Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы будуць назіральнікамі на выбарах ва Ўкраіне


На пазачарговых выбарах прэзыдэнта Ўкраіны 25 траўня будзе рэкордная колькасьць міжнародных назіральнікаў — толькі ад АБСЭ прыедуць каля 1000 чалавек. Будуць назіральнікі і зь Беларусі — як ад уладаў, так і ад грамадзянскай супольнасьці.

У беларускім МЗС Радыё Свабода паведамілі, што ад Беларусі накіруюць трох міжнародных назіральнікаў — аднаго па лініі Міжпарлямэнцкай асамблеі АБСЭ і двух па лініі Цэнтравыбаркаму.

Лазавік не баіцца ехаць ва Ўкраіну


У ЦВК паведамілі, што 23 траўня на выбары ў якасьці міжнародных назіральнікаў ва Ўкраіну паедуць сакратар камісіі Мікалай Лазавік і намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Вадзім Іпатаў.
Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Як правіла, мы накіроўваем двух чалавек, радзей аднаго. Гэта зьвязана ня столькі з магчымасьцю прымаючага боку прыняць пэўную колькасьць, колькі з нашымі фінансавымі магчымасьцямі, бо сродкі на камандзіроўкі, як і ў любой арганізацыі, у нас абмежаваныя.Таму, як правіла, больш за двух мы не накіроўваем. А гэтым разам у запрашэньні ад украінскага ЦВК была агаворана колькасьць, якую яны запрашаюць: 2 чалавекі».

Пра тое, ці складаным будзе назіраньне, спадар Лазавік сказаў:

«У цэлым у краіне абстаноўка вельмі напружаная і палітычная, і сацыяльная. У розных рэгіёнах да гэтых выбараў ставяцца па-рознаму. Таму, натуральна, мы ўжо адчуваем, што самім арганізатарам выбараў у гэтых умовах будзе працаваць вельмі складана».

Карэспандэнт: «А вы самі не баіцеся?»

Лазавік: «Ваўка баяцца — у лес не хадзіць. Калі мы едзем у краіну, дзе выбары адбываюцца ў сьвяточных умовах, гэта адны прадчуваньні. Калі мы едзем у краіну, дзе выбары праходзяць ва ўмовах вострых палітычных, сацыяльных і нават ваенных сутыкненьняў, зусім іншыя прадчуваньні. Ну, а страху як такога няма. Нашу бясьпеку гарантуе прымаючы бок».

Місію СНД не запрашалі


Яўген Слабада, начальнік аддзелу па выбарах у выканкаме СНД у Менску, паведаміў, што місію СНД на прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіну не запрашалі. Аднак былі запрашэньні на двухбаковай аснове для краін-сябраў СНД — Беларусі, Азэрбайджану і Ўзбэкістану.

Тым часам у складзе місіі ENEMO (Эўрапейская сетка арганізацыяў, якія займаюцца назіраньнем за выбарамі) як доўгатэрміновы назіральнік ва Ўкраіне ўжо знаходзіцца праваабаронца Павал Сапелка. А на наступным тыдні прадстаўнікі Беларусі паедуць у складзе гэтай місіі на кароткатэрміновае назіраньне.

Беларуская апазыцыя накіруе 30 назіральнікаў

Павал Севярынец
Павал Севярынец
У Беларускім камітэце салідарнасьці з Украінай паведамілі, што каля 30 чалавек спрабуюць трапіць назіральнікамі на выбары. Аднак толькі пасьля 17 траўня будзе вядома пра акрэдытацыю.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец лічыць, што ўзяць удзел у назіраньні для беларусаў важна:

«Легітымнасьць новай улады, якая ставіцца пад пытаньне Расеяй і прарасейскімі сіламі, павінна быць пацьверджаная тымі, хто мае досьвед назіраньня. Зразумела, што гэта выказваньне салідарнасьці з украінскім народам, бо ўкраінскую дзяржаўнасьць спрабуюць разбурыць, зруйнаваць. Удзел у гэтым назіраньні на лёсавызначальных выбарах ва Ўкраіне — гэта і ёсьць спосаб выказваньня такой салідарнасьці, спосаб падтрымкі беларусамі, якія абараняюць сваю напаўразбураную дзяржаўнасьць, спосаб дапамогі ўкраінцам, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG