Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Славянску, Горлаўкі і Марыюпаля ў трывозе


У горадзе Славянску Данецкай вобласьці, захопленым узброенымі прарасейскімі сэпаратыстамі, пачалася актыўная фаза антытэрарыстачнай апэрацыі, войскі штурмуюць пазыцыі баевікоў.

Тым часам у Горлаўцы пахавалі закатаванага баевікамі дэпутата гарсавету, у Марыюпалі ад сэпаратыстаў вызвалілі будынак мэрыі.

Сёньня ў Горлаўцы пахавалі закатаванага дэпутата Горлаўскага гарадзкога савету ад партыі «Бацькаўшчына» Ўладзімера Рыбака.

Жыхарка Горлаўкі Натальля Гура была на пахаваньні Ўладзімера Іванавіча.

Яна сказала Радыё Свабода, што на разьвітаньні было шмат людзей, аднак найбольш яе ўразіла вялікая колькасьць журналістаў, якія асьвятлялі жалобнае мерапрыемства:
«Апроч родных і блізкіх Уладзімера Іванавіча, шараговых жыхароў Горлаўкі і журналістаў, былі таксама прадстаўнікі дэпутацкага корпусу ад розных партыяў. Як гэты выпадак паўплываў на нас? Тут нельга сказаць, што ён глябальна зьмяніў паводзіны людзей, таму што ўжо даволі працяглы час людзі не рызыкуюць без патрэбы хадзіць па горадзе, гуляць у цэнтры. Таксама стала менш удзельнікаў мітынгаў — людзі сталі баяцца паказваць сваю цікавасьць да палітыкі ці прыхільнасьць да таго ці іншага боку. Яшчэ я заўважыла, што ўсе навінныя сайты гораду адключылі функцыю камэнтаваньня, каб пазьбегнуць правакацыяў. Разам з тым ніхто не адмяняў сацыяльных сетак. Сярод іншага, вядома, там абмяркоўваюць выпадак з Уладзімерам Іванавічам, а таксама тое, што ў нас зьніклі некалькі журналістаў, і тое, што нядаўна спрабавалі выкрасьці жанчыну, якая была разам з Уладзімерам Рыбаком на ягоным апошнім мітынгу. Учора на прэс-канфэрэнцыі ўдава закатаванага дэпутата сказала, што з адным зь яго блізкіх людзей ужо немагчыма зьвязацца. Яна сказала, што ня ўпэўненая, ці заўтра з гэтымі людзьмі ўсё будзе ў парадку», — сказала гарлаўчанка Натальля Гура.

Уладзімер Рыбак быў вядомы ў горадзе ня толькі як актыўны праціўнік мэра Горлаўкі Яўгена Клепы і крытык ягонай дзейнасьці, асабліва ў частцы карупцыйных схемаў, але і як шчыры патрыёт Украіны — ён ня раз, нягледзячы на шматлікія пагрозы, здымаў з адміністрацыйных будынкаў расейскія сьцягі.
«Вельмі крыўдна, што такое адбываецца ў нашым горадзе. Уладзімер Іванавіч быў чалавекам з пазыцыяй, быў вельмі эмацыйны і шчыры, ён не баяўся выказваць тое, што думаў. Такога чалавека можна з усёй упэўненасьцю назваць патрыётам, ён неаднаразова здымаў сьцягі Расеі ці так званай „Данецкай народнай рэспублікі“ з адміністрацыйных будынкаў гораду. Трэба мець сьмеласьць і трэба сапраўды любіць свой горад і сваю краіну, каб пайсьці на такое, нягледзячы на мноства пагрозаў. Мне сёньня горка і балюча ад таго, што наш горад страціў такога дэпутата, а Ўкраіна — такога патрыёта. Я бачыла на пахаваньні яго 13-гадовую дачку. Мала што можа быць страшней за тое гора, калі дзіця плача па сваім бацьку, які памёр такі малады і такой страшнай сьмерцю», — дадала гарлаўчанка.

Тым часам у іншым горадзе Данецкай вобласьці — Марыюпалі — жыхары таксама адзначаюць, што асьцерагаюцца выходзіць на вуліцу.
«Сёньня паміж 3 і 4 гадзінамі ночы ў захоплены будынак мэрыі ўварваліся 30 узброеных бітамі маладых людзей і сталі зьбіваць тых, хто знаходзіўся ў будынку — гэта значыць, захопнікаў. У выніку сутычкі 5 чалавек атрымалі нецяжкія траўмы — сінякі, задзірыны, траўмы галавы. У сутычку ўмяшалася міліцыя, аднак хто гэтыя людзі, пакуль невядома. Супраць іх адкрытая крымінальная вытворчасьць за нанясеньне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў захопнікам мэрыі. Ідзе расьсьледаваньне. Але будынак ня вызвалены, проста ў сувязі з падзеямі ачэплены супрацоўнікамі міліцыі. Зараз вядуцца перамовы, падчас якіх захопнікаў просяць вызваліць памяшканьні, але дазваляюць пакінуць ім два пакоі, каб яны маглі там працаваць. Пакуль невядома, ці згодныя яны», — паведаміла Радыё Свабода жыхарка Марыюпалю Ганна Працкова.
«Жыхары Марыюпаля сталі баяцца выходзіць на вуліцу. Гэта пачалося пасьля штурму вайсковай часьці з 16 на 17 красавіка, калі спачатку былі выкарыстаныя папераджальныя стрэлы, а пасьля стралялі на паражэньне, таму што захопнікі зайшлі на тэрыторыю воінскай часьці і патрабавалі аддаць зброю. Пасьля гэтага над Марыюпалем лёталі рэактыўныя самалёты, якія моцна напалохалі жыхароў, на вуліцах стала менш людзей, цэнтральныя вуліцы практычна пустыя. Нягледзячы на добрае надвор’е, людзі не выходзяць па вечарах», — сказала Ганна Працкова.

Жыхарка Марыюпалю кажа, што нягледзячы на розныя погляды гараджанаў — нехта выступае за адзіную Ўкраіну, частка падтрымлівае захопнікаў і «Данецкую народную рэспубліку», — большасьць марыўпальцаў за мір, спакой і мірнае разьвязаньне сытуацыі.
«Нават тыя, хто мае прарасейскія погляды, ня хочуць перастрэлак і ахвяраў. Але якім чынам сытуацыя можа вырашыцца, ніхто ня ведае, таму што ніколі раней такога не было. Цяпер гэта нейкі шок, кожны дзень адбываюцца падзеі, якіх мы ніколі раней ня бачылі», — дадала жанчына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG