Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія заўзятары: рэгістрацыя замежнікаў — савецкі перажытак


Аднак на практыцы выявілася, што многія заўзятары абмінаюць дарагія новыя гатэлі, стараючыся наняць у складчыну кватэру. Пашанцавала хіба што ўстановам, дзе пасяліліся гульцы нацыянальных камандаў і прадстаўнікі афіцыйных дэлегацыяў.

Паводле дадзеных Міністэрства спорту і турызму, найбольшай папулярнасьцю ў наведнікаў менскага чэмпіянату карысталіся інтэрнаты Студэнцкай вёскі, пераабсталяваныя на час спаборніцтваў у хостэлы. Як вынікае з маніторынгу ведамства, тут на розныя тэрміны спыніліся блізу 15 тысяч заўзятараў з амаль чатырох дзясяткаў краінаў. Кошт сапраўды бюджэтны — у сярэднім 20 эўра за суткі. Аднак вёска прыняць усіх ахвотных не магла. Астатнім прыезджым давялося шукаць гатэлі ці прыватныя кватэры. Заўзятар з Латвіі Айварс Саўскайс, які аб’ехаў сьледам за камандай паўсьвету, кажа, што такіх коштаў, як у Менску, ня памятае:

Айварс Саўскайс
Айварс Саўскайс
«Мы тут жывём у знаёмых, на кватэры, бо ў гатэлі рэальна дарагавата. Тое, што зрабілі ў фан-вёсцы, то там кошты адэкватныя. І для вялікіх кампаніяў, якія едуць разам, гэта найлепшае месца. Але гатэлі — выбачайце...».

Карэспандэнт: «Па гатэлях дорага нават у параўнаньні зь нятаннай Латвіяй?»

«Ну, так, і ня толькі з Латвіяй. Летась у Хэльсынкі я наймаў апартамэнты. Гэта была двухпакаёвая кватэрка, якая каштавала прыкладна 70 эўра. Там была і саўна, і ўсе іншыя выгоды. Адзінае, чаго не было з бытавой тэхнікі, гэта пральнай машыны, астатняе было ўсё. Прычым усё ад крутых вытворцаў. Нават у лядоўні стаяла піца, нешта іншае. Па-ангельску, па-расейску напісана: калі вы не пасьпелі пад’есьці ў горадзе, разагрэйце, падсілкуйцеся, гэта каштуе столькі, гэта столькі, пакіньце грошы на стале. А ў Менску мы пачалі яшчэ летась у чэрвені шукаць варыянты, і ўжо тады апартамэнты былі па 100 лат за суткі — незразумела, якія, што там за сэрвіс і г.д. Цэны вельмі высокія, а ад таго часу вырасьлі яшчэ ледзь не ўдвая».

Хоць арганізатары і запэўнівалі, што гатэлі на час чэмпіянату падпішуць мэмарандум аб захаваньні цэнаў на прымальным узроўні, на практыцы распачалася гонка за імгненнай выгадай. У выніку большая палова новых гатэляў засталася без кліентаў. У лепшай сытуацыі аб’екты, абраныя камандамі-ўдзельніцамі. Так, «Рэнэсанс» зь сеткі «Marriott» прыняў шэсьць зборных і ў выніку запоўнены пад завязку. Нумар тут стартуе ад 200 даляраў за суткі, што амаль у 10 разоў даражэй за Студэнцкую вёску.

Няма праблемаў у «Прэзыдэнт-гатэля», які паўстаў на месцы «Кастрычніцкай» насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі. У ім атабарылася каманда Расеі разам з усёй афіцыйнай дэлегацыяй. Бліжэй да хакеістаў захацелі разьмясьціцца і больш заможныя заўзятары — тут кошты пачынаюцца ад 250 даляраў за суткі.

Яшчэ большыя расцэнкі — у пяцізоркавым «Пэкіне». Цэньнік — ад 280 даляраў за стандартны нумар, хакеісты тут не жывуць, а таму і загрузка адпаведная — менш за палову. Зрэшты, аналягічны малюнак назіраецца і ў іншых месцах, якія спартовыя функцыянэры палічылі неадпаведнымі іхнім патрабаваньням.

Як адзначаюць турысты, сьледам за гатэльнымі цэнамі папаўзьлі ўгару і кошты на тое, каб наняць кватэру. Так, група славацкіх заўзятараў наймае трохпакаёўку на плошчы Перамогі па сто даляраў з носу. Камфорт ня люксавы, але прынамсі ўдвая таньней. Шмат хто намагаецца пасяліцца ў сяброў ці нават далёкіх знаёмых, але такі варыянт вымагае паходу ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Тыя замежнікі, якія ўжо апрабавалі новую для сябе працэдуру, наракаюць на забюракратызаванасьць сілавых структураў і неарганізаванасьць працэсу: запаўняць форму трэба ў адным месцы, плаціць паўбазавай велічыні — у іншым, потым з чэкам вяртацца на прыём да інспэктара.

Эдуард і Соф’я Ленгле — з так званых «казахскіх немцаў», 20 апошніх гадоў стала жывуць на поўначы Нямеччыны. Пасьля службы за савецкім часам у палку паветрана-дэсантных войскаў пад Наваполацкам Эдуард наведаў знаёмыя мясьціны ўпершыню за 25 гадоў. Соф’я ў Беларусі дагэтуль не была. Узрушаныя ўражаньні ад першых дзён у Менску былі сапсаваныя пяцьцю гадзінамі ў перабежках паміж службай міграцыі і «Беларусбанкам». Эдуард Ленгле лічыць, што прыніжальныя працэдуры можна было замяніць рэгістрацыяй асобаў на мяжы:

«Бадай, адзінае, што ня столькі раззлавала, колькі сапсавала ўражаньне ад агульнай добрай карціны, — гэта пастаноўка на ўлік. Афармленьне цягнецца вельмі доўга, супрацоўнікаў мала; аплата дзесьці ў банку, дзе губляецца ледзь не палова часу. І калі мець білеты на некалькі матчаў, то можна проста прапусьціць хакей. А гэта, вядома, непажадана. На маю думку, такая працэдура ўвогуле лішняя, бо ўсё можна зрабіць непасрэдна на мяжы, праводзіць аўтаматычную рэгістрацыю непасрэдна на мытні. І тады ня трэба будзе госьцю Беларусі дзесьці езьдзіць, шукаць пашпартны стол, каб дадаткова атрымаць нейкую рэгістрацыю. Гэта, я лічу, нікчэмнае рашэньне, збольшага бюракратычны перажытак».

Соф’я Ленгле гэтаксама абураная такой рэгістрацыяй. Між тым, па яе словах, гэта пакуль адзінае, што выклікала нэгатыўныя эмоцыі:
Нямецкія заўзятары — Эдуард і Соф’я Ленгле
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк

«Пашпартны аддзел — вельмі спэцыфічнае месца, параўнаць проста няма з чым. Я сёньня толькі радавалася, што ў нас няма квіткоў на матч і мы гульню не прапускаем, бо там працуюць паводле прынцыпу „спачатку білет — потым кіно“. Адразу запоўніць фармуляр, потым аплаціць у банку пошліну. Зразумела, выстаяўшы жахлівую чаргу — банкаўскай карткі, якая тут актуальная, у нас няма. Чакаем, як пройдуць сто чалавек, каб дабрацца да акенца. Потым вяртаемся і зноў стаім у чарзе, каб трапіць у пашпартны аддзел. І гэта цягнецца гадзінамі! Шкада патрачанага часу — мы тут ненадоўга, і было б лепш наведаць нейкія прыгожыя мясьціны. Ужо паглядзелі цудоўныя замкі ў Нясьвіжы і Міры, іншыя выбітныя помнікі, усё вельмі добра зроблена. Але замест экскурсіяў дзень змарнаваны на рэгістрацыю».

Каманды, якія выйшлі ў чвэрцьфінал, прынамсі да канца тыдня яшчэ будуць папаўняць рахункі камфартабэльных гатэляў. Няўдачнікі ж чэмпіянату свае ўстановы такой прыемнасьці пазбавілі. Так, з гатэля «Мінск» зьехалі хакейныя дружыны з Італіі і Нарвэгіі. Казахстан, Швайцарыя, Нямеччына, Латвія вызвалілі нумары ў гатэлях «Вікторыя» і «Вікторыя-2». Сьледам за імі пацягнуліся зь Беларусі і іхнія прыхільнікі.
XS
SM
MD
LG