Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 рэчаў, якія варта ведаць пра ўкраінскія выбары


Юлія Цімашэнка выступае на сустрэчы з выбарцамі ў Чарнігаве 22 траўня
Юлія Цімашэнка выступае на сустрэчы з выбарцамі ў Чарнігаве 22 траўня

Усім зразумела, што «шакалядны кароль» Пётр Парашэнка атрымае больш галасоў, чым «газавая прынцэса» Юлія Цімашэнка 25 траўня ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

Але, як пераконвае карэспандэнтка Радыё Свабода Дэйзі Сіндэлер, ёсьць яшчэ некалькі рэчаў, якія варта ведаць наконт гэтага галасаваньня.

1. Цімашэнка – не адзіная, каго ўвянчалі ляўры «аранжавай рэвалюцыі»

Вядома, яна, бадай, адзіная, пра каго мы сёньня помнім. Але Парашэнка, які ў 2004 годзе быў уладальнікам магутнага кандытарскага бізнэсу ды папулярнага і ўплывовай тэлевізійнага Пятага каналу, лічыўся адным з найбуйнейшых фінансавых спонсараў рэвалюцыі. Юшчанка прызначыў Парашэнку кіраўніком Рады бясьпекі і абароны, а Цімашэнку – прэм’ер-міністрам. Абое былі адпраўленыя ў адстаўку ў 2005 годзе, пасьля таго, як публічна абвінавацілі адно аднаго ў карупцыі і паралізавалі працу ўраду.

2. Цімашэнка таксама не адзіная, хто можа дамаўляцца з Расеяй

Цімашэнка традыцыйна лічыцца палітыкам, які мае добрыя працоўныя адносіны з Крамлём. Мянушку «газавая прынцэса» яна атрымала ў сувязі зь імпартам расейскага газу ў 1990-х; Уладзімір Пуцін сказаў, што зь Цімашэнкай «камфортна» працаваць, у 2009 годзе, пасьля таго, як яны дамовіліся аб новай цане на расейскі газ, якая потым прывяла да яе зьняволеньня.

Але і Парашэнка – які займаў дзяржаўныя пасады пры кожным прэзыдэнце Ўкраіны, пачынаючы ад Леаніда Кучмы – таксама мае імідж міратворца ў адносінах з Масквой. Адна з найбуйнейшых фабрык ягонай шакаляднай імпэрыі знаходзіцца на поўдні Расеі.

3. Другі тур будзе на руку Цімашэнцы

Найноўшае апытаньне, праведзенае Фондам дэмакратычных ініцыятываў і Цэнтрам Разумкова, дае Парашэнку выбарчую падтрымку 44,6%, а Цімашэнцы – усяго 8.4%.

Але ўсім трэба помніць пра гэтак званы «фэномэн Цімашэнкі», які палягае на тым, што кіраўніца «Бацькаўшчыны» ў фактычным галасаваньні традыцыйна набірае да 15% галасоў больш, чым у апытаньнях. Калі дадаць да гэтага фэномэну яшчэ 15% выбаршчыкаў, якія пакуль ня вызначыліся, то рэйтынг Цімашэнкі тэарэтычна падскоквае да амаль 40%.

Другі тур выбараў, які вельмі верагодны ў цяперашняй няўстойлівай сытуацыі ва Ўкраіне, можа мабілізаваць у большай ступені выбаршчыкаў на ўсходзе краіны і даць Цімашэнцы, народжанай у Днепрапятроўску, дадатковыя галасы.

4. Парашэнка ня хоча дэбатаў

Парашэнка непахісна адмаўляўся ад дэбатаў са сваімі апанэнтамі ў прэзыдэнцкай гонцы, у тым ліку зь Цімашэнкай, заяўляючы, што ён ня хоча быць удзельнікам «праплачанага шоў». Ён зазначыў, аднак, што возьме ўдзел у дэбатах зь лідэркай «Бацькаўшчыны», калі яна выйдзе ў другі тур. Цімашэнка сёньня мае намер выступіць у дэбатах з прэзыдэнцкім кандыдатам Сяргеем Цігіпкам (трэцім паводле рэйтынгу ў апытаньнях) і эканамістам Валерыем Канавалюком.

5. Ня ўсе заходнія каштоўнасьці да спадобы кандыдатам

Парашэнка нядаўна зьдзівіў некаторых заходніх назіральнікаў за выбарчай кампаніяй ва Ўкраіне, калі заявіў, што ён выступае супраць аднаполых шлюбаў. Пазыцыя Цімашэнкі адносна аднаполых шлюбаў незразумелая, але яе правая рука, дзейны прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк, летась выказаўся ў тым сэнсе, што «як хрысьціянін і грэка-каталік», ён не ўспрымае аднаполых шлюбаў.

6. Ёсьць яшчэ і іншыя кандыдаты

Іх амаль 20 чалавек. Пра іх можна пачытаць тут.

7. Да пабачэньня, Віталь

Тэарэтычна, 25 траўня можа стаць пачаткам новага разьдзелу ў палітычнай кар’еры Віталя Клічко. Былы чэмпіён сьвету па боксе і лідэр партыі УДАР, які ветліва выйшаў з прэзыдэнцкай гонкі, каб вызваліць месца Парашэнку, як паўсюдна чакаецца, будзе абраны мэрам Кіева.

Кіраваньне ўкраінскай сталіцай зьяўляецца пачэснай працай, але настолькі складанай, што справіцца зь ёю ўдалося толькі нешматлікім. Таму пасада кіеўскага мэра бачыцца як тупік для палітыка. Ні адзін з постсавецкіх мэраў Кіева ніколі ня стаў палітыкам нацыянальнага маштабу, калі пакідаў пасаду кіраўніка ўкраінскай сталіцы.

Такім чынам, калі пакарыстацца спартовай мэтафарай, Клічко сам сябе загнаў у кут. Калі глянуць на гэта са станоўчага боку, дык ён паабяцаў кіўлянам аквапарк і дыснэйлэнд.

8. Усё гэта можа ня мець ніякага значэньня

Тройку найбольш папулярных кандыдатаў у прэзыдэнцкай гонцы ва Ўкраіне складаюць два мільярдэры і мільянэр. Усе яны прысутныя ва ўкраінскай палітыцы ўжо больш, чым дзесяць гадоў. Ніхто зь іх, хутчэй за ўсё, ня ў змозе задаволіць заклікаў Эўрамайдану да радыкальных зьменаў у краіне.

Да ўсяго гэтага, сьмерць 17 ўкраінскіх салдат ва ўсходняй Украіне 22 траўня ставіць наступнага прэзыдэнта краіны перад неймаверна цяжкім заданьнем устанавіць мір ў стратэгічным і ахопленым тэрорам рэгіёне. А калі дадаць яшчэ катастрафічнае становішча эканомікі Ўкраіне і новыя парлямэнцкія выбары, то атрымліваецца сытуацыя, якая амаль напэўна закончыцца новымі пратэстамі і беспарадкамі. Некаторыя аналітыкі прадказваюць новы раўнд пратэстаў на кіеўскім Майдане ўжо зімою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG