Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьмяніў тон у выказваньнях пра Ўкраіну


Аляксандар Лукашэнка
Падзеі ва Ўкраіне пацьвярджаюць правільнасьць прынятага некалькі гадоў таму рашэньня аб стварэньні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, заявіў сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Маскве з кіраўнікамі Расеі, Армэніі, Кіргізстану і Таджыкістану.

«Тое, што мы сёньня сабраліся ў Маскве напярэдадні Вялікай Перамогі – гэта сымбалічна. І ня дай Бог, нешта здарыцца, мы павінны будзем устаць сьпінай да сьпіны, як кажуць вайскоўцы, і абараніць наш сувэрэнітэт і незалежнасьць» – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна не баяцца санкцый з боку Захаду. «Яны пайшлі на санкцыі, на эскаляцыю напружанасьці, але пакуль, што важна і небясьпечна, праз эканоміку і фінансы» – сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго, Расеі і яе бліжэйшым суседзям «трэба проста мабілізавацца». «Мы гэтыя санкцыі перажываем ужо не адзін дзясятак гадоў, і ведаем, што такое санкцыі, да чаго яны могуць прывесьці. Мы ў любой сытуацыі выстаім» – упэўнены Лукашэнка.

«Вы, Уладзімер Уладзімеравіч, павінны ведаць, што мы будзем побач плячо да пляча. Я гэта кажу не таму, што мы выступаем перад СМІ. У нас няма іншага выйсьця, як быць разам. Паасобку будзе тое, што ва Ўкраіне» – сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён параўнаў трагічныя падзеі 2 траўня ў Адэсе, калі ў доме прафсаюзаў згарэлі некалькі дзясяткаў чалавек, зь беларускай вёскай Хатынь, спаленай у гады Другой сусьветнай вайны.

«Падзеі, якія адбыліся ва Ўкраіне, не дазваляюць нам сядзець у баку. Падзеі ў Адэсе прыводзяць нас да нядобрых паралеляў. Мы памятаем Хатынь, калі некалькі сотняў вёсак на тэрыторыі Беларусі былі спаленыя фашыстамі» – сказаў Лукашэнка.

«Мы ня можам спакойна на гэта глядзець, таму што там нашы людзі, яны заклікаюць аб дапамозе і патрабуюць рэагаваньня на такія рэчы», – дадаў ён.

Пры гэтым, падкрэсьліў Лукашэнка, «насьцярожвае неадэкватнае абсалютна рэагаваньне з боку нашых, калі іх так можна назваць, заходніх партнэраў. Проста дзіўна: у адной сытуацыі гэта нельга, у іншай сытуацыі – можна і заахвочваецца».

Сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт падзеяў ва Ўкраіне паказваюць, што ён памяняў сваю пазыцыю і ўсё бліжэй схіляецца да Масквы, — адзначае ў камэнтары Свабодзе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Я, шчыра кажучы, быў упэўнены, — раней ці пазьней ён вымушаны будзе адмовіцца ад той пазыцыі. Яна наўрад ці задавальняла Расею. І ціск на кіраўніка Беларусі з Масквы рабіўся. Магчыма, Адэса — гэта толькі прыкрыцьцё, гэта такая спроба зрабіць добры выгляд пры дрэннай гульні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG