«Уладзімер Уладзімеравіч, гандляваць паветрам неяк не да твару Вам, як прэзыдэнту вялікай краіны», — сказаў Яцанюк пасьля выязнога пасяджэньня ўрада ў Харкаве.
«Тое, што Расея просіць перанесьці нейкі рэфэрэндум 11 траўня, дык трэба праінфармаваць расейскага прэзыдэнта, што 11 чысла ва Ўкраіне ніякі рэфэрэндум не быў заплянаваны. А калі тэрарысты і сэпаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, атрымалі каманду перанесьці тое, што не плянавалася, так гэта іх унутраныя разборкі», — адзначыў кіраўнік украінскага ўрада.
Прэм’ер-міністар таксама выказаў зьдзіўленьне, што «ўкраінскае пытаньне» актыўна абмяркоўвалася на сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Швайцарыі Ўладзімера Пуціна і Дыдзье Булгхалтэра без прадстаўнікоў Кіева:
«Я быў трохі зьдзіўлены тым, што ў Маскве абмяркоўваецца пытаньне Ўкраіны без Украіны, без ЗША і ЭЗ, паколькі менавіта ў гэтым фармаце адбылася першая сустрэча ў Жэнэве, і менавіта ад выкананьня гэтых пагадненьняў адмовілася Расейская Фэдэрацыя».
Акрамя таго, Яцанюк спадзяецца, што АБСЭ падтрымае «дарожную мапу» па выхадзе з украінскага крызысу, прапанаваную афіцыйным Кіевам і якая «істотна адрозьніваецца ад таго, што было заяўлена ў Маскве».
«Асноўнае адрозьненьне ў тым, што наша мэта — рэальная стабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне, якая зьвязана толькі з адным — пазыцыяй Расейскай Фэдэрацыі. Калі Расея адклікае свае дывэрсійныя групы, спыняе іх падтрымліваць і фінансаваць, адводзіць войскі, тады сытуацыя ва Ўкраіне будзе стабілізаваная», — адзначыў прэм’ер-міністар Украіны.