Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фліртаваць — ня значыць ажаніцца


Уладзімер Пуцін і Сі Цзіньпін
Уладзімер Пуцін і Сі Цзіньпін

Расейска-кітайская сустрэча ў вярхах не засталася незаўважанай экспэртнай супольнасьцю ў Злучаных Штатах.

Злучаныя Штаты прад’явілі беспрэцэдэнтныя абвінавачваньні ў кібэрпірацтве пяці афіцэрам кітайскай арміі, якія праніклі ў базы дадзеных некалькіх амэрыканскіх кампаній энэргетычнай і сталеліцейнай галінаў, выкраўшы іх тэхнічныя сакрэты. Пэкін сьцьвярджае, што амэрыканскія абвінавачваньні грунтуюцца на ілжывай інфармацыі, і патрабуе адклікаць іх. У апошнія дні гэта была галоўная «кітайская» навіна ў амэрыканскіх СМІ, якая засланіла сабой нават візыт Пуціна ў КНР. Аднак амэрыканскія экспэрты за яго паездкай уважліва назіралі.

Кароткатэрміновы піяр-эфэкт ад паездкі Пуціна можа быць значным, але на доўгатэрміновыя ваенна-палітычныя рэаліі ён не паўплывае, упэўнены вядучы супрацоўнік Цэнтра міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў Эдвард Лютвак:

​«Калі Расея сутыкнецца з фундамэнтальным выклікам сваім інтарэсам, яна зноў уступіць у альянс з Захадам. Злучаныя Штаты не прэтэндуюць на прыродныя багацьці Сыбіры, якія цяпер робяць Расею вялікай дзяржавай. Як не прэтэндуюць на іх ні Эўропа і ні Японія. Чаго нельга сказаць пра Кітай, адзіную краіну ў сьвеце, якая замахваецца на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі. Роўна як і на тэрытарыяльныя ўладаньні цэлага шэрагу іншых краінаў. Расея як адносна слабая аўтакратыя ў супрацьстаяньні з аўтакратыяй моцнай будзе вымушана блякавацца з дэмакратыямі, колькі б падобны саюз ні быў ёй антыпатычны ідэалягічна.

Так было ў Першай сусьветнай вайне, калі Мікалай II ваяваў супраць Германіі разам з французамі і англічанамі, якія ганілі яго рэжым за палітычныя рэпрэсіі і пагромы. Сталін паважаў дыктатара Гітлера і пагарджаў лібэраламі ў ЗША і Брытаніі, але апынуўся ў адным лягеры з англасаксамі. Што тычыцца Кітая, то ён заігрывае з Расеяй, ня маючы ніякіх іншых саюзьнікаў. Калі, вядома, не лічыць саюзьнікамі Лаос, Камбоджу і Пакістан. Таму, хто вымушаны запісваць у саюзьнікі Пакістан, ворагі ўжо не патрэбныя. Словам Расея цяпер, так бы мовіць, „фліртуе“ з Кітаем, каб пазлаваць Захад, але „ажаніцца“ зь ім яна не зьбіраецца», — кажа Эдвард Лютвак.

Чаму скандал вакол кітайскага кібэршпіянажу зацікавіў вядучыя амэрыканскія СМІ ў большай меры, чым паездка Пуціна ў Кітай? Для старэйшага аналітыка Гудзонашскага інстытута Рычарда Вайца гэта застаецца загадкай:
Пуцін быў просьбітам, якому ў сьвятле канфрантацыі з Захадам у што б там ні стала патрэбна было газавае пагадненьне
«Можа быць, таму што шпіянаж пагражае непасрэдна прыбыткам амэрыканскага бізнэсу, у той час як сяброўства Кітая і Расеі „супраць“ Захаду ўяўляецца неспэцыялістам тэмай асабліва абстрактнай... Калі ж казаць пра саміт, гэта не была сустрэча роўных: Пуцін быў просьбітам, якому ў сьвятле канфрантацыі з Захадам у што б там ні стала патрэбна было газавае пагадненьне; Сі Цзіньпін паўстаў перад сьветам як разважлівы і жорсткі старэйшы партнэр у гэтых адносінах. Па Японіі, як мне здаецца, у іх падыходах ёсьць зазор. У тым сэнсе, што Пуцін, у адрозьненьне ад Сі Цзіньпіна, лічыць прэм’ер-міністра Абэ дамоваздольным. Ваенна-марскія вучэньні, на фоне якіх праходзіў саміт, былі, мабыць, больш маштабным за сумесныя манэўры кітайскага і амэрыканскага флатоў, але куды больш сьціплым, чым звычайныя вучэньні эскадраў ЗША і іх саюзьнікаў на Ціхім акіяне. Тое, што расейскі флёт выступіць разам з кітайскім супраць Японіі, я выключаю. На сёньня, прынамсі.

Па Аўганістане пазыцыі Масквы і Пэкіна супадаюць, але кітайцы, не жадаючы трапіць ў чорны сьпіс радыкальных ісламістаў, перакладаюць на Расею ўсе практычныя намаганьні па забесьпячэньні стабільнасьці Аўганістана пасьля вываду адтуль амэрыканскіх войскаў. Сярэдняя Азія. Вось ужо гадоў дваццаць, як Захад чакае там калізіі інтарэсаў Расеі і Кітая. Але гэтага не адбываецца ні ў ваенна-палітычнай галіне, ні ў энэргетычнай. Крэмль цалкам лагодна пазірае на ўзмацненьні ўплыву Кітая ў Сярэдняй Азіі і адначасова не жадае дапускаць туды амэрыканцаў. Гэта спараджае ў Пэкіна і яго партнэраў у Туркмэністане ці Казахстане упэўненасьць у тым, што, саступіўшы расейскім кампаніям невялікую долю ў мясцовай вытворчасьці, яны заўсёды абыдуць экспартныя перашкоды, якія патэнцыйна можа стварыць Масква, і забясьпечаць прамыя пастаўкі ў Кітай неабходных вуглевадародаў», — лічыць Рычард Вайц.

Цана на прыродны газ падае, а таму наўрад ці ў Эўропу неўзабаве прыйдуць альтэрнатыўныя пастаўшчыкі, у тым ліку звадкаванага газу з Амэрыкі. Так што залежнасьць Эўропы ад расейскіх паставак на аглядную будучыню захаваецца. Дакладна, Кітай стаў галоўным гандлёвым партнэрам Расеі і, магчыма, стане яшчэ і галоўнай крыніцай інвэстыцый, але гандлёвы абарот паміж імі не дацягвае і да 100 мільярдаў даляраў, што нашмат менш за таварныя патокі паміж Кітаем і яго найважнейшымі контрагентамі на Захадзе. Такія асноўныя парамэтры сытуацыі з пункту погляду трэцяга суразмоўцы Радыё Свабода, вядучага супрацоўніка мазгавога трэста Center for a New American Security Элі Ратнэра:
Памылкова лічыць гэтую дамоўленасьць краевугольным каменем нейкага стратэгічнага антызаходняга альянсу
«Здзелка па газе — гэта пэўная вяха ў намаганьнях Расеі дывэрсыфікаваць свой экспарт, роўна як і ў намаганьнях Кітая разнастаіць крыніцы свайго энэргетычнага імпарту. Аднак, на мой погляд, памылкова лічыць гэтую дамоўленасьць краевугольным каменем нейкага стратэгічнага антызаходняга альянсу. Доля Расеі ў нафтавым экспарце Кітая не перавышае сёньня 9 працэнтаў, доля прыроднага газу — 1 працэнт. І будучыя пастаўкі расейскага газу ў Кітай закліканы дапаўняць, а не замяшчаць пастаўкі ў Эўропу — першыя нават пасьля выхаду на разьліковую велічыню складуць толькі чвэрць ад аб’ёму апошніх. Кітай сапраўды устрывожаны нестабільнасьцю ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, адкуль ён пераважна завозіць свае энэргарэсурсы, а таксама бясьпекай маршрутаў іх транспарціроўкі. Размовы амэрыканскіх стратэгаў пра блякаваньне гэтых марскіх шляхоў у выпадку вайны Пэкін ўспрымае з выключнай сур’ёзнасьцю.

Але глядзіце: энэргетычны рынак у Азіі вельмі канкурэнтны, становішча пакупніка на ім больш выгоднае, чым становішча прадаўца. А бліжэйшыя эканамічныя пэрспэктывы Расеі зусім не вясёлкавыя. Што ўжо тут зьдзіўляцца, калі Кітай размаўляе з Расеяй пра газ з пазыцыі сілы, не пагаджаючыся плаціць ёй тую ж цану, якую плаціць Эўропа. Так, Кітай, мабыць, сам прафінансуе будаўніцтва асобных участкаў газаправода і укладзе ў сродкі ў стварэньне інфраструктуры ва Ўладзівастоку, якая, па ідэі, дазволіць Расеі стаць экспарцёрам энэргарэсурсаў у маштабах усёй Азіі. Дарэчы, некалькі паменшыўшы тым самым сваю патэнцыйную залежнасьць ад Кітая. Але гэта, мне здаецца, невялікая плата за тую саступку па цане, якую, як мяркуецца, Кітай дамогся ад Расеі», — кажа Элі Ратнэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG