Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыкмеце


Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

Старшыню суполкі Свабоднага прафсаюзу адмовіліся прыняць у арганізацыю вэтэранаў працы.

Віктара Стукава — які працаваў на ААТ «Полацак-Шкловалакно», быў звольнены, але дагэтуль кіруе суполкай Свабоднага прафсаюзу — адмовіліся прыняць у грамадзкую арганізацыю вэтэранаў вайны і працы, якая існуе на прадпрыемстве.

Паводле Віктара Стукава, ганаровы сябра рады вэтэранскай арганізацыі Раман Прыбышчук заявіў, што ў прадстаўніка непраўладнага прафсаюзу «няма маральнага права» быць чальцом гэтай арганізацыі:

«Звычайна ў вэтэранскую арганізацыю прымаюць работнікаў прадпрыемства, якія выйшлі на пэнсію, у каго дастаткова працоўнага стажу, і робіцца гэта проста па вуснай заяве ахвотнага. Я таксама абвясьціў пра сваё жаданьне, падлічылі мой стаж — ён складае больш за 30 гадоў, і нават узялі гадавыя складкі памерам 2% ад месячнай пэнсіі. Мяне нават павіншавалі з уступленьнем у грамадзкую арганізацыю. Але праз тыдзень раздаўся тэлефонны званок: мяне папрасілі падысьці яшчэ раз, каб пералічыць стаж. Пералічылі і яшчэ раз павіншавалі. Аднак яшчэ праз тыдзень старшыня вэтэранаў патэлефанавала і сказала, што мяне можа прыняць толькі рада арганізацыі. Выпадак нечуваны: дагэтуль усіх прымалі па-простаму, а для мяне раптам такі гонар. Адразу стала зразумелым: ня прымуць».

На сходзе прысутнічалі 19 чальцоў рады вэтэранскай арганізацыі і прадстаўнік адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно», начальнік аддзелу кадраў Юры Краўчанка. Апрача Віктара Стукава, было і яшчэ трое кандыдатаў-пэнсіянэраў. Іх тут жа паказальна прынялі і павіншавалі, працягвае актывіст Свабоднага прафсаюзу:

«Калі чарга дайшла да мяне, старшыня рады вэтэранаў Вера Дзьмітрыева зачытала зьвесткі пра маё звальненьне і зрабіла выснову, што мяне нельга прыняць у арганізацыю. Выступіў ганаровы сябра рады Раман Прыбышчук, сказаўшы, што ў мяне няма маральнага права быць чальцом вэтэранскай арганізацыі. Яшчэ адна прадстаўніца арганізацыі наўпрост запыталася: „Калі мы вас прымем, а потым запросім на сустрэчу з моладзьдзю, вы будзеце агітаваць за ўступленьне ў Свабодны прафсаюз?“ Я адказаў шчыра: што буду апавядаць пра дзейнасьць нашай прафсаюзнай суполкі і нашы памкненьні абараняць правы працоўных. У выніку трое прагаласавалі за маё ўступленьне ў арганізацыю вэтэранаў, а 16 — супраць».

На думку Віктара Стукава, адмова рады арганізацыі дый сам факт «ускладненай працэдуры» прыёму — рэчы вельмі паказальныя:

«Гэта адлюстраваньне нэгатыўнага стаўленьня да наяўнасьці „пярвічкі“ СПБ на прадпрыемстве. З гэтай самай прычыны ў сакавіку 2013 году мяне звольнілі. Фармальна — за парушэньне патрабаваньняў аховы працы: ня ўвесь час працаваў у акулярах. Яны нязручныя, і большасьць работнікаў працуе бязь іх, але звольнілі менавіта мяне. Прычым спробаў звальненьня і да таго было некалькі, але ранейшыя не ўдаваліся».

Сваё звальненьне з пасады апэратара ў цэху № 7 ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў спрабаваў аспрэчыць у судовых інстанцыях, але беспасьпяхова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG