Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі не сустракаў беларускамоўных злодзеяў, махляроў ды ашуканцаў...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Драматычныя падзеі ва Ўкраіне прымусілі многіх у Беларусі задумацца пра лёс беларускай незалежнасьці. Чым большай становіцца пагроза расейскага ўварваньня і грамадзянскай вайны на паўднёвым усходзе Ўкраіны, тым больш у нашай пошце трывожных лістоў на тэму будучыні Беларусі, яе сувэрэнітэту.

З аднаго такога допісу пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, падсумоўваючы вынікі двух дзесяцігодзьдзяў, на працягу якіх краінай кіраваў Аляксандар Лукашэнка, піша:
«Рэжым Лукашэнкі з самага свайго пачатку, з 1994-га году, актыўна эксплюатаваў лёзунгі славянскага братэрства і еднасьці, і яўна жадаў за гэта вечнай «халявы» ад Расеі ў выглядзе нафты, газу і крэдытаў. А цяпер, нечакана для самога сябе дасядзеўся ў гэтым статусе сатэліта да таго, што Крэмль усур’ёз распачаў зьбіраць у імпэрыю свае былыя ўскраіны. І навісла пагроза ўжо над самім Лукашэнкам.

Вось цяпер некаторыя палітолягі (у прыватнасьці, ваш сябар Віталь Портнікаў) прадказваюць, што Расея ў выніку ўкраінскага крызісу аслабее, што яна ўвогуле разваліцца пад непасільным цяжарам выдаткаў, зьвязаных з анэксіяй Крыму і магчымай акупацыяй поўдня і ўсходу Ўкраіны. І вось тады Беларусь, маўляў, расквітнее і стане самадастаткова-незалежнай — кшталту Польшчы ці Літвы. А на маю думку, гэта наіўны ідэалізм, які мае мала агульнага з рэаліямі.

Справа ў тым, што ўвесь дзяржаўны досьвед, які здолела напрацаваць беларуская сыстэма за апошнія 22 гады, — гэта толькі пэрсаналісцкая дыктатура Лукашэнкі, якую ён ствараў і ўмацоўваў пад сябе асабіста. Не было і няма таго цяжкага і неабходнага досьведу фармаваньня нацыі, які здолелі напрацаваць Латвія, Малдова, Украіна. І галоўная бяда — зьявіцца гэтаму досьведу няма адкуль. Яго і ня будзе ў першыя, знакавыя для дзяржавы 25 год незалежнасьці. І гэта можа мець вырашальнае значэньне ў тым выпадку, калі ўсходняя імпэрыя нейкім цудам аслабіць сваю хватку — распадзецца ці будзе ахопленая ўласнымі ўнутранымі канфліктамі. Што тады будзе ўяўляць зь сябе Беларусь? Гэта будзе зусім не дзяржава кшталту Літвы. Хутчэй — нейкае паўночнае Зімбабвэ, Самалі ці Данбас. Згуртаванай нацыі ж — няма. Ніводная палітычная група ня здолее выйграць на выбарах зь пераканаўчай большасьцю. А ўсё таму, што за першую чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці клясычная ўсходнеэўрапейская нацыя ў Беларусі ня склалася. А таму Рэспубліка Беларусь будзе гэткай вечнай папуляцыяй-тэрыторыяй фрагмэнтарна-раздрайных рознанакіраваных вэктараў...».

Сапраўды, спадар Алесь, мінулыя два дзесяцігодзьдзі, на працягу якіх была магчымасьць умацаваць і згуртаваць беларускую нацыю, рэжым Лукашэнкі ў значнай ступені змарнаваў. І толькі цяпер, на тле ўкраінскіх падзеяў, да многіх ідэолягаў і практыкаў рэжыму Лукашэнкі (а выглядае, што і да яго самога) дайшло, наколькі безабароннай аказалася беларуская незалежнасьць, пазбаўленая свайго галоўнага стрыжня — адзінай нацыі, аб’яднанай агульнай мовай, гісторыяй, культурай, гонарам за сваю мінуўшчыну.

Ня варта драматызаваць сытуацыю і сьцьвярджаць, што ўсё беззваротна страчана. Калі на ўзроўні вышэйшага палітычнага кіраўніцтва дзяржавы будзе цьвярозае ўсьведамленьне пагрозаў, якім трэба супрацьстаяць, і мэтаў, да якіх варта імкнуцца, — усё яшчэ магчыма выправіць. Натуральна, на гэта спатрэбяцца ня год і ня два. Але пры наяўнасьці палітычнай волі — і русыфікацыю можна спыніць, і прыпынены працэс нацыяўтварэньня — аднавіць.
✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і аўтар Аляксей Былінскі з Рэчыцы зьвяртае ўвагу на праблему, уласьцівую ўсім беларускім рэгіёнам, — імклівае скарачэньне насельніцтва:
«Чытаю мясцовую газэту. Улады хваляцца: намінальны налічаны сярэдні заробак за два першыя месяцы году павялічыўся больш як на 20 працэнтаў, дасягнуў 5 мільёнаў 350 тысяч рублёў. Лічба ўражвае — асабліва тых, чые заробкі ўдвая, а то і ўтрая ніжэйшыя.

А месяцам раней гэтая ж газэта прывяла лічбы мясцовага ЗАГСа наконт нараджальнасьці і сьмяротнасьці за 2013 год. Дык вось, дзяцей нарадзілася ў раёне 1265. За гэты ж час гэты сьвет пакінулі 1666 чалавек. Такім чынам, сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць на 26 працэнтаў.

Вось я сяджу і думаю. Улады ледзь не штодня нам даводзяць, што заробкі падвышаюцца, жыцьцё паляпшаецца, усё наўкол квітнее...А няўдзячны народ тым часам вымірае значна хутчэй, чым плодзіцца... У чым тут загваздка? Ці не папрасіць нам прэзыдэнта — няхай выдасьць указ наконт рашучага скарачэньня сьмяротнасьці ў дзяржаве. Як вы думаеце? Прэзыдэнцкі ўказ жа ніхто не адважыцца праігнараваць альбо сьвядома ня выканаць».

Ня скажаш, што ўлада ўвогуле абыякавая да дэмаграфічнай праблемы. Але гавораць высокапастаўленыя чыноўнікі галоўным чынам пра тое, што трэба падвышаць нараджальнасьць. Пра скарачэньне сьмяротнасьці нешта ўвогуле не чуваць. Адпаведным чынам пішуцца і ўказы. Грошы на падтрымку шматдзетных сем’яў сяк-так выдаткоўваюцца, заахвочваецца і нараджэньне дзяцей, і іх утрыманьне. А вось ці заклапочана дзяржава падаўжэньнем працягласьці жыцьця? Калі апошні раз зьяўляліся ўказы пра абмежаваньне ці забарону алькаголю ці тытуню? Ці пра падтрымку аховы здароўя для пажылых грамадзянаў? Я такога ўвогуле не прыпомню. Яно з пункту гледжаньня інтарэсаў бюджэту справа зразумелая: якая са старога чалавека карысьць для дзяржаўнай казны — адны выдаткі. Калі пажылыя будуць дажываць да глыбокай старасьці — адкуль браць грошы на пэнсіі? Публічна пра гэта, вядома, ніхто не гаворыць. Але справы ў дадзеным выпадку больш красамоўныя за словы....
✉ ✉ ✉

Пра свой няпросты ўласны шлях да беларускасьці апавядае ў лісьце на свабоду Аляксей Паброў зь Менску. Слухач піша:
«Заўважыў адну цікавую адметнасьць: цяпер па-беларуску размаўляюць пераважна адукаваныя прыстойныя людзі. Ніколі не сустракаў беларускамоўных злодзеяў, махляроў ды ашуканцаў.

Сам я загаварыў па-беларуску, калі нарэшце зразумеў, якая наша мова прыгожая, дакладная і старажытная. У сукупнасьці на гэта паўплываў мой жыцьцёвы досьвед, зацікаўленьне гісторыяй, а таксама беларускамоўныя людзі, якія сустракаліся на жыцьцёвай дарозе. Напрыклад, вялікі ўплыў аказаў настаўнік у гімназіі, які выкладаў свае прадметы на мове. Дапамагае таксама адзін мой калега, зь якім я гутару па-беларуску.

Вельмі ўразіла падабенства беларускай мовы да польскай і ўкраінскай. А зьдзівіла тое, наколькі дрэнна разумеюць гэтыя народы ды іхныя мовы расейцы. Але пры гэтым навязьліва лічаць сябе „старэйшымі братамі“.

Увогуле, лічу, што размаўляць на чужой мове — гэта хлусіць самому сабе. Можа, таму хлусьня так лёгка пракралася ва ўсе сфэры нашага жыцьця?

Пакуль што размаўляць па-беларуску выпадае галоўным чынам на працы і дома. Са староньнімі на вуліцы не заўсёды тое атрымліваецца.

А ўвогуле, мова ў розных жыцьцёвых сытуацыях дапамагае сустрэць цікавых людзей, добра пагутарыць, паразумецца, пажартаваць...».

Сапраўды, спадар Аляксей, за мінулыя дзесяцігодзьдзі аблічча тыповага носьбіта беларускай мовы кардынальна зьмянілася. Калі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя гэта быў вясковы жыхар, пераважна сярэдняга ці сталага веку, з Заходняй ці Цэнтральнай Беларусі, хутчэй за ўсё — зь невысокім узроўнем адукацыі. А сёньня гэта хутчэй за ўсё — малады адукаваны гараджанін, нацыянальна сьвядомы, які прыйшоў да мовы ў выніку няпростай духоўнай эвалюцыі... Іншая справа, наколькі вялікая сёньня гэта сацыяльная група.
✉ ✉ ✉

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга і адданага сябра Мікалая Куксо з Івянца Валожынскага раёна. Распавядаючы пра месца Радыё Свабода ў сваім жыцьці, спадар Мікалай піша:
«Слухаць Радыё Свабода ў нас у Івянцы за часамі Савецкага Саюзу было амаль немагчыма: на частотах вашай станцыі стаялі страшэнны гул і грукат. Казалі, глушылкі стаялі недзе зусім побач — у вайсковай частцы ў Валожыне. А вось далей ад Валожына ды Івянца — у Налібоцкай пушчы — прыём быў неблагі.

Нармальна слухаць Свабоду стала магчыма толькі пасьля распаду Савецкага Саюзу. З таго часу мы з жонкай штодня а шостай гадзіне вечара ўключаем прымач і настройваемся на любімую станцыю. А апошнім часам слухаем без аніякіх перашкодаў, бо набылі спадарожнікавую антэну.

Паступова са звычайнага слухача я ператварыўся ў сябра Свабоды — праз тэлефонныя званкі і лісты ў рэдакцыю. Так, калі ў Кобрыне хацелі надаць царкве імя Аляксандра Суворава, то я зьвярнуўся праз радыё з заклікам да сьвятароў успомніць запаведзь „Не забі!“, наколькі яна дапасуецца да асобы гэтага расейскага военачальніка. І што вы думаеце — ад такога намеру царкоўныя ўлады ўрэшце адмовіліся. Так што мы перамаглі!

А яшчэ аднаго разу ў сваім тэлефанаваньні я сказаў: „Уся Беларусь у турме. Дастаткова двум міліцыянтам скласьці пратакол, і ты — у турме“. І гэта маё выказваньне ня раз гучала па Свабодзе. Напэўна, таму, што яно даволі дакладна характарызуе Лукашэнкаў рэжым — прыкладна гэтак жа, як словы Алеся Пушкіна, які назваў гэты рэжым „калгасным фашызмам“... Лічу, што такія тэлефанаваньні на Свабоду вельмі патрэбныя, бо клічуць людзей да добрых спраў і да грамадзянскай актыўнасьці».

Дзякуй, спадар Мікалай, Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.


Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG