Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча адключыцца


Пасьля чвэрці стагодзьдзя, праведзенага ў глябальнай вёсцы, Крэмль вырашыў, што для Расеі гэтага дастаткова.

Абураныя санкцыямі з боку ЗША і Эўразьвязу, кіраўнікі Расеі пагражаюць адключыць сваю краіну ад Захаду і стварыць альтэрнатыўны сьвет, у якім непадзельна будуць панаваць расейскія крэдытныя карты, расейскі інтэрнэт і нават расейскі песенны конкурс.

Карэспандэнтка нашага радыё Дэйзі Сіндэлер пашукала адказу на пытаньне, наколькі магчыма для Расеі ажыцьцявіць такое адключэньне:

«Захад – гэта страшная звалка сьмецьця. Нават калі яна пахне рознымі смачнымі рэчамі» – сказала нядаўна расейская пісьменьніца і публіцыстка Ірына Мядзьведзева, якая працуе ў офісе дзіцячага амбудсмэна і якая была рухавіком леташняй заканадаўчай забароны ўсынаўленьня расейскіх дзяцей замежнікамі.

Цяпер падобнае меркаваньне, як здаецца, пераважае і сярод расейскай кіроўнай эліты. Раззлаваная крытыкай свайго ўмяшаньня ва Ўкраіне і санкцыямі Захаду, Масква пачала пагражаць, што перастане карыстацца ўсімі тымі «смачнымі рэчамі», якімі да гэтага часу карысталася – сусьветным сецівам, крэдытнымі карткамі Visa і MasterCard, рэйтынгавымі агенцтвамі, касьмічным супрацоўніцтвам з ЗША і нават Эўрабачаньнем.

«Вар’яцкім у рэакцыі Расеі на падзеі вакол канфлікту ва Ўкраіне зьяўляецца тое, што яна лічыць, нібыта магчымая нейкая нацыянальная аўтаномія ў тым, як яна можа узаемадзейнічаць з астатнім сьветам. Няма ніякай альтэрнатыўнай рэальнасьці для Расеі ў тым месцы, дзе яна існуе як самадастатковая звышдзяржава. Яна проста апынецца навонкі сьвету» – мяркуе Джэсі Хіт, амэрыканскі юрыст, які рэгулярна піша пра расейскую палітыку і бізнэс.

Цяперашні двухдзённы візыт Пуціна ў Кітаі адбываецца ў крытычны момант для Крамля, які імкнецца даказаць, што Масква ня проста адварочваецца ад шкодных партнэраў на Захадзе, але і паварочваецца да больш плённага супрацоўніцтва на Ўсходзе. Прэзыдэнт Расеі, які сустрэўся 20 траўня ў Шанхаі са сваім кітайскім калегам, Сі Цзіньпінам, узгодніў шматмільярдны кантракт на пастаўкі газу ў Кітай.

Газавае пагадненьне з Кітаем, перамовы адносна якога вяліся на працягу амаль дзесяці гадоў, датычыць толькі дробнай часткі аб’ёмаў газу, які Газпром прадае Эўропе. Але Пуцін, які паедзе ў Францыю ў наступным месяцы для ўдзелу ў адзначэньні 70-х угодкаў альянцкага дэсанту ў Нармандыі, напэўна паспрабуе выкарыстаць гэты кантракт як доказ, што Расея больш не залежыць толькі ад Эўропы.

Сярод заходніх санкцый знайшліся і амэрыканскія абмежаваньні на перадачу высокіх тэхналёгій Расеі, якія, як лічаць экспэрты, сур’ёзна ўдараць па касьмічнай індустрыі Расеі ды іншых высокатэхналягічных вытворчасьцях.

Расея нанесла зваротны ўдар, забараніўшы амэрыканцам пастаўкі на Міжнародную касьмічную станцыю пасьля 2020 году. (Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін прапанаваў амэрыканскім астранаўтам выкарыстоўваць трамплін замест шатлаў.) Але Масква ўсё ж застанецца ў пройгрышы, бо заходнія абмежаваньні на экспарт высокіх тэхналёгій у Расею адгукнуцца мільярдамі даляраў недаатрыманых бюджэтных даходаў і балюча нагадаюць расейцам пра тое, наколькі іхная краіна залежыць ад заходняга ноў-хаў. У дадатак, шэраг заходніх кампаній – у тым ліку Siemens, E.ON, Morgan Stanley, PepsiCo – адмовіліся ўдзельнічаць у эканамічным форуме 22-24 траўня ў Санкт-Пецярбургу, на якім Крэмль спадзяваўся заручыцца інвэстыцыямі на суму 4 мільярды даляраў.

Некаторыя назіральнікі, аднак, бачыць у санкцыях не зьневажальны ўдар па Расеі, а дозу патрэбнага ёй адрэналіну, каб яна магла працягваць сваю гульню ў разрываньне сувязяў з Захадам.

«Я ня веру, што існуе нейкі сур’ёзны намер адрэзаць Расею ад астатняга сьвету або пайсьці на самаізаляцыю. Я думаю, што больш сур’ёзным вынікам гэтага ўсяго будзе тое, што Расея пачне працаваць у некаторых сфэрах – такіх як фінансавыя апэрацыі, тэхналёгіі і, магчыма, забесьпячэньне харчаваньнем і сельская гаспадарка – якія ўжо даўно маюць патрэбу ў абнаўленьні» – лічыць Крыс Уіфэр, эканамічны кансультант, які працуе ў Маскве.

Заклікі да самадастатковасьці і аднаўленьня статусу звышдзяржавы успрымаюцца ў Расеі вельмі добра, а папулярнасьць Пуціна пасьля анэксіі Крыму пайшла рэзка ўгору. Але пры ўсіх гэтых палітычных посьпехах Крамля, апытаньні грамадзкай думкі ўжо пачалі адлюстроўваць першыя сыгналы трывогі наконт расейскай эканомікі, і то ў час, калі заходнія санкцыі толькі пачалі аказваць свой уплыў.

Паводле Крыса Ўіфэра, Крэмль, нягледзячы на ўсю сваю ізаляцыянісцкую рыторыку, паціху спрабуе не дапусьціць далейшых санкцый і паволі згортвае сваю агрэсіўную палітыку. Пуцін спыніў адкрытую падтрымку сэпаратысцкім рэфэрэндумам ва Ўсходняй Украіне; міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 20 траўня загадаў расейскім войскам каля ўкраінскай мяжы вярнуцца на свае базы.

Магчыма, дадае Ўіфэр, гэта сьведчыць пра тое, што Расея паціху адступіцца і ад сваіх пагрозаў адключыцца ад астатняга сьвету.

«Я думаю, што джын, якога выпусьцілі з бутэлькі, ужо выпарыўся. Няма ніякага спосабу, каб цалкам зьмяніць спажывецкія звычкі і лад жыцьця сёньняшніх расейцаў. У Расеі шмат зьмянілася пасьля крызысу 1998 году і прыходу прэзыдэнта Пуціна. Можна нават сказаць, што сёньня гэта зусім іншая краіна» – мяркуе Ўіфэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG