Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску адкрыецца Музэй рэпрэсій


У Міжнародны дзень музэяў у Бабруйску зьявіцца ўнікальны для Беларусі музэй.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», прапанова стварэньня Музэя рэпрэсій прагучала на вечарыне памяці, якая адбылася летась ў бабруйскім офісе АГП. На 19 траўня яго стваральніца, актывістка Вольга Піманава, заплянавала адкрыцьцё з прэзэнтацыяй сабранага за гэты час матэрыялу.

«Адкрыцьцё вырашылі прымеркаваць да Міжнароднага дня музэяў, — адзначыла Вольга Піманава. — У экспазыцыі ахоплены пэрыяд рэпрэсій, 1920–1950 гады. Я ўзялася за гэтую тэму, бо ў Бабруйску ніхто грунтоўна не займаецца ёй. Нават у краязнаўчым музэі ўсяго адна шыльдачка вісіць. І гэта нягледзячы на тое, што яго заснавальнік і першы дырэктар Цодык Славін быў рэпрэсаваны, загінуў у ГУЛАГу. Таму экспазыцыя прысьвечана ўсім рэпрэсаваным Бабруйшчыны: сьвятарам, культурным дзеячам і простым грамадзянам, якія былі прынесеныя ў ахвяру таталітарызму».

Вольга Піманава нагадвае, што менавіта ў Бабруйску зьявіўся першы на постсавецкай прасторы Музэй ахвяр палітычных рэпрэсій, які стварала і ўзначальвала Ганна Бакач, і які быў гвалтоўна закрыты ўладамі.
«Мы, атрымліваецца, пераемнікі Ганны Бакач. Адзначу, што адзін з сябраў Бабруйскай арганізацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, журналіст Анатоль Санаценка, вельмі дапамог мне ў стварэньні экспазыцыі. На адкрыцьці мы зь ім раскажам гасьцям пра рэпрэсаваных землякоў, пра музэй падрабязьней», — адзначыла Вольга Піманава.

Адкрыцьцё музэя адбудзецца 19 траўня ў 18.00 па адрасе: Бабруйск, вуліца Кастрычніцкая-173 а, офіс АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG