Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 мільёны беларусаў разьвіваюць беларускую мову


Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

З аптымістычнай лекцыяй пра стан і пэрспэктывы выжываньня беларускай мовы ў Магілёве выступіў доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Хто зь беларусаў пачаў пісаць першым па-беларуску? Якія мясьціны ўтвараюць геаграфічны «цэнтар» культурніцкага адраджэньня канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Як склаўся лёс пачынальнікаў адраджэньня таго часу? Колькі беларусаў цяпер уцягнутыя ў разьвіцьцё беларускай мовы і ці існуе падзел сучаснай Беларусі на «усход і захад»?

На гэтыя пытаньні адказаў доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. Для наведнікаў лекцыяў Лятучага ўнівэрсытэту ў Магілёве ён прэзэнтаваў вынікі досьледу «Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны склад беларускага адраджэньня, канец 19-га — пачатак 20-га стагодзьдзя».

Першымі па-беларуску пачалі пісаць дзеячы нацыянальнага адраджэньня зь Меншчыны і ўсходняй Віленшчыны. Такую выснову агучыў Андрэй Казакевіч на падставе вывучэньня дзейнасьці ста дзеячаў культурніцкага руху канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Паводле дасьледніка, у нацыятворчы працэс таго часу амаль не былі ўцягнутыя ўсходнія раёны Беларусі. Гэтыя творцы запачаткавалі працэс беларускага адраджэньня. Касьцяк культурніцкай эліты складалі заможныя сяляне і дробная шляхта. Некаторыя зь іх мелі ўнівэрсытэцкую адукацыю альбо скончылі вучэльні ды народныя школы. Росквіт тагачаснага адраджэньня прыпадае на дзевяць гадоў «нашаніўскага пэрыяду» — ад 1905 да 1914 году. У адраджэнскім руху амаль не было творцаў, якія мелі б буйны фінансавы капітал — землеўладальнікаў, банкіраў.

Лёс пачынальнікаў адраджэньня склаўся трагічна. Прыкладна палова зь іх памерлі гвалтоўна. Чвэрць — у выніку рэпрэсіяў. Найбольш стратнымі былі 30-я і 40-я гады мінулага стагодзьдзя.

Параўноўваючы той пэрыяд з найноўшым часам, Андрэй Казакевіч спасылаецца на першыя прэзыдэнцкія выбары 1994 года. На ягоную думку, толькі два кандыдаты на прэзыдэнцтва Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч засьведчылі пераемнасьць зь дзеячамі нацыянальнага адраджэньня канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Абодва палітыкі гаварылі па-беларуску і заяўлялі пра неабходнасьць эўраінтэграцыі Беларусі. Іх падтрымалі больш за 2 мільёны чалавек. Бальшыня зь іх пражывала у той частцы Беларусі, межы якой прыкладна супадалі з тымі мясьцінамі, дзе нарадзіліся адраджэнцы першай хвалі беларускага адраджэньня.

На думку Андрэя Казакевіча, тым не менш падзелу сучаснай Беларусі з палітычнага гледзішча «на ўсход і захад» не існуе. Ён даводзіць сваю пазыцыю, спасылаючыся на паходжаньне беларускай культурніцкай эліты і апазыцыі. Яно, лічыць навуковец, адпавядае структуры беларускага грамадзтва:

«Адназначна вылучыць нейкія кансалідаваныя рэгіёны вельмі складана, — кажа ён, — Пэўная розьніца, вядома ж, існуе, але яна не настолькі істотная, каб казаць, што гэта мяжа была б палітычна важнай у сучаснай Беларусі. Ёсьць асобныя гарады і рэгіёны, дзе назіраецца больш моцная беларуская ідэнтычнасьць. У іншых жа мясцовасьцях, — даводзіць дасьледнік, — працэсы русыфікацыі аслабілі нацыянальную сьвядомасьць мясцовых беларусаў. Тым не менш разрыў між імі ня вельмі значны».

Андрэй Казакевіч заўважыў, што спажыўцамі беларускамоўнай прадукцыі зьяўляюцца ня менш за 2 мільёны беларусаў. Гэтай колькасьці дастаткова, каб беларуская мова жыла і разьвівалася, адзначае ён:

«Па розных зьвестках не менш за 2 мільёны беларусаў практыкуюць беларускую мову. Гэтых двух мільёнаў пакуль дастаткова, каб мова разьвівалася і функцыянавала на бытавым узроўні і ўзроўні высокай культуры, навукі, мастацкай літаратуры».

«Такая сытуацыя, кажа Андрэй Казакевіч, больш ці менш устойлівая. І калі ня будзе гвалтоўнага ўварваньня і разбурэньня, то яна можа самаўзнаўляцца».

Пераважная большасьць беларусаў тым ня менш лічаць беларускую мову роднай — хоць на ёй і не гавораць, даводзіць навуковец:

«Беларуская мова застаецца важным фактарам, калі не камунікацыі, то прынамсі, індэнтыфікацыі. Важным фактарам, каб паказаць, што гэта сваё, маўляў, яно адрозьнівае нас ад іншых народаў. Усё гэта мае сваё значэньне, нягледзячы на працэсы русыфікацыі, якія мы назіраем апошнія дзесяцігодзьдзі».

Паслухаць Андрэя Казакевіча ў цэнтар «Тэхнапарк Магілёў» прайшлі два дзясяткі магілёўскіх рупліўцаў беларускай мовы. Лекцыяй менскага госьця ў Магілёве завяршыўся сэзон заняткаў ў Лятучым унівэрсытэце.

Лятучы ўнівэрсытэт — праграма стварэньня сапраўднага сучаснага Ўнівэрсытэту ў Беларусі і для Беларусі. Яе распрацаваў міжнародны кансорцыюм «ЭўраБеларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG