Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі суд пастанавіў зьнішчыць украінскі сьцяг


Баранавіцкі суд пастанавіў зьнішчыць рэчавыя доказы — нацыянальны сьцяг Украіны і плякат з надпісам «Пуцінскія банд-агрэсары — гець з Украіны! Прэч зь Беларусі!».

Пра гэта гаворыцца ў пастанове суду, якую атрымаў грамадзкі актывіст Уладзімер Гундар. Суд абвінаваціў яго ў арганізацыі і правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў.

Судзьдзя Станіслаў Півавар адмовіўся вярнуць Уладзімеру Гундару дзяржаўны сьцяг Украіны і плякат, бо гэтыя рэчавыя доказы, маўляў, паводле закону павінны застацца ў адміністрацыйнай справе.

У лісьце з суду, які атрымаў актывіст, гаворыцца, што паколькі пастанова суду ад 21 сакавіка адносна адміністрацыйнай справы ўступіла ў сілу, «рэчавыя доказы: нацыянальны сьцяг Украіны і плякат з надпісам „Пуцінскія банд-агрэсары — гець з Украіны! Прэч з Беларусі!“ — зьнішчыць».

Уладзімер Гундар правёў 4 сакавіка ў цэнтры Баранавічаў адзіночны пікет супраць вайны Расеі з Украінай. Ён выйшаў з украінскім сьцягам і плякатам. Пікет цягнуўся каля 10 хвілін.

«Калі мы прымалі ўдзел у сьвяткаваньні ў Баранавічах 90-х угодкаў БНР 25 сакавіка 2008 году, то ў нас міліцыя канфіскавала пяць бел-чырвона-белых сьцягоў, але пасьля суду нам іх вярнулі. Мне вельмі сорамна за такое рашэньне гарадзкога суду, які зьняважыў дзяржаўныя сымбалі нашай братняй Украіны», — сказаў актывіст праваабаронцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG