Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысты Данецку і Луганску абвясьцілі «Наваросію»


Павел Губараў
Павел Губараў

Самаабвешчаныя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі» падпісалі сёньня дакумэнт аб аб’яднаньні ў складзе адзінай дзяржавы пад назвай «Наваросія». Пра гэта паведамляе «УРА-Информ.Донбасс».

Сам працэс падпісаньня праходзіў у закрытым рэжыме, уваход у пакой ахоўвалі некалькі аўтаматчыкаў. Зафіксаваць змацаваньне дакумэнту подпісамі дапусьцілі толькі журналістаў тэлеканалу «Россия-24». Таксама падчас мерапрыемства было абвешчана, што ў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» адбыўся раскол. Кіраўніцтва «ДНР» раскалолася на дзьве групы, якія падтрымліваюць розныя погляды на развіцьцё «рэспублік».

Сёньня ў Данецку адбыўся таксама так званы «парлямэнцкі зьезд народных прадстаўнікоў» з шэрагу гарадоў і абласьцей Украіны. Як паведамляюць «Навіны Данбасу», удзельнікі прынялі «маніфэст Народнага фронту».

«Народны фронт створаны для абароны мірнага насельніцтва ад тэрору і нацысцкіх банд, што фінансуюцца алігархамі і замежнымі спэцслужбамі, за права людзей на годнае жыцьцё, для самавызначэньня і самаарганізацыі ўсіх надзённых сацыяльных праблем і пераадоленьня масавай беднасьці і беспрацоўя, для дасягненьня сапраўднай свабоды і справядлівасьці, для ўмацаваньня сувязяў з Расеяй, ваенных суполак, духоўных каштоўнасьцяў і эканамічнага росквіту», — цытуе маніфэст выданьне Данецкай гарадзкой рады «Муніцыпальная газэта».

Зьезд быў ініцыяваны рухам «Паўднёвы Ўсход» на чале з Алегам Царовым. Яго падтрымалі кіраўнік «Вярхоўнай Рады» «ДНР» Дзяніс Пушылін і «прэм’ер -міністар» «ДНР» Аляксандар Барадай. «Кіраўнік ЦВК» «ДНР» Раман Лягін, «сьпікер парлямэнту» «ДНР» Уладзімір Маковіч і «народны губэрнатар» Павел Губараў не падтрымалі ідэі гэтага мерапрыемства і заявілі , што ня маюць да гэтых людзей ніякага дачыненьня. У прыватнасьці, Губараў заявіў, што не прызнае назву «Паўднёвы Ўсход», паколькі лічыць, што новая дзяржава павінна называцца «Наваросіяй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG