Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Часам, слухаючы лісты, хочацца сьмяяцца, а часам — плакаць». Лісты пра Свабоду ў 2006-м


Гэтыя цытаты — зь лістоў, якія сабраныя ў дзьве новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды» і выходзяць у сьвет да 60-годзьдзя Беларускай рэдакцыі. 20 траўня 1954 у эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя «Радыё Вызваленьне». Гістарычныя перамены, якія адбыліся за апошнія 60 гадоў, не зьмянілі галоўную місію Свабоды — спрыяць бесперашкоднаму распаўсюду інфармацыі і ідэяў.

Нягледзячы на тое, што кароткахвалёвае радыё саступіла першынства тэлебачаньню, інтэрнэту, сацыяльным сеткам, шмат для каго яно заўсёды было больш чым радыё — станам душы. Сёньня мы прапануем вам выказваньні пра Свабоду, якія слухачы зь Беларусі і замежжа прысылалі ў рэдакцыю ўжо ў эпоху інтэрнэту — у 21-м стагодзьдзі.


Мікалай Бусел, вёска Дуброва, Сьветлагорскі раён
02.01.2006


Радыё Свабода даўно стала штодзённай неабходнасьцю ў маёй хаце. Маленечкі прыймач стаіць проста на стале падчас сьнеданьня (так прасьцей настройваць частоты — заўжды пад рукой). На вялікі жаль, Радыё Свабода ёсьць адзінай станцыяй, якую можна рэгулярна слухаць, каб мець зьвесткі пра сваю радзіму. Бо я пазбаўлены магчымасьці набыць беларускую паштоўку, чытаць беларускую газэту, глядзець беларускае тэлебачаньне, чуць беларускае радыё. Становішча яўна ненармальнае. Вось чаму ваша пасільная праца ёсьць каштоўным фэномэнам у цяперашняй гісторыі Беларусі. Пэўным чынам вы выконваеце тую працу, што павінна было б выконваць дзяржаўнае радыё, але яно цяпер — чысты «агітпрап».

Што да мяне, то ня трэба мне іншых галасоў, калі толькі Радыё Свабода будзе мець якасныя частоты, хоць бы пару гадзінаў дзённых перадачаў ды больш разнастайныя (і даўжэйшыя) аналітычныя і культурныя праграмы ўвечары. З прычыны браку часу багата якія надзённыя ды істотныя тэмы альбо не закранаюцца, альбо маюць недастатковае раскрыцьцё. Хоць я разумею: шмат рэчаў залежыць не ад вас.

Іван Бычкоў, Магілёў
09.01.2006


Такое можа здарыцца дзе заўгодна. Будзе ваш слухач дэманстратыўна пры людзях слухаць Свабоду — можа страціць прыймач, ды яшчэ і аплявуху атрымае. Бо наш народ давярае толькі прэзыдэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. А ўсіх, хто супраць прэзыдэнта, называе апазыцыянэрамі ды іншымі нядобрымі словамі. Людзі лічаць так: прыйдуць да ўлады Пазьняк, Шушкевіч ды Кебіч — ня стане пэнсіяў, а цукар, гарэлка і віно зноў будуць па сьпісах ды талёнах, як на пачатку перабудовы. Так што ўсе, акрамя Лукашэнкі, гэта стаўленікі Захаду, а значыць, ворагі нашага народу. Свой дакладны і правільны адрас пісаць няма сэнсу, бо з прыняцьцём паправак у Крымінальны кодэкс за перапіску з вамі можна атрымаць два гады турмы.

Аляксандар Салагуб, Маладэчна
30.01.2006


Для мяне вялікая радасьць уключаць прыймач і слухаць слова Свабоды. Шчыры дзякуй за сумленную працу, за цікавыя перадачы. Але ёсьць адна невялікая парада. Можа, менш чытайце лісты прымітыўных недалёкіх слухачоў — апантаных абаронцаў рэжыму. У іх дастаткова трыбунаў у Беларусі. Ну, напрыклад, устаўляеце вы ў праграму пытаньне пра тое, чаму Мілінкевіч езьдзіў у Францыю, альбо чытаеце допісы адыёзных бабулек — прыхільніц дзейнага прэзыдэнта. Калі вы гэта робіце, дык становіцеся падобнымі на нашы дзяржаўныя мэдыі — там увогуле, апроч прыхільнікаў Лукашэнкі, нікому слова не даюць.

Ян Савіцкі, Баранавічы
22.02.2006


Слухачом Свабоды я застаюся амаль безь перапынкаў ужо больш за трыццаць гадоў. Зьмяняліся дыктары, сівелі і губляліся мае валасы, трушчыліся імпэрыі, а Радыё Свабода так і заставалася маім унівэрсытэтам. Зь яго пачынаецца дзень і на ім жа заканчваецца. Слухаючы Свабоду, уцякаеш ад жыцьцёвай марнасьці і панаваньня расейшчыны. Сілкуесься Свабодай і набіраесься моцы для творчасьці і дзейнасьці. Сваімі хвалямі яно злучае нашу беларускую сьвядомасьць.

Год таму я пазнаёміўся ў шпіталі з былым інжынэрам, які доўгі час працаваў на Баранавіцкай радыёстанцыі. У службовыя абавязкі яго, сярод іншага, уваходзіла глушэньне так званых «варожых галасоў».

На пачатку 1980-х гадоў на станцыі працавала каля дзесяці чалавек інжынэрна-тэхнічнай абслугі. Пры гэтым самі яны слухаць «варожыя галасы» не маглі: напэўна, па ідэалягічна-тэхнічнай задумцы. Іх абсталяваньне прымала толькі кодавыя сыгналы «пі-пі-пі». І трэба было, не марудзячы, на гэтыя сыгналы навесьці глушылку. Працай даражылі. Інжынэр (амаль за абібоцтва) атрымліваў 160 рублёў за месяц. Сяды-тады можна было разжыцца і радыёдэталямі. Радыюс дзеяньня станцыі ахопліваў увесь Баранавіцкі раён, а таксама вялікую частку Гарадзеншчыны і Меншчыны... Гарбачоўская галоснасьць зрабіла непатрэбнымі глушылкі і КПСС. Баранавіцкая станцыя была ў большасьці закансэрвавана, штат скарочаны, а абсталяваньне часткова разукамплектавана і раскрадзена.

Эдвард Сямашка, Вільня
09.03.2006


Кожны дзень слухаю Радыё Свабода, а таксама вашы, спадар Жданко, перадачы. Мне яны падабаюцца. Вельмі цікава паслухаць, як жывуць менавіта звычайныя, шараговыя грамадзяне Беларусі: што думаюць пра жыцьцё і як ставяцца да ўлады. Паверце, часам, слухаючы лісты, хочацца сьмяяцца, а часам — плакаць.

Аліна Васільчэня, Ваўкавыск
22.03.2006


Паважаная Свабода! У Беларусі ты засталася адзінай крыніцай, зь якой можна пачуць праўдзівае слова. Перад выбарамі на людзей унутры калектываў быў вельмі моцны ціск. Ведаю гэта на прыкладзе Гарадзенскага абласнога шпіталя. Задоўга да выбараў мэдпэрсанал апрацоўвалі на так званых «інфармацыйных гадзінах»: адказныя за ідэалёгію асобы хвалілі рэжым, паказвалі фільмы пра так званыя «дасягненьні» Беларусі ва ўсіх сфэрах жыцьця за апошнія дванаццаць гадоў. За месяц да выбараў выбарчы ўчастак падзялілі на маленькія ўчасткі, і за кожным зь іх быў замацаваны доктар. Ён нёс адказнасьць за вынікі галасаваньня на сваім участку. Сказана было так: калі на чыім-небудзь участачку людзі прагаласуюць не за Лукашэнку, дык адказнага доктара могуць звольніць з працы.

Ганьнюта Піліпчук, Берасьце
29.05.2006


Мне яшчэ няма 18 гадоў, але я лічу, што ўжо сёньня павінна вырашыць, як буду жыць. Ці буду я, як дурнаватая камсамолка, славіць Бацьку, кланяцца яму ў ногі за тое, што хоць абы-як, але жыву; ці, можа, буду жыць, як чалавек: з адчуваньнем праўды й справядлівасьці ў сэрцы. Я буду ганарыцца, што жыву ў Беларусі, што мая радзіма належыць да эўрапейскіх краінаў ня толькі паводле геаграфічнага становішча. Мне неабыякавы лёс маёй краіны. Я не жадаю слухаць па тэлебачаньні й радыё, што стабільна-застойная Беларусь — гэта ледзь ня рай на грэшнай зямлі. Не хачу ідэалягічнай апрацоўкі на палітынфармацыях, бо маю сваю галаву на плячах, і ў ёй няма месца для савецкага маразму.

І калі, ня дай Божа, нічога ня зьменіцца, то мне давядзецца пакінуць Беларусь — паеду паступаць у Кіеўскі ўнівэрсытэт. ...Можа, узрост у мяне такі, але паверце: я гатовая жыцьцё аддаць, каб толькі няшчасная мая Беларусь вярнула годнасьць, каб людзі былі шчасьлівыя, каб гонар свой адчулі.

Я вельмі-вельмі ўдзячная вам за тое, што вяшчаеце. Калі параўноўваць беларускія дзяржаўныя мэдыі й ваша добрае, сардэчнае радыё на роднай мове, то бачыш нават з заплюшчанымі вачыма, што Свабода — гэта самае дэмакратычнае, што ёсьць у нашай Беларусі.

Ірына Аўгуль, вёска Завідзіненты, Астравецкі раён
25.10.2006


Беларускі мэнталітэт, на маю думку, мае адну яскравую асаблівасьць. Калі даць беларусам свабоду, дык яны будуць стаяць у разгубленасьці, ня ведаючы, што зь ёй рабіць. І пэрспэктываў на бліжэйшыя сто год я ня бачу. Аднак, пры ўсім гэтым, я ўсё часьцей чую аб праявах вальнадумства. Гэта цешыць. Я вельмі ганаруся і па-добраму зайздрошчу тым маладым людзям, якія прынцыпова размаўляюць толькі на беларускай мове. Я сама нарадзілася ў вёсцы і з маленства чула беларускую мову. І мне сорамна за тое, што я яе дасканала ня ведаю — а значыць, ня ведаю гісторыі й культуры сваёй радзімы. Але ў гэтым ня толькі мая віна.

Хачу сказаць вялікі дзякуй табе, Радыё Свабода, за тое, што з часам, як стала цябе слухаць (а гэта не такі ўжо вялікі тэрмін — гады два), у маёй сьвядомасьці адбыўся пераварот, зьмяніліся многія каштоўнасьці. Таксама на мяне вялікі ўплыў аказала адна выпадковая (хаця я чамусьці ўпэўненая, што не выпадковая) сустрэча.

Мяне падвозіў адзін незнаёмы мне чалавек. З дынаміка даносілася беларускамоўная песьня — адна, потым другая, трэцяя... І ўсе — аб свабодзе. Здаецца, гэта было нешта з рэпэртуару Лявона Вольскага. А над лабавым шклом машыны былі прымацаваныя некалькі значкоў з гербам «Пагоня». Скажаце, што ж тут дзіўнага? Ды справа ў тым, што чалавек гэты быў у міліцэйскай форме. Машына, праўда, была не службовая, а яго асабістая.

...Я ўпэўнена, што менавіта песьнямі аб свабодзе можна хутчэй дастукацца да сэрцаў людзей, абудзіць іх ад сну. Думаю, Радыё Свабода павінна гэта ўлічваць — і даваць у эфіры болей песень — сапраўдных, глыбока кранальных, здольных аб’ядноўваць.

Мікалай Клімовіч, вёска Валеўка, Наваградзкі раён
26.12.2006


Тыя навіны, якія даведаесься ад Свабоды, нідзе больш не пачуеш. Гэта многія людзі ведаюць — і ахвотна вас слухаюць. Але тут ёсьць адна важная акалічнасьць — ня ўсе маюць караткахвалевыя прыймачы. Старыя савецкія ў многіх зламаліся, а знайсьці новыя складана. Дый каштуюць яны надта дорага — пры нашых пэнсіях гэта вялікая раскоша, якую могуць дазволіць сабе нямногія. А так прыемна доўгімі халоднымі зімовымі вечарамі сядзець ля цёплай печы і слухаць голас Свабоды.
2007

«Калі шэрым зімовым днём сыпле густы сьнег, а вецер завывае ў комінах, мне ўспамінаецца бацька і тое, як мы разам слухалі Свабоду»

Васіль Кавалёў, Менск
05.02.2007


Свабоду любяць усе, нават маленькія кузуркі. А тут гвалцяць цэлы народ — а ён маўчыць. Чаму? Няўжо мы так прыцярпеліся да несвабоды?

Вольга Данчанка, Мядзельскі раён
05.10.2007


Халодным восеньскім вечарам, седзячы ля напаленай печы, так міла чуць далёкі і родны голас Свабоды. Адкуль яшчэ ў нас можна даведацца праўдзівыя навіны? Заставайцеся і далей зь людзьмі, расказвайце ўсю праўду, беражыце нашу родную мову. Так мала засталося асяродкаў, дзе яна гучыць.

Андрусь Анцух, вёска Калодзішчы, Менскі раён
24.10.2007


Я просты чалавек, працую на МАЗе ў філіяле аўтобуснага прадпрыемства. Усё сваё жыцьцё таксама змагаюся за свабоду — але крышачку ў іншай, чым вы, сфэры.

Свабода, як я яе разумею, гэта законнасьць, прынцыповасьць, Радзіма, родная мова, незалежнасьць. Мяне на працы нават і называюць Патрыёт, далі такую мянушку. Але яна мяне ня крыўдзіць — наадварот, натхняе на большую актыўнасьць у грамадзкім жыцьці.

Амаль штогод я наведваю «Басовішча». Уражаньні ад яго не перадаць словамі. Вось дзе сапраўдны беларускі народ — вольны й свабодны. Такіх людзей цяпер няшмат, хацелася б, каб іх было больш. Там лунае сапраўдны беларускі дух. Там — лёгка і прыемна.

Яшчэ я стараюся выяжджаць на футбольныя матчы з удзелам беларускіх камандаў — калі гэтыя гульні за мяжой. Натуральна, даводзіцца доўга зьбіраць грошы на такія падарожжы. Калі ўбачыце па тэлевізары бел-чырвона-белы сьцяг на трыбуне, ведайце: гэта я ці мае блізкія сябры.

Цяпер наша краіна ў заняпадзе, гэта вельмі балюча. Але калі зьяўляюцца такія кнігі, як «Імёны Свабоды», дык разумееш, што недарэмна ўсё гэта робіш.

У мяне ёсьць сын, я назваў яго ў гонар нашага вялікага пісьменьніка Янкі Купалы. Выхоўваю яго ў беларускім духу. Яму толькі восем гадоў, але кнігу Ўладзімера Арлова «Адкуль наш род» ён прачытаў зь вялікай цікавасьцю.

Робэрт Багарадаў, Наваполацак
21.12.2007


Да вайны і першыя два гады пасьля вайны бацька працаваў у сваёй Галалобаўскай школе. У 1946 годзе яго выклікалі ў Дрыбінскі аддзел НКВД і прапанавалі быць стукачом — гэта значыць, дакладваць, пра што гавораць настаўнікі і сяляне. Ён не пагадзіўся. Пасьля гэтага яго пачалі пераводзіць зь вёскі ў вёску. Спачатку перавялі ў Карэбы. Калі захацеў пераехаць туды зь сям’ёй — накіравалі ў Дрыбін. Адтуль — у Расну. Так роўна 10 гадоў ён быў у паходах — вымушаны быў штодня хадзіць на працу за многія кілямэтры.

У Расьне ў 1954 годзе ён пачаў слухаць Свабоду і далучыў да яе і мяне. Ужо 54 гады я слухаю Свабоду — я, напэўна, самы даўні ваш слухач.

Тады ж бацька паказаў мне месца, дзе пахаваны сямёра аднавяскоўцаў, расстраляных Дрыбінскім НКВД ва ўласных халодных хацінах. Бацьку не расстралялі і не саслалі на Калыму — яму зрабілі Калыму ў Беларусі. Колькі кілямэтраў ён прайшоў за дзесяць гадоў і ў дождж, і ў траскучы мароз, па пояс у сьнезе. Аднаго разу нават ратаваўся ад ваўкоў на дрэве.

Бацька марыў дажыць да таго часу, калі Беларусь стане незалежнай і свабоднай краінай, калі будзе незалежны суд, а ў газэтах пачнуць пісаць праўду, а не хлусьню і непатрэбшчыну. Але дажыў ён толькі да перабудовы.

Мы, ягоныя нашчадкі, жывем у незалежнай краіне, але ўсяго астатняга яшчэ не хапае.

Гэты ліст я пішу на хутары Мураўішча, што паблізу вёскі Малое Сітна, дзе два гады працаваў стропальшчыкам «палітхімік» Павал Севярынец, пра якога столькі разоў расказвала Беларуская Свабода.

...Ціха на хутары. Толькі зрэдку чуецца пранізьлівы крык сойкі. Хутар з усіх бакоў акружаны лесам. Калі шэрым зімовым днём сыпле густы сьнег, а вецер завывае ў комінах хат і грукоча напалову адарванымі дошкамі і жэрдкамі па сьценах і дахах, мне іншы раз успамінаецца бацька і тое, як мы разам слухалі Свабоду...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG