Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ЗША афіцыйнаму Менску: Адпусьціце Лазара


Беларускія ўлады асабліва варожа ставяцца да рэлігійных групаў, якія разглядаюцца імі ў якасьці палітычных апанэнтаў, такіх як пратэстанты, і строга кантралююць замежных грамадзянаў, у тым ліку каталіцкіх сьвятароў.

Такая выснова адносна Беларусі ўтрымліваецца ў сёлетняй справаздачы Камісіі ЗША па пытаньнях міжнароднай рэлігійнай свабоды.

У справаздачы адзначаецца, сярод іншага:

«Цэнтральнае месца ў сетцы, якая абмяжоўвае свабоду рэлігійнага жыцьця, займае закон аб рэлігіі 2002 году, які патрабуе абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі ўсіх рэлігійных суполак і вызначае геаграфічныя абмежаваньні рэлігійнай дзейнасьці. Рэлігійныя сустрэчы ў прыватных дамах не павінны быць рэгулярнымі ці колькасна вялікімі. Адкрыцьцё малітоўных дамоў і публічнае выконваньне любых рэлігійных абрадаў адбываецца толькі з дазволу дзяржавы, а гэты дазвол рэдка даюць суполкам, якія ня цешацца афіцыйнай прыхільнасьцю, асабліва пратэстантам. Праваслаўныя і каталіцкія супольнасьці гэта закранае ў меншай ступені, перш за ўсё таму, што стаўленьне дзяржавы да іх больш станоўчае, але таксама таму, што яны ў большай ступені валодаюць гістарычнымі рэлігійнымі аб’ектамі. Незарэгістраваная рэлігійная дзейнасьць, як правіла, разглядаецца як адміністрацыйнае правапарушэньне і караецца штрафам. Паколькі рэгістрацыя абавязковая, у законе аб рэлігіі няма ніякіх запісаў адносна тых, хто не жадае рэгістравацца, як, прыкладам, баптысты».

Справаздача Камісіі ЗША па пытаньнях міжнароднай рэлігійнай свабоды згадвае справу крымінальнага перасьледу каталіцкага сьвятара Ўладзіслава Лазара, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў шпіянажы, і заканчваецца рэкамэндацыяй, каб урад ЗША патрабаваў зьняцьця гэтага абвінавачаньня з ксяндза Лазара.

Камісія ЗША па пытаньнях міжнароднай рэлігійнай свабоды складаецца з 10 сяброў, якія прызначаюцца прэзыдэнтам ЗША і лідэрамі Сэнату і Палаты прадстаўнікоў ЗША на двухпартыйнай аснове. Яе асноўнае заданьне — маніторынг рэлігійнага жыцьця на сьвеце і складаньне штогадовых справаздачаў ураду ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG