне гэтага саюзу ня хоча. Але, відаць, за кулісамі вядуцца яшчэ іншыя перамовы — напрыклад, па доступе расейскіх кампаніяў да беларускай уласнасьці і гэтак далей. Але таго, што хацеў, беларускі бок не атрымаў. І спатрэбіцца зноў даволі хутка пачынаць новыя перамовы пра мыта з 2016 году».

У мінулым годзе Беларусь пералічыла Расеі каля 3,3 млрд даляраў экспартнага мыта, бо аб’емы экспарту нафтапрадуктаў былі зьменшаныя. Сёлета гэта будзе каля 3,5 млрд даляраў.

А ці магчыма, улічваючы дасягнутыя дамоўленасьці пра 1,5 млрд даляраў, што беларускі бок зможа змахляваць, як гэта было раней з пастаўкамі растваральнікаў?

«Гэтыя дзіркі ў заканадаўстве Мытнага саюзу Эўразійская эканамічная камісія пастаралася закрыць, каб такога нядобрасумленнага бізнэсу больш не было. Складана казаць. У расейскіх мэдыях былі падазрэньні, што нібыта там Беларусь імкнецца пастаўляць і выпрацоўваць больш прадукцыі той, на якую няма мыта. Але ж гэта патрабуе доказаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG