Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна. Выбары і самаабарона


На прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў ахове грамадзкага парадку былі задзейнічаны новыя спэцфармаваньні Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама сілы самаабароны.

Да закрыцьця выбарчых участкаў заставалася пару дзясяткаў хвілін, але камандзір Чарнігаўскай абласной самаабароны Ўладзімер Федарок просіць сваіх актывістаў не супакойвацца, трымаць апэратыўныя групы ў гатоўнасьці падчас падліку галасоў і асабліва перавозкі пратаколаў з участкаў у акруговыя выбарчыя камісіі. Сам жа, з сымбалічным «цьфу-цьфу» празь левае плячо і пастукваньнем костачкамі пальцаў па драўлянай стальніцы, каб не сурочыць, апавёў:
Уладімер Федарок
Уладімер Федарок
«Такіх спакойных выбараў яшчэ не было. Раней, пры Янэку (Януковічу), такое напружаньне было, што проста жах. А цяпер людзі ідуць і аддаюць свой голас. Ніхто нікога не напружвае, ня ўказвае, за каго галасаваць. Можна сказаць, што гэта першыя сапраўды дэмакратычныя выбары ва Ўкраіне».

Рэгіянальны штаб самаабароны месьціцца ў будынку абласной дзяржадміністрацыі. Уладзімер — сябра партыі «Свабода», камандзір «сотні» на Майдане, а да таго часу кіраваў адным зь сельгаскаапэратываў. Цяпер арганізоўвае працу гарадзкой і двух дзясяткаў раённых арганізацыяў самаабароны.

На выбарах самаабарона мела сваіх прадстаўнікоў на многіх выбарчых участках, якіх у вобласьці ўтворана Цэнтравыбаркамам 1108:

«Мы пайшлі якім шляхам: багата нашых актывістаў самаабароны цяпер знаходзяцца на ўчастках у камісіях — і чальцамі, і назіральнікамі. Яны непасрэдна на ўчастках. Стварылі таксама мабільныя транспартныя групы, якія аб’ехалі ўсе выбарчыя ўчасткі, далі камісіям тэлефонныя нумары мабільных групаў і нумары штабу, каб у выпадку непрадбачаных, няштатных сытуацыяў маглі выклікаць нас на выбарчы ўчастак. І ў такім разе мы чынную дапамогу аказваем — па затрыманьні, недапушчэньні парушэньняў правапарадку».
Аляксандар Ясянчук
Аляксандар Ясянчук
Два дробныя інцыдэнты па-за межамі выбарчых участкаў, калі неадэкватныя гараджане гучна высьвятлялі адносіны паміж сабою, добраахвотнікі самаабароны прыпынілі досыць хутка. Усіх адвезьлі ў міліцыю. Дарэчы, мабільныя групы, а таксама каардынатар самаабароны ў рэгіёне Аляксандар Ясянчук, зь якім мы аб’яжджалі ўчасткі, мелі пры сабе на законных падставах аўтаматы.

Дзяжурыла на выбарчых участках і міліцыя, у прыватнасьці, наваствораны спэцбатальён «Чарнігаў». З ранейшымі міліцэйскімі фармаваньнямі стасункі ў самаабароны ў лепшым выпадку нэўтральныя.

Федарок: «Вы ж бачыце, што адбываецца ў міліцыі. Дужа багата часу ў нас міліцыя стваралася дзеля таго, каб абслугоўваць бандзюганаў пры ўладзе. І яны іх абслугоўвалі. Яны адвыклі працаваць так, як павінна працаваць міліцыя. Яны абслугоўвалі бандытаў, стваралі „дахі“, схемы. Па тых падзеях, што адбываюцца ў Данецку, Луганску, у Адэсе, усім бачна, што яны прынялі бок сэпаратыстаў. Пачаплялі георгіеўска-ўласаўскія стужачкі і пайшлі за імі. І цяпер расказваюць, што, аказваецца, абараняць Бацькаўшчыну — гэта ня іхняя прэрагатыва».
Самаабарона Чарнігава: Андрэй Казачэнка (л) і Сяргей Клімянок (п)
Самаабарона Чарнігава: Андрэй Казачэнка (л) і Сяргей Клімянок (п)


Актывіст Андрэй Казачэнка з мабільнай транспартнай групы, якую мы сустрэлі ў цэнтры Чарнігава, кажа, што самаабарона рэагуе ня толькі на парушэньні грамадзкага парадку:

«У нас максымальная мабільнасьць. Як штосьці заўважана — якія-кольвек махінацыі, фальшаваньні альбо правакацыі — мы хутка рэагуем. Пакуль нічога такога не траплялася — усё на выбарах ідзе спакойна і роўна. Адсоткаў 80 актывістаў самаабароны Чарнігава — гэта людзі, якія езьдзілі на Майдан у Кіеў, стаялі на чарнігаўскім Майдане. І я таксама».


На выбарчым участку ў інстытуце эканомікі, куды мы заяжджалі пасьля паўдня, кіраўніца выбарчай камісіі Ларыса Садоўская апавяла:

«Тэлефоны пакідалі нам з самаабароны. Сказалі, як будзе якая непатрэбшчына, каб тэлефанавалі — яны прыедуць зрабіць парадак. Тэлефануюць: „У вас усё ў парадку?“ — „Усё ў парадку!“ Сёньня ўжо разы чатыры тэлефанавалі, пыталіся. Дапамагаюць усе — акруговая выбарчая камісія, міліцыянт таксама ў нас дзяжурыць. На ўчастку ўсё спакойна, ніякіх інцыдэнтаў не адбывалася. Людзі ўсё разумеюць і, я б сказала, настроеныя патрыятычна».

Яшчэ адна асаблівасьць украінскіх выбараў, якая дадае ім стабільнасьці і легітымнасьці, палягае ў тым, што ў камісіі ўключаныя прадстаўнікі ад усіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Апрача таго, участкі забясьпечаныя празрыстымі выбарчымі скрынямі для галасаваньня.

Прафэсар, доктар гісторыі з Чарнігава Сяргей Леп’яўка заўважае, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў украінцы прадэманстравалі сваю еднасьць, высокі патрыятызм — у мясцовых крамах мігам раскупілі ўсе нацыянальныя кашулі і блюзы-вышыванкі. Швейнікі не пасьпявалі вырабляць вялікія і малыя блакітна-жоўтыя сьцягі й стужкі. А фэномэн Парашэнкі, які здабыў падтрымку ўкраінцаў ужо ў першым туры, заключаўся, як лічыць прафэсар, у тым, што ён змог аб’яднацца:

«Уласна кажучы, тое, што можна зараз называць фэномэнам Парашэнкі — нібыта ён выплыў неспадзявана, можна ў значнай ступені патлумачыць тым, што ён патрапіў аб’яднацца з Клічко. Ідэя і чаканьні людзей, што трэба аб’ядноўвацца, выявіліся менавіта ў Парашэнкі — і гэта дадало яму галасоў».

Па словах прафэсара, пры ўсёй сваёй міралюбнасьці ўкраінцы выявілі адзінства і праз гатоўнасьць абараняць тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць дзяржавы:

«Міралюбнасьць і жаданьне абараняць — не супярэчаць адно аднаму. І вельмі важна, што ў такой справе ўкраінцы адзіныя. І зараз у тых, хто пайшоў у добраахвотныя фармаваньні, у нацыянальнае войска, ёсьць дужа цікавая тэза: мы міралюбныя, але гатовыя абараняць Украіну — ажно да Масквы».
XS
SM
MD
LG