Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шайгу ўсьлед за Пуціным загадаў расейскім войскам адысьці ад мяжы з Украінай


19 траўня прэс-служба Крамля заявіла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даў каманду вярнуць у месцы пастаяннай дысьлякацыі войскі, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях у Растоўскай, Белгарадзкай і Бранскай абласьцях, размешчаных на мяжы з Украінай.

Самім войскам быў перададзены загад вярнуцца ў пункты пастаяннай дысьлякацыі ад імя міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.

«Пасьля завяршэньня вучобы, у палявых умовах на аддаленых палігонах, падразьдзяленьні зробяць маршы, якія пройдуць камбінаваным спосабам: спачатку сваім ходам да станцый пагрузкі, а затым чыгуначным транспартам у пункты пастаяннай дысьлякацыі», — цытуе прэс-службу міністэрства інфармацыйнае агенцтва УНІАН.

Таксама адзначаецца, што цяпер у раёнах правядзеньня плянавых палявых выхадаў камандзіры ўдакладняюць маршруты і парадак руху на станцыі пагрузкі, асабісты склад займаецца дэмантажом намётавых лягераў, пагрузкай абсталяваньня, матэрыяльных сродкаў і фарміраваньнем калён аўтамабільнай і бранятанкавай тэхнікі.

У прэс-службе растлумачылі, што вайскоўцы ў палявых умовах у складзе штатных падразьдзяленьняў здалі залікі па пляне кантрольных праверак за зімовы пэрыяд навучаньня.

Аднак адзначылі, што ў адпаведнасьці з нарматыўнымі дакумэнтамі ведамства гадавы навучальны цыкль складаецца з двух пэрыядаў навучаньня: 31 траўня заканчваецца зімовы і 1 чэрвеня пачынаецца новы, летні.
Тым часам ва Ўкраіне і ў НАТО пакуль не заўважылі прыкмет адводу расейскіх войскаў ад мяжы з Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG