Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славянску захапілі журналістаў ICTV


Здымачную групу тэлеканалу ICTV на адным з блёкпастоў Славянску спынілі сэпаратысты. Яны сканфіскавалі тэхніку і паланілі журналістаў.

Як апавядаюць журналісты, першае аўто здымачнай групы, на якім не было ніякай сымболікі альбо брэндавых знакаў, прапусьцілі праз блёкпост, аднак другую машну абшукалі і знайшлі схаваную тэлевізійную тэхніку і дакумэнты на аўто ад імя ICTV.

«Калі яны даведаліся, што мы журналісты ICTV, пачалі дзейнічаць жорстка. Пасьля фраз кшталту „ўкраінскія журналісты — усё фашысты“, „нарэшце ж вы нам трапіліся“ нашы аргумэнты, што мы толькі хочам зафіксаваць падзеі, былі марнымі», — апавяла УНІАН шэф-рэдактарка Ірына Саломка.

Пад пагрозай расстрэлу журналістаў паставілі ў шэраг. Зь імі размаўляў камандзір групы баевікоў па мянушцы Рысь. Ён загадаў адправіць аўто на штраф-пляцоўку для ператрусу.

«Пачаўся ператрус асабістых рэчаў. Шукалі ў гаманцах, праглядалі фота, відэа, паведамленьні, а калі знаходзілі фота з Майдану, казалі:» За гэтую адну фатаграфію я цябе расстраляў бы!«. Размаўляць зь імі было бесэнсоўна, у адказ мы чулі толькі «вы, майданутыя, ніколі не паставіце Данбас на калені», «вы ўсё прадажныя», — кажа Саломка.

Калі яна паспрабавала растлумачыць баевікам, што яны ня маюць права затрымліваць журналістаў, ёй заклеілі рот скотчам.

У журналістаў канфіскавалі дзьве вялікія камэры, дзьве маленькія ручныя, два ноўтбукі й асабісты фотаапарат рэжысэра. Потым увагу баевікоў прыцягнуў джып, які пад’ехаў да КПП зь сьцягам Украіны на лабавым шкле.

«Мы да гэтага часу ня ведаем, хто быў у той машыне. Кіроўцу надзелі кайданкі, не давалі патэлефанаваць, а потым апранулі на галаву пакет, заматалі галаву скотчам і запіхнулі ў машыну. З нашай тэхнікай яго павезьлі ў памяшканьне захопленага СБУ», — апавядае шэф-рэдактарка ICTV.

«Камандзір патлумачыў: «Мне трапілася буйная рыба. Я б вас арыштаваў, і вам пашанцавала, што вас шмат, а ў мяне ўжо ўсе сутарэньні», — узгадвае журналістка.

Здымачную групу прымусілі сесьці ў аўто і паехаць у процілеглым кірунку. На просьбы журналістаў вярнуць тэхніку сэпаратысты прыгразілі, што будуць страляць па колах, калі тыя неадкладна ня зьедуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG