Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у прыярытэтах рупара Мінабароны Расеі


На тэрыторыі Беларусі пачынае вяшчаньне тэлеканал «Звезда», які ўваходзіць у мэдыяхолдынг Міністэрства абароны Расеі.

«У якасьці прыярытэтнага напрамку разьвіцьця тэлевізійнага вяшчаньня мы вызначылі Беларусь. Гэта зьвязана з наяўнасьцю Саюзнай дзяржавы, адзіных мэтаў стратэгічнага партнэрства», — заявіў старшыня рады дырэктараў творчага аб’яднаньня «Красная звезда» Аляксандар Арлоў.

Як паведаміў дырэктар тэлеканалу «Звезда» Ільля Астахаў, праграмны кантэнт каналу можна ўмоўна падзяліць на тры блёкі — навіны, дакумэнтальныя фільмы і кінапаказы. «Найбольш блізкі „Звезде“ па структуры сваёй аўдыторыі тэлеканал НТВ, — цытуе Астахава БелаПАН. — Мы арыентуемся на мужчын — самастойных, працоўных, гараджанаў, патрыётаў сваёй краіны».

Мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі лічыць гэтую падзею зьвязанай зь цяперашняй агрэсіўнай палітыкай Крамля:

«Ужо шмат гадоў у кантэксьце „братняй інтэграцыі“ ідзе стварэньне „адзінай інфармацыйнай прасторы саюзнай дзяржавы“. Да пары да часу беларускае кіраўніцтва нават спрабавала станавіцца ў позу. Я памятаю, як Аляксандар Лукашэнка ставіў пытаньне рубам — чаму беларускія каналы не трапляюць у пакеты апэратараў у Маскве... Але сёньня сытуацыя перакулілася з дакладнасьцю да наадварот. Мы бачым, што на галовы беларусаў абрынаецца масіў вялікадзяржаўнай шавіністычнай прапаганды. І сацыялёгія пакавае, што гэтая прапаганда робіць сваю справу — рэакцыі на ўкраінскія падзеі шмат у каго зь беларусаў прарасейскія».

«Таму я думаю, што сёньня зьяўленьне каналу, мілітарызаванага па сваёй тэматыцы, абсалютна недарэчы. Але беларускае кіраўніцтва ня можа тут нічога зрабіць, бо яно ў пастцы братняй інтэграцыі. Пастаў цяпер нейкія бар’еры на шляху гэтага каналу ці пачні жорстка фільтраваць іншыя расейскія каналы — адразу пачнецца гвалт, што тут заціскаюць расейскамоўных, што гэта нож у сьпіну, што гэта здрада хаўрусьнікаў», — кажа Класкоўскі.


Наша даведка: Вайсковыя тэлеканалы ў іншых краінах сьвету

1. The Pentagon Channel (TPC) – афіцыйны канал Міністэрства абароны ЗША, перадае кругласутачна вайсковыя навіны і інфармацыю для 2,6 мільёна прадстаўнікоў узброеных сіл ЗША. Шырока даступны ў кабэльным тэлебачаньні ЗША, яго могуць глядзець адкрыта ў некаторых эўрапейскіх краінах, Афрыцы, Амэрыцы і большасьці краінаў Азіі праз спадарожнік, ён таксама даступны для прагляду па ўсім сьвеце праз інтэрнэт.

2. American Heroes Channel (AHC) – амэрыканскі і канадзкі кабэльны і спадарожнікавы тэлеканал, які перадае праграмы, зьвязаныя з вайсковай і ваеннай гісторыяй. Прымаецца 62 мільёнамі амэрыканскіх сем’яў. Раней вядомы пад назвамі Military Channel і Discovery Wings Channel.

3. Military History – амэрыканскі тэлеканал, прысьвечаны вайсковай і ваеннай гісторыі, які засяроджвае сваю ўвагу на ІІ сусьветнай вайне, яе бітвах, генэралах, салдатах і шпіёнах. У Вялікабрытаніі і Ірляндыі праграмы гэтага тэлеканалу ідуць пад брэндам сястрынага тэлеканалу H2.

4. American Forces Network (AFN) – назва радыё- і тэлеканалу, падпарадкаванага Міністэрству абароны ЗША, які вяшчае для амэрыканскіх вайскоўцаў за мяжою і ў ваенным флёце ды іхных сем’яў.

5. CCTV-7 – кітайскі канал наземнага тэлебачаньня, які перадае сумесь сельскагаспадарчых і вайсковых праграмаў, даступных таксама ў кабэльным распаўсюдзе. Вяшчае 18 гадзін у суткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG