Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Собалеў: Без ўступленьня ў Эўразьвяз і НАТО ва Ўкраіне нічога ня зьменіцца


Сяргей Собалеў
Сяргей Собалеў

25 траўня ва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. У чым адрозьненьні ў пазыцыях лідэраў гонкі Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі Свабодзе апавёў найбліжэйшы паплечнік апошняй, кіраўнік фракцыі «Бацькаўшчыны» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Сяргей Собалеў.

Сяргей Собалеў зьяўляецца адным з арганізатараў выбарчай кампаніі лідэра Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Бацькаўшчына» экс-прэм’ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі.

— Які расклад на сёньня, калі да прэзыдэнцкіх выбараў застаецца два дні?

— У нас ёсьць фактычна дзьве каманды: каманда Юліі Цімашэнкі і каманда Пятра Парашэнкі. Каманда Парашэнкі выкарыстоўвае адзін аргумэнт: мы пераможам у першым туры. Ніхто ў краіне ня можа пачуць, што будзе далей, пасьля іх перамогі, як яны хочуць перамагаць, як яны хочуць будаваць Украіну, у чым сутнасьць іх праграмы. Пункт у іх толькі адзін: перамагчы ў першым туры.

І ёсьць другая каманда — каманда Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», каманда, якую я прадстаўляю. Гэта каманда заўсёды змагалася зь Януковічам, ніколі не супрацоўнічала зь Януковічам, ніколі не працавала ў ягоным урадзе. І таму наша выбарчая кампанія пабудаваная на тым, каб апавесьці пра ключавыя пункты, як мы будзем ісьці ў Эўропу, як мы будзем ісьці ў НАТО.

Я думаю, што цяпер ключавое пытаньне для Ўкраіны, якое мы зразумелі ў апошняе дзесяцігодзьдзе — што без Эўрапейскага Зьвязу і без калектыўнай сыстэмы бясьпекі ў межах НАТО ва Ўкраіне нічога ня зьменіцца. І таму менавіта ў гэтым палягаюць асноўныя расклады. А іншыя кандыдаты ідуць далёка ззаду. І я думаю, што 25 траўня два кандыдаты — Парашэнка і Цімашэнка — трапяць у другі тур, які адбудзецца 15 чэрвеня, праз тры тыдні.

— Асноўны аргумэнт Пятра Парашэнкі — што выбары павінны адбыцца ў першым туры, бо другі тур можа проста не адбыцца. Чаму ён у гэтым перакананы?

— Уся выбарчая кампанія доўжыцца ўсяго адзін месяц. Юлія Цімашэнка працяглы час была ў вязьніцы, і таму ёй вельмі важна было адразу пачаць выбарчую кампанію. Стратэгія штабу Пятра Парашэнкі была, паколькі кампанія надзвычай кароткая, — ні ў якім разе не дапусьціць другога туру. Таму ў нас зараз адбываюцца замоўныя сацыялягічныя апытаньні — я думаю, вам у Беларусі гэта таксама вядома — калі адзін з кандыдатаў з 20% ужо зашкальвае за 50%. Але гэта мы ўсё ўжо праходзілі — пры Януковічу і пры Кучму. Калі перад выбарамі вельмі вядомыя сацыялягічныя кампаніі заяўлялі пра перамогу кандыдата ад улады, а потым, падчас выбараў, гэта не пацьвярджалася. Гэта было і ў 2010 годзе, калі Цімашэнка зь Януковічам трапілі ў другі тур, а ўсе прадказвалі, што ў другі тур трапіць Сяргей Цігіпка, а не Цімашэнка. Так было і на парлямэнцкіх выбарах ў 2012 годзе, калі таксама прадказвалі, што «Бацькаўшчыну» пераможа «Ўдар», а «Бацькаўшчына» набрала 26% — найлепшы вынік за ўсю гісторыю. Таму ідзе такі псыхалягічны ціск на выбарцаў. Але я думаю, што выбарцы ў нас вельмі разумныя, яны ўжо разабраліся за гэтыя гады, як трэба галасаваць, і таму ў нас будзе вельмі цікавы другі тур і вельмі цікавая праграма надалей.
У нас будзе вельмі цікавы другі тур і вельмі цікавая праграма надалей

— Такім чынам, па-вашаму ў другі тур выйдуць Парашэнка і Цімашэнка. А чым адрозьніваюцца іх праграмы, іх стратэгія?

— Я думаю, што змаганьне ў другім туры будзе змаганьнем праграм тых, хто прапануе рэальныя крокі далучэньня да Эўрапейскай супольнасьці. Чым адрозьніваюцца гэтыя крокі? Тым, што Цімашэнка адкрыта заяўляе, што наша мэта — ня проста асацыяцыя з Эўрапейскім Зьвязам, а падача заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз, падача заяўкі на плян супрацоўніцтва з НАТО з пэрспэктывай уступленьня ў НАТО. А Парашэнка спрабуе абыходзіць гэтыя вострыя вуглы і заяўляе пра тое, што ў гэтым нам трэба раіцца з Расеяй. Я думаю, што калі мы і далей будзем раіцца з Расеяй, як гэта рабілі папярэднія прэзыдэнты цягам 24 гадоў, то і надалей у нас ня будзе ні арміі, ні мяжы, ні саюзьнікаў. Менавіта ў гэтым будзе адрозьнівацца стратэгія аднаго і другога кандыдатаў.

— А як вы мяркуеце, ці прызнаюць выбары іншыя краіны? І, у прыватнасьці, Расея?

— Я ня думаю, што нас яшчэ цікавіць Расея, пасьля таго як яна захапіла Крым, пасьля таго як яна адкрыта падтрымлівае тэрарыстаў, прафашысцкія арганізацыі на Ўсходзе — у Данецку і Луганску. Нас цікавіць прызнаньне выбараў Эўрапейскім Зьвязам, прызнаньне выбараў Злучанымі Штатамі Амэрыкі, іншымі краінамі сьвету. Толькі з Эўрапейскага Зьвязу ў нас на выбарах будзе больш за 2500 назіральнікаў. Усяго будзе каля 60 тысяч назіральнікаў. Я думаю, што такіх чыстых, празрыстых выбараў у нас яшчэ не было.

Свабода мяркуе апублікаваць таксама інтэрвію з прадстаўнікамі перадвыбарчага штаба Пятра Парашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG